Еўравыбары: Польскі Жырыноўскі

Адрадзіць у Польшчы манархію, ператварыць будынак Еўрапейскай камісіі ў бардэль, пакончыць з усеагульным выбарчым правам. Януш Корвін-Міке, палітык, які ідзе на еўравыбары з падобнай праграмай, мае някепскія шансы на перамогу.



Калі нічога не зменіцца, то ўжо на наступным тыдні Еўрапейскі парламент папоўніцца дэпутатамі ад партыі Кангрэс новых правых (КNP), чый лідар агучвае згаданыя вышэй лозунгі. Адпаведна апошнім апытанням, рэйтынг КNP — 4–6 працэнтаў, што дазваляе Янушу, якому, дарэчы, 72 гады, аптымістычна глядзець у будучыню. Нават калі 5 працэнтаў, неабходных для праходу ў Еўрапарламент, ён не атрымае, усім зразумела, што на палітычным полі польскі Жырыноўскі (так яго празвалі ў прэсе) на нейкі час застанецца.

З’яўленне КNP у топах самых папулярных польскіх партый можна лічыць і сенсацыяй, і лагічнай з’явай. Еўраскептыцызм даўно быў уласцівы польскім палітыкам. Аднак ніхто ніколі не думаў, што еўраскептыцызм у Польшчы будзе мець такі фармат. У адрозненні ад еўраскептыкаў іншых краін Еўропы, еўраскептыцызм Корвіна-Міке замешаны на агрэсіўнай і правакацыйнай рыторыцы, што робіць яго чымсьці падобным на расійскага Уладзіміра Жырыноўскага.

Жырыноўскага і Корвіна-Міке аб’ядноўвае не толькі стыль, аднак і агульныя погляды, напрыклад, на ўкраінскі крызіс. Лідар KNP згодны з Жырыноўскім наконт таго, што баевікоў Майдану рыхтавалі ў Польшчы. Ён лічыць Януковіча легальным прэзідэнтам і падтрымлівае анексію Крыму. Палітык таксама падзяляе нейкія тэзісы афіцыйнай расійскай гістарыяграфіі. Напрыклад, лічыць Варшаўскае паўстанне 1944 года «праявай крытынізму». З гэтай нагоды «Gazeta Wyborcza» піша, што з’яўленне Корвіна-Міке з яго прапуцінскімі настроямі ў еўрапейскім парламенце было б рэалізацыяй самых буйных фантазій расійскага пасольства ў Варшаве.

Цікава, што хаця ў часы савецкай Польшчы Корвін-Міке быў сярод наменклатуры, палякі яго ведаюць як шалёнага антыкамуніста. Гэта ён на пачатку 1990-х гадоў праштурхнуў такі жорсткі закон аб люстрацыях, што ўрад у выніку падаў у адстаўку, а сам парламент прыйшлося распусціць. Пасля гэтага Корвін-Міке спрабаваў беспаспяхова балатавацца ў прэзідэнты, або шукаў месца пад сонцам у правых партыях. Прыкладна пяць год таму ён скалаціў той самы КNP, на які доўгі час ніхто не звяртаў увагі.

Але прыкладна з сакавіка сацыёлагі фіксуюць інтарэс палякаў да яго персоны. Часам гэта насіла кур’ёзны характар. Так, у адной са школ вучні калектыўна адмовіліся глядзець фільм пра катастрофу пад Смаленскам, надаўшы перавагу фільму пра Корвіна-Міке.

На думку некаторых палітолагаў, сваім уздымам Корвін-Міке абавязаны з'яўленню новай генерацыі выбаршчыкаў. Гэта маладыя людзі, якія выраслі ва ўмовах дэмакратыі і не маюць ілюзій наконт таго, што іх голас можа змяніць цяперашнюю палітычную сістэму, якая ў Польшчы, нягледзячы на крызіс, вельмі стабільная.

Выбары для моладзі — хутчэй правакацыя. Корвін-Міке, які лічыць, што гітлераўская падатковая сістэма была лепшай за еўрапейскую, а ўсе цяперашнія геі ў Польшчы — штучна імпартаваныя, пасуе такому запыту на палітычны экстрым. Не дарма Корвін-Міке вельмі папулярны ў інтэрнэце, дзе галоўны карыстальнік — моладзь. У яго, дарэчы, самы папулярны блог у Польшчы. У групе выбаршчыкаў ва ўзросце 17–24 гады Корвін-Міке мае падтрымку больш за 50 працэнтаў рэспандэнтаў.

Дадатковым фактарам галасаваць за Корвіна-Міке стаў крызіс нядаўніх куміраў маладых палякаў. Апошнім часам моладзь расчаравалася ў іншым скандальным палітыку — Янушы Палікоце. Раней Палікот здолеў прыцягнуць да сябе ўвагу моладзі абяцанкамі легалізаваць марыхуану і зменшыць ролю Касцёла ў польскім соцыуме. Пасля таго, як структура Палікота прайшла ў Сейм і пачалася парламенцкая руціна, Палікот паступова страціў імідж разбуральніка сістэмы.

Цікава, што ў большасці за Корвіна-Міке галасуюць не левыя, а правыя. Акрамя моладзі ў сацыяльнай групе прыхільнікаў Корвіна-Міке знаходзяцца дробныя бізнэсоўцы. Па словах сацыёлагаў, гэта катэгорыя расчаравалася ў жыцці і гатовая галасаваць за нейкую радыкальную партыю, каб толькі змяніць свет. Ім падабаюцца пафасныя маналогі Корвіна-Міке аб тым, што ва ўсім вінаватыя дзяржава і еўрапейскія бюракраты.

Праўда, апошнім часам Корвін-Міке нажыў сабе ворагаў не толькі на правым флангу. Не так даўно Корвін-Міке шакаваў палякаў сваімі поглядамі на праблему сэксуальных злачынстваў. На пытанне вядучага аднаго з тэлешоў, што ён думае пра згвалтаванне жанчын, палітык заявіў: «Што значыць згвалтаванні? Жанчына заўсёды робіць нейкі супраціў. Хіба не?» На выхадзе атрымаўся мегаскандал. Прэм’ер Дональд Туск нават палічыў выразы лідара КNP «злачынствам». Туск заявіў, што яго місія — зрабіць усё, каб Корвін-Міке прайграў выбары.

Дарэчы, дзякуючы скандальнай постаці Корвіна-Міке інтарэс да Еўравыбараў у Польшчы яўна вырас. 

Каментаваць