Помнік як каталізатар канфлікту

У Расіі разгараецца скандал вакол манумента чачэнскім жанчынам — удзельніцам вайны з Расійскай імперыяй. У 1819 годзе падчас Каўказскай вайны генерал Аляксей Ярмолаў аддаў загад спаліць чачэнскае сяло Дадзі-Юрт



Каля тысячы чалавек, уключаючы ўсё мірнае насельніцтва, былі забітыя, а ў палон узялі 46 чачэнскіх жанчын. Апошнія пры пераходзе праз Церак сталі кідацца ў ваду, хапаючы з сабой канваіраў.

Гэта гісторыя стала часткай чачэнскага нацыянальнага міфу, і таму не дзіўна, што ўжо пры першых канвульсіях імперыі той гераічны учынак вырашылі узгадаць. Яшчэ за часамі Дудаева на месцы падзей узнік помнік у выглядзе кургана. Кадыраў 14 верасня (менавіта ў гэты дзень адбыўся штурм Дадзі-Юрта) абвясціў днём чачэнскай жанчыны. Мемарыял пачалі мадэрнізаваць. Цяпер манумент уяўляе сабою кампазіцыю ў выглядзе горнай грады, у сярэдзіне якой узвышаецца чачэнская баявая вежа. 16 верасня новы комплекс адчыніў асабіста Рамзан Кадыраў.

Ніякіх выразных антырасійскіх фрагментаў яго спіч падчас адкрыцця комплексу не ўтрымліваў (Кадыраў казаў больш пра ролю жанчыны ў захаванні міру і гармоніі). Аднак расійская публіка пабачыла ў гэтым нахабны выклік. «Чачня адсвяткавала забойства расійскіх салдатаў», — матэрыял пад такой назвай выйшаў у адным з расійскіх выданняў.

Не адстае і Рунэт. «Лічу, што трэба высветліць, у што нам абыходзіцца ўтрыманне рэспублік Каўказа. Кожнаму падаткаплатніку. Што яны вырабляюць, акрамя левай гарэлкі і тэрарыстаў. І правесці рэферэндум. І хай там ставяць якія заўгодна помнікі: хоць Хатабу, хоць Гітлеру — што ім бліжэй. Але ЗА СВАЕ ЗАРОБЛЕНЫЯ ІМІ ГРОШЫ. Трэба глядзець рэальна. Грашовы струмень раскрадаецца. На гэтыя грошы можна добра ўмацаваць мяжу і забыцца, як пра страшны сон, пра знаходжанне гэтых народаў у складзе Расійскай дзяржавы. Лепш жалезная заслона, чым такое сяброўства», — выказвае думку большасці блогер пад нікам Малюта Скуратаў.

Вельмі рэдка, аднак можна знайсці і полюсную думку. «Гераізаваць Ярмолава могуць толькі маральныя і псіхічныя хворыя. Першая праблема Расіі — «дурні», і такога «дабра» заўсёды хапае ў Расіі. А Ярмолаў — усяго толькі злачынны салдафон, які выконваў загады злачыннай імперыі, які прайграў вайну на паўночным Каўказе. Па сутнасці, з-за яго тактыкі вайна на Каўказе працягвалася да краху Расійскай імперыі».

Сам Кадыраў, апраўдваючы свае ўчынкі, спасылаецца на нядаўна прынятыя з падачы тых жа «адзінаросаў» закон пра нарматывы патрыятычнага выхавання. Як кажа адзін з чачэнскіх гісторыкаў: «Гэта (помнік) — знак жаночай доблесці, мужнасці, вернасці нацыянальным традыцыям. Я не бачу тут нічога такога, з-за чаго можна паднімаць такую інфармацыйную буру. Калі прыйшлі войскі знішчыць насельніцтва, і яно сябе абараняла, што ў гэтым такога?»

У сувязі з чым уплывовае выданне «Аганёк» робіць сенсацыйную выснову: «Дзяржаўная стратэгія падгонкі гісторыі да патрыятызму абярнулася супраць Расіі».

«Аганёк» таксама заклікае тэрмінова пераглядзець афіцыйныя канцэпцыі выкладання гісторыі, заснаваныя на прапагандзе патрыятызму. Альтэрнатывай, быццам, можа быць гістарыяграфія, якая адкрыта прызнае, што Расія вяла несправядлівыя каланіяльныя войны. Праўда, сам аўтар артыкулу лічыць, што такі падыход дастаткова прымітыўны. Па яго словах, нават у Францыі, дзе пры ўладзе сацыялісты, дзецям тлумачаць, што белы чалавек прынёс афрыканскім і азіяцкім народам цывілізацыю.

Другі варыянт, які прапануе «Аганёк»: «Адмова ад гісторыі Карамзіна, які слова «славянін» абавязкова выводзіў ад «славы», і пераход да сацыяльнай гісторыі Ключэўскага.

А пакуль для расійскіх патрыётаў навіны з Чачні сталі імпульсам для маштабнай мабілізацыі. Так, дэпутат Аляксей Жураўлёў (партыя «Радзіма» і сябра фракцыі «Адзінай Расіі») звярнуўся да генпракурора з заявай пра тое, што «помнік, узведзены забойцам рускіх салдатаў, з’яўляецца антырасійскай акцыяй уладаў Чачэнскай Рэспублікі і стане чарговай Меккай для радыкальных груповак Чачні». Калі верыць Жураўлёву, усхваленне гэтых дзеянняў (праслаўленне акту самазабойства жанчын) «дае глебу для вырошчвання насення экстрэмізму і сепаратысцкіх настрояў».

Яшчэ далей пайшлі сябры арганізацыі «Афіцэры Расіі». Яны звярнуліся да Пуціна з прапановай адкрыць помнік Ярмолаву ў Маскве. «Кадыраў адкрыў помнік жанчынам, якія забівалі рускіх салдатаў. Мы павінны ўзгадаць пра прычыны прыходу генерала Ярмолава ў Дадзі-Юрт у 1819 годзе. Гэта была адэкватная рэакцыя на напады чачэнцаў», — кажа адзін з кіраўнікоў афіцэраў.

«Гэта (Дадзі-Юрт) было такое цалкам пэўнае разбойніцкае гняздо, якое вылучалася сваім разбойным норавам і сваімі набегамі нават сярод чачэнскіх паселішчаў. Не трэба думаць, што гаворка ідзе пра мірнае паселішча, якое злыя рускія імперыялісты прыйшлі і разрабавалі. Гэта была экспедыцыя, як бы цяпер сказалі, на базу тэрарыстаў», — кажа адзін з лідараў нацыяналістычнай арганізацыі «Народны Сабор». Праўда, ён забывае працытаваць ліст Ярмолава, які лічыў неабходным правесці паказальную акцыю тэрору, каб запалохаць чачэнцаў.

Самае цікавае, што некаторыя расійскія правыя віталі ўчынак Рамзана Кадырава. Вось іх аргументацыя: «Чачэнцы сваю гістарычную праўду адстойваюць, узнімаюць і гераізуюць. Нам трэба рабіць гэтак жа. Трэба павучыцца ў Рамзана Кадырава — і зрабіць алею славы аж да помнікаў героям дзвюх апошніх чачэнскіх войнаў».

Між тым, эксперты прызнаюць, што з’яўленне такіх помнікаў у расійскай сталіцы стане крокам да эскалацыі міжнацыянальных адносін. Увогуле, сярод іх існуе думка, што выхадка Кадырава — гэта нейкая помста за з’яўленне ў Мінеральных Водах у 2008 годзе і ў Пяцігорску ў 2010-м помнікаў Аляксею Ярмолаву. Думаецца, што дэбаты наконт помніка яшчэ не закончаныя.

А напрыканцы варта ўзгадаць самую экзатычную пазіцыю, якую заняў вярхоўны атаман Саюза казакоў Расіі Павел Задарожны. Задарожны наогул сумняваецца ў сапраўднасці гісторыі з гераічнымі жанчынамі аула Дадзі-Юрт і прапануе стварыць спецыяльную камісію, якая даследуе гэтую тэму.

Каментаваць