Польскі Сэйм прыняў закон па забароне на гандаль у нядзелі

Дэпутаты польскага Сэйма прынялі закон па забароне гандлю ў нядзелі. У адпаведнасці з ім, ад 1 сакавіка 2018 года ў кожным месяцы крамы будуць працаваць выключна ў дзве нядзелі — у першую і апошнюю нядзелю месяца, піша Польскае радыё.
З 2019 года крамы будуць адчыненыя толькі ў адну нядзелю ў месяцы, а з 1 студзеня 2020 года пачне дзейнічаць суцэльная забарона на гандаль у нядзелі за выключэннем сямі адмыслова вызначаных нядзель у год.

Працаваць па нядзелях змогуць кветкавыя і кандытарскія крамы, пякарні й кафэ-марожаныя пры ўмове, што ў пераважнай большасці яны будуць сапраўды прадаваць кветкі, марожанае, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы.

Закон таксама прадугледжвае штраф за парушэнне забароны, які будзе складаць ад 1 тысячы да 100 тысяч злотых (ад 240 да 24 тыс. еўра), а ў выпадку пастаянных парушэнняў забароны - пазбаўленне волі.

Цяпер Закон па забароне на гандаль у нядзелі чакае подпісу прэзідэнта Дуды.

Паводле Нашай Нівы

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць