Польшча. Ветэраны «Салідарнасці» супраць Камароўскага

Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі моцна пасварыўся з былымі дысідэнтамі, якія стаялі ў вытокаў славутай «Салідарнасці». Прычынай стаў прысуд былому актывісту «Салідарнасці» Петру Ікановічу.



Ікановіча асудзілі на тры месяцы турмы за бойку ў 2000 годзе падчас прафсаюзнага пікета (Ікановіч дасюль вельмі актыўны ў польскім прафсаюзным і левым руху). Непасрэдна Ікановіч абвінавацілі ў тым, што ён збіў чыноўніка.

У адказ група былых актывістаў «Салідарнасці» звярнулася з адкрытым лістом да прэзідэнта. На думку падпісантаў, «часы, калі грамадская дзейнасць цягнула за сабой пагрозу турмы, павінны назаўсёды застацца ў мінулым».

Камароўскі (дарэчы, таксама дзеяч антыкамуністычнага падполля, хаця і не такі славуты) вырашыў напісаць ліст у адказ. На яго думку, дысідэнты папросту клапоцяцца пра свайго знаёмага, а Ікановіч у дадзеным выпадку, на жаль, з’яўляецца злачынцам, які павінен панесці пакаранне. Камароўскі гатовы падтрымаць ідэю амністыі для Ікановіча, калі ён звернецца ў адпаведную інстанцыю.

Адказ Камароўскага спрыяў яшчэ большай эскалацыі канфлікту. На думку Ікановіча (ён пакуль на свабодзе), польскі гарант не разумее значэння гэтай справы для польскага грамадства. Пікет, падчас якога адбылася бойка, быў выкліканая рашэннем таго самага збітага чыноўніка — у прымусовым парадку выселіць двух хворых пенсіянераў з кватэры за камунальныя даўгі.

Паводле польскай прэсы

Каментаваць