Постфутбольны апакаліпсіс

Пераварот, вайна, адстаўка ўраду — такімі былі палітычныя наступствы шматлікіх папярэдніх чэмпіянатаў свету па футболу. Цяперашні чэмпіянат у Бразіліі наўрад ці будзе выключэннем. 



Француз Жуль Рымэ — адзін з тых, хто рэалізаваў ідэю правядзення сусветнага турніру, — марыў, што яго праект будзе «спрыяць федэралізацыі нацый і рас».
 
 
Але футбол хутчэй спрыяў росту ваяўнічага нацыяналізму і агрэсіі. Так, фінальны свісток на першым чэмпіянаце свету па футболу ва Уругваі ў 1930 годзе даў старт трэцяму тайму: каля 20 тысяч аргенцінцаў, незадаволеных правалам сваіх улюбёнцаў, вырашылі адпомсціць суддзям.
 
 
Але масавая драка — дробязь у параўнанні з тым, што прыносілі наступныя турніры. Чэмпіянат 1934 года ў Італіі ператварыўся ў рэкламу фашысцкай мадэлі.
Дучэ нават патрабаваў, каб футбольныя суддзі віталі адзін аднаго фашысцкім салютам. Перамога італьянскай зборнай на тым чэмпіянаце была не толькі трыумфам Дучэ, аднак і добрым урокам для ўсіх еўрапейскіх палітыкаў. Назіраючы за масавай футбольнай істэрыкай, яны зразумелі, што гульня ў мяч можа дапамагчы ім адцягнуць увагу ад іншых праблем. Пасля Італіі 1934 года футбол у шматлікіх краінах ператварыўся ў элемент афіцыйнай палітыкі. 
 
 
Чэмпіянат свету 1938-га ў Францыі стаў сусветнай падзеяй. Італьянцы зноў перамаглі, аднак для глабальнага трыумфу фашызму гэтага было недастаткова. Калі б не чэхаславакі, якія абыгралі немцаў у паўфінале, у рашаючым матчы маглі б сустрэцца зборныя Германіі і Італіі, сімвалізм сустрэчы якіх у фінале быў бы каласальны. 
 
 
Берлін жорстка адпомсціў Празе. Ужо ўвосень таго года краіна дэ-факта страціла суверэнітэт. У нямецкіх газетах пісалі, што гэта ёсць расплата за той крыўдны пройгрыш немцаў у Францыі.
 
 
Стаць чэмпіёнамі немцы змаглі толькі ў 1954 годзе, калі выйгралі чэмпіянат у Швейцарыі. Гэта быў сапраўдны цуд, хаця б таму, што ў фінале ў Берне яны абыгралі венграў, якім тыдзень таму прайгралі з лікам 3-8. Уся ФРГ святкавала «Цуд у Берне». Агенты саюзных войскаў, якія акупавалі ФРГ, з трывогай адзначалі, што падчас святкаванняў у натоўпе спяваюць першы радок нямецкага гімну, а менавіта: «Германія вышэй за ўсё» (гэта было забаронена, паколькі нагадвала нацысцкія часы). Брытанская прэса нават баялася, што футбол стане пралогам палітычных выступаў пад рэваншысцкімі лозунгамі. 
 
 
У нямецкай масавай свядомасці перамога ў Швейцарыі азначала канчатковы выхад краіны з пасляваеннага крызіснага стану. 
 
 
Куды больш палітычных наступстваў меў гэты чэмпіянат для Венгрыі. Пройгрыш Германіі ў фінале быў успрыняты як нацыянальная трагедыя. Частку каманды зрабілі здраднікамі і падверглі рэпрэсіям.
 
Цікава, што некаторыя футбалісты лічылі за шчасце трапіць за краты, паколькі расправа з боку фанатаў была б больш жорсткай. Антыкамуністычнае паўстанне 1956 года шмат гісторыкаў метафарычна называлі «зрывам вентыля» фрустрацыі, якая накапілася ад факту правалу ў Швейцарыі. 
 
 
Чэмпіянат 1958 года выклікаў бум патрыятызму і надзей на незалежнасць у краінах Трэцяга свету. Усё дзякуючы французскім футбалістам алжырскага паходжання, якія адмовіліся гуляць за зборную Францыі ў знак салідарнасці з барацьбой за незалежнасць на сваёй гістарычнай радзіме.
 
 
Чэмпіянат свету 1966-га ў Англіі стаў прамоўтарам моды на ўсё брытанскае, у тым ліку на музыку «Beatles», што ў выніку дапамагло спартовай падзеі стаць часткай культурнай рэвалюцыі 1960-х гадоў на Захадзе. 
 
 
А вось чэмпіянат 1978-га ў Аргенціне фактычна выклікаў новую вайну. На той час у краіне пры ўладзе знаходзіла вайсковая хунта, якой вельмі патрэбна была перамога, каб неяк кампенсаваць суайчыннікам кепскія эканамічныя зводкі. Людзі хунты не спыняліся ні перад чым, у тым ліку перад подкупам суддзяў. У выніку Аргенціна сапраўды перамагла, аднак гэта перамога толькі распаліла апетыты генералаў. Яны пачалі падрыхтоўку дэсанту на Фальклендскія (Мальвінскія) выспы, якія, як вядома, належалі Вялікабрытаніі. 
 
 
Вайна з Маргарэт Тэтчэр закончылася катастрофай не толькі для аргенцінскай арміі, аднак і для дыктатуры. Хутка пад ціскам вулічных маніфестацый у краіне пачаліся дэмакратычныя рэформы. У стабілізацыі новага рэжыму вельмі дапамог Марадона, які ў 1986 годзе адпомсціў англічанам за прайграную вайну. Аргенцінцы перамаглі каманду з Альбіёну, а пасля заваявалі галоўны тытул чэмпіёнаў.
 
 
А вось турнір 1982-га ў Іспаніі дапамог Ізраілю, які ў гэты час пачаў інтэрвенцыю ў Ліван. Публіка на Захадзе дастаткова вяла рэагавала на навіны з Бліжняга Усходу. Натуральна, савецкая прапаганда пабачыла ў супадзенні часу правядзення турніру і інтэрвенцыі ізраільскіх войскаў у Ліван добра распрацаваны план. 
 
 
Чэмпіянат 1990-га ў Італіі, які прынёс перамогу немцам, лічыцца адным з галоўных каталізатараў працэсу аб’яднання Германіі. Пасля таго, як рухнула берлінская сцяна, пачаліся доўгія дэбаты наконт сцэнараў аб’яднання. Некаторыя еўрапейскія сталіцы баяліся такой перспектывы. Калектыўная падтрымка ўсімі немцамі — як на Захадзе, так і на Усходзе — зборнай дала зразумець палітыкам волю нямецкага народу да адзінства. 
 
Стаўка на футбол згуляла жарт з Гельмутам Колем — канцлерам адзінства.
 
 
У 1998 годзе чэмпіянат свету ў Францыі для немцаў праходзіў на фоне выбарчай кампаніі ў Бундэстаг. Коль увесь час падкрэсліваў свае сяброўства з галоўным трэнерам зборнай. Не дзіўна, што сенсацыйны пройгрыш немцаў харватам справакаваў вулічныя дэманстрацыі, удзельнікі якіх патрабавалі адстаўкі трэнера і Коля. Увосень выбаршчыкі прагаласавалі за Герхарда Шродэра. 
 
 
Вельмі супярэчлівае стаўленне ў часткі нямецкага левага палітыкуму да чэмпіянату свету 2006-га ў Германіі. Паводле іх, той турнір дапамог легітымізаваць патрыятызм сярод простых немцаў. Яны пачалі без комплексаў віны за Другую сусветную вайну дэманстраваць нацыянальныя сімвалы, ганарыцца сваім паходжаннем і г.д. Менавіта пасля таго турніру Берлін, быццам, пачаў паводзіць сябе больш нахабна з краінамі-ахвярамі нацысцкай агрэсіі. 
 
Што тычыцца 2014 года, дык без палітыкі таксама не абыдзецца. Усе палітолагі згодныя, што добрая арганізацыя турніру плюс перамога бразільцаў могуць выратаваць цяперашняга прэзідэнта Дзілму Русэф ад паразы на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Напярэдадні турніру яе рэйтынг складаў каля 37 адсоткаў, што давала апазіцыі шанс.
 
Аднак самая вялікая каляфутбольная палітычная бура нас, магчыма, чакае яшчэ наперадзе. Калі следства давядзе, што чыноўнікі FIFA бралі хабары ад Катару і Расіі за лобінг іх права прымаць чэмпіянаты свету 2018 і, адпаведна, 2022 гадоў. Фактычна, спатрэбіцца перазагрузка ўсёй сістэмы арганізацыі Кубкаў свету. 
 

Каментаваць