Польшча. «Пана Тадэвуша» выкінулі са школьных праграм

Міністэрства народнай асветы Польшчы, якім кіруе Крысціна Шумілас, прыняло рашэнне аб рэформе школьнай праграмы па вывучэнні польскай літаратуры. У тым ліку вырашана, што ў гімназіях (сярэднія школы) больш не будуць вывучаць паэму Міцкевіча «Пан Тадэвуш» і славутую трылогію Генрыха Сянкевіча (раманы «Патоп», «Агнём і мячом» і «Пан Валадыёўскі»).



Крысціна Шумілас


З гэтымі творамі дзеці будуць знаёміцца ў ліцэях — гуманітарных адукацыйных установах для старэйшых вучняў. Такім чынам, навучэнцы тэхнічных школ (іх, дарэчы, у Польшчы большасць) пра прыгоды пана Валадыёўскага не даведаюцца. Нічога дзіўнага, што змены ў падручніках раззлавалі правы палітыкум.

Правыя пабачылі ў рашэннях Мінадукацыі ледзь не бомбу, закладзеную пад фармаванне духу польскасці сярод моладзі. «Гэтая палітычная група, якая кіруе «Грамадзянскай платформай» (урадавая партыя ў Польшчы), трымаецца вельмі прымітыўных поглядаў на сучаснасць. Яны думаюць, чым менш польскасці, тым лепш нам будзе ў Еўропе», — піша правая прэса.

Па словах аднаго з лідараў кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS), рэформа задуманая для таго, каб прасунуць у школьную праграму па літаратуры розных авангардыстаў, накшталт пісьменніка Гамбровіча, які ў сваіх творах высмейваў польскія патрыятычныя забабоны. На яго думку, пастанова пані Шумілас не спадабаецца шматлікім бацькам і павялічыць рэйтынг PiS як мінімум на тры працэнты. 

Каментаваць