Польскія стралкі збіраюць грошы на адваката для Сцяпана Свідзерскага

Супольнасць гданьскіх стралкоў сцвярджае, што беларус ужыў зброю легальна – і хоча дапамагчы калегу, які страціў працу пасля здарэння.
Беларус Сцяпан Свідзерскі жыве ў Польшчы больш за 10 гадоў. Палову гэтага часу ён працаваў у гдыньскім офісе міжнароднай карпарацыі Thomson Reuters.

Увечары 14 лістапада мужчына прыйшоў на працу пасля заняткаў у ціры. Ён меў пры сабе даўгаствольную зброю, а таксама пісталет «Glock» (з дазволам на яе нашэнне).

Адзін з прысутных у офісе па невядомай прычыне спрабаваў вырваць пісталет у беларуса, пасля чаго прагучалі два стрэлы. У іх выніку ніхто не пацярпеў.

У сувязі з гэтым паліцыя затрымала Свідзерскага. Пазней ягоную справу перадалі ў пракуратуру, якая распачала следчыя дзеянні.

Пракурор вінаваціў Свідзерскага ў спробе забойства і прасіў суд арыштаваць беларуса на тры месяцы. Суд, аднак, не задаволіў гэтую просьбу і выпусціў Сцяпана.

Стралкі спартовага клубу «Ardea» сцвярджаюць, што хоць страляў Свідзерскі – гэта ён пацярпелы: спачатку яго атакавалі і забралі легальную зброю, а потым пазбавілі добрага імя.

«На жаль, ён стаў ахвярай фатальнага збегу падзей», – піша старонка «Ardea».

«Пасля спробы захаваць зброю і абараніць сябе ад фізічнага нападу, яго абвінавацілі ў спробе забойства. Мы ўсе ведаем, што гэта абсалютная лухта. Суд не пакінуў сухога месца на патрабаванні пракуратуры, адмаўляючы арыштаваць Сцяпана і выпускаючы яго на волю», – гаворыцца ў заяве.

Клуб зарганізаваў праз інтэрнэт збор грошай для Сцяпана – для аплаты адваката і проста на жыццё.

«На шляху да справядлівасці будуць патрэбныя сродкі на юрыдычную дапамогу і на штодзённае жыццё – да нас дайшлі чуткі, што Сцёпа страціў працу, – пішуць стралкі. – Пакажам адзінасць, сілу і дапаможам нашаму калегу, жыццё якога зруйнаванае толькі таму, што ён выконваў свой абавязак супрацьдзеяць спробе іншай асобы завалодаць зброяй».

Такім чынам, Сцяпан Свідзерскі стаў часткаю польскай спрэчкі аб зброі – тых, хто выступае за забарону і тых, хто за дазвол.

«Тое, што здарылася са Сцяпанам, магло здарыцца з кожным з нас, – піша клуб. – Мы штодзённа ходзім са зброяй, хтосьці можа паспрабаваць яе забраць – а мы маем абавязак гэтага не дапусціць».


Справу Сцяпана Свідзерскага шырока асвятлялі беларускія медыі. Беларускае тэлебачанне прадставіла яго як небяспечнага ўзброенага апазіцыянера.
У 2006-м Свідзерскі выехаў з Беларусі па праграме Каліноўскага.

Паводле belsat.eu


Каментаваць