Польшчы пагражае ядзерны ўдар

Варшава бароніцца перад Расіяй нарошчваннем вайсковай прысутнасці NATO. Масква на гэта збіраецца адказаць абмежаваным ядзерным ударам. Тэму асвятляе польскі штодзённік "Rzeczpospolita".

Фота Ed Uthman/flickr.com


Польшча цяпер засяроджана на выкананні рашэнняў варшаўскага саміту NATO. Праз год на ўсходнім флангу Альянсу павінны з’явіцца батальённыя баявыя групы, амерыканская цяжкаўзброеная брыгада. У Варшаве спадзяюцца, што гэта стрымае расіян, бо напад на Польшчу будзе азначаць вайну з NATO.

 

Аднак Крэмль ужо знайшоў адказ на гэтую стратэгію, піша выданне. Расіяне плануюць нейтралізаваць Альянс ядзерным шантажам, то бок абмежаваным тактычным ударам. Паводле разлікаў расіян, ядзерны ўдар па Польшчы не прывядзе да ўдару ў адказ з боку ЗША. Згодна з расійскай дактрынай Герасімава, Расія не можа выйграць звычайную вайну з NATO. Аднак можа выкарыстаць тактычную ядзерную зброю, наносячы ўдар па адным з вялікіх гарадоў у Цэнтральнай Еўропе. З расійскіх манеўраў вядома, што ахвярай можа стаць Варшава альбо Стакгольм. У Расіі лічаць, што такі ўдар змусіць Захад да перамоваў з Масквою. Маўляў, гэта паставіць урады заходніх краін перад выбарам: прыйсці на дапамогу Балтыйскім краінам альбо Польшчы, або прыняць рызыку ядзернага ўдару.

Выданне задае пытанне, ці ў еўрапейскіх палітыкаў хопіць сілы духу прыняць правільнае рашэнне. Саступкі толькі разахвоцяць Крэмль да далейшай агрэсіі.

 

www.radyjo.net


Каментаваць