Праблемы славацкіх цыганоў

«Выдзеліць тэрыторыю ў Еўропе для іх дзяржавы. Тады будзе легальная магчымасць абвясціць вайну». «Ромы патрэбныя, каб мы маглі пачувацца лепшымі, чым ёсць насамрэч», — гэтыя выказванні пра цыганоў мне давялося пачуць у Браціславе.



«Выдзеліць тэрыторыю ў Еўропе для іх дзяржавы. Тады будзе легальная магчымасць абвясціць вайну». «Ромы патрэбныя, каб мы маглі пачувацца лепшымі, чым ёсць насамрэч», — гэтыя выказванні пра цыганоў мне давялося пачуць у Браціславе.

Цыганскае пытанне для Славакіі вострае. Паводле ацэнак экспертаў, цыгане складаюць каля 7 працэнтаў насельніцтва краіны (блізу 350 тысяч чалавек). Большасць з іх сацыяльна не інтэграваныя, маюць праблемы з адукацыяй, працай. Цыганамі займаюцца і дзяржаўныя ўстановы, і грамадскія арганізацыі. Але ніхто не можа сказаць, калі праблемы ромаў будуць вырашаныя.

Замкнёныя дзверы

На ўзбочыне пасёлка Плавецкі Штврток, што ў 30 кіламетрах ад Браціславы, за акуратнымі дамкамі славакаў стварыўся стыхійны сметнік, побач з ім — нелегальнае паселішча цыганоў. «Мы туды не паедзем, — гаворыць гід і перакладчык Павал. — Гэта небяспечна. Нам варта было б узяць у суправаджэнне паліцыю». Едзем да вясковай школы, дзе вучацца цыганскія дзеці з таго самага таямнічага паселішча. Дзверы навучальнай установы замкнёныя знутры. Праз колькі хвілін нас сустракае дырэктарка школы Эмілія Чаганова.

У пасёлку 2360 жыхароў, з іх 650 цыгане (гэта каля 28%). Колькі гадоў таму цыгане самавольна пачалі будаваць свае дамкі на ўскраіне вёскі. Пад паселішчам знаходзяцца газавыя камунікацыі, што, натуральна, стварае пагрозу выбуху. З прычыны нелегальнага захопу зямлі мясцовыя ўлады адмаўляюцца будаваць на тэрыторыі паселішча якія-небудзь камунікацыі.

У вёсцы ёсць адмысловая камісія, што займаецца цыганскай праблематыкай. Эмілія Чаганова — сябра гэтай камісіі. «Апошнія два гады мы шукаем спосаб, як гэтыя нелегальныя будынкі знесці ды знайсці цыганам новае месца жыхарства. Гэта цяжкая праблема, але ўрэшце яе важна вырашыць, бо гэта ж пытанне бяспекі», — распавядае дырэктарка школы. Ёсць і крадзяжы, і канфлікты з мясцовымі жыхарамі.

Школа ў пасёлку была змяшанай, то бок вучыліся разам дзеці і славакаў, і цыганоў. Але потым славакі пачалі забіраць сваіх дзяцей ды вазіць іх вучыцца ў іншыя вёскі ці ў Браціславу. Цяпер са 136 вучняў 120 — цыганы.

«Бацькі маюць права выбіраць школу для дзяцей, закон дазваляе, і, на маю думку, можна гаварыць пра сегрэгацыю. А нашая школа добра забяспечаная матэрыяльна, працуюць высокакваліфікаваныя настаўнікі, ёсць тэхніка, спартыўныя залі, стадыён. Я думаю, што многія з нашых славацкіх дзяцей ходзяць у горшыя школы. Але бацькі баяцца, што цыганскія дзеці будуць крыўдзіць больш слабых, — тлумачыць сітуацыю спадарыня Эмілія. — Праблема ў тым, што бацькі ромскіх дзяцей не цікавяцца іх адукацыяй, узровень падрыхтоўкі дзяцей у нас у выніку ніжэйшы, чым у іншых школах. Цыгане аддаюць дзяцей у школу з меркантыльных прычынаў. Калі дзеці не ходзяць у школу, то ім не даюць сацыяльную дапамогу. І многія прысутнічаюць тут толькі фізічна. Моцнай матывацыяй для дзяцей з асацыяльных сямей ёсць бясплатныя абеды, кнігі, сшыткі, алоўкі».

Паспяховасць навучэнцаў вельмі нізкая, многія застаюцца на другі год. У вышэйшую школу ідуць адзінкі. Аднак ёсць выпадак, калі дзяўчынка, выпускніца школы, атрымала вышэйшую адукацыю ў галіне мас-медыя камунікацый, ёсць хлопец, які вывучае хімію ва ўніверсітэце. Дырэктарка гаворыць пра іх з гонарам, як пра надзвычайныя педагагічныя поспехі.

Паводле назіранняў спадарыні Эміліі, гэты бядотны стан адукаванасці цыганскіх дзяцей ёсць вынікам абыякавасці сем’яў. Бацькі не зацікаўленыя ў адукацыі дзяцей, бо пасля школы, калі малады чалавек захоча вучыцца далей, трэба будзе на яго выдаткоўваць грошы. У Славакіі ёсць недзяржаўныя арганізацыі, якія дапамагаюць такім дзецям, каб яны маглі скончыць сярэднюю школу.

Эмілія Чаганова, дырэктар школы ў пасёлку Плавецкі Штвыртак
 



У Славакіі не абавязкова вадзіць дзіця ў садок, адпаведна, цыганскія дзеці туды дарогі і не ведаюць. І ў Плавецкім Штвртоку былі вымушаныя стварыць нулявы клас, бо дзеці папросту не маюць сацыяльных навыкаў, не ведаюць правілаў асабістай гігіены. Адаптуюць цыганскіх дзяцей да соцыуму ў супрацы са школьным псіхолагам.

З чаго жывуць мясцовыя цыгане? Многія не працуюць, але атрымліваюць на дзяцей сацыяльную дапамогу. Часам збіраюць і прадаюць грыбы, лекавыя расліны, металалом, могуць нелегальна падпрацоўваць на будоўлях ці ў прыватных гаспадарках. «Дзеці ў школе здзяйсняюць дробныя крадзяжы, для іх нармальна спыніць старога чалавека і загадаць: «Аддавай грошы!», — расказвае дырэктарка школы. — У нас ёсць царкоўна-грамадская абшчына маладых людзей, якія робяць праграмы па інтэграцыі цыганоў. Некаторыя дапамагаюць дзецям рабіць хатнія заданні. Для іх вялікай матывацыяй ёсць падарункі, бясплатныя экскурсіі».

«Фактычна ніхто з бацькоў цыганскіх дзяцей не працуе, у дзяцей няма пазітыўнага прыкладу», — выказвае свае думкі дырэктарка школы. Прапаноўвае варыянт рассяляць цыганоў, каб яны не жылі кампактна табарам, а былі вымушаныя інтэгравацца. — У гэтым пасяленні ёсць свае законы, і ты можаш нават не быць з імі згодны, але мусіш жыць як усе. І ў дзяцей няма шанцу, перспектывы жыць іншым ладам».

Эмілія Чаганова ладзіць невялічкую экскурсію па школе. Усе кабінеты замкнёныя на ключ, у тым ліку і ў класах, дзе ідуць заняткі з вучнямі. У адным з кабінетаў занятак вядзе жанчына ва ўбранні сястры міласэрнасці. Гэтая настаўніца раней ездзіла працаваць у Афрыку. Яна распавяла, што там дзеці былі галодныя, худыя і вельмі прагныя да ведаў. Цыганскія ж дзеці сытыя і больш-менш дагледжаныя, але навука ім не патрэбная.

Як цыгану стаць «белым»?

«Цыгане патрэбныя славакам, каб на іх тле выглядаць больш прывабна», — гаворыць Марэк Гойсік, дырэктар Фонду сацыяльнага развіцця Міністэрства працы.

Марэк Гойсік распавядае, што левацэнтрысцкая партыя «Курс — сацыяльная дэмакратыя», якая цяпер прыйшла да ўлады, мае кансерватыўны погляд на этнічныя пытанні. Славацкая нацыянальная партыя ўвогуле ў часе выбарчай кампаніі рабіла дыскрымінуючыя плакаты з выявамі асацыяльных дзябёлых цыганоў у брудных майках з татухамі і лозунгамі кшталту «Вам не надакучыла за іх плаціць?».

Большасць палітыкаў да цыганскай праблемы ставяцца абыякава. Маўляў, гэта іх праблемы, і тое, як жывуць цыгане, ёсць ім справядлівай карай. Правыя партыі трымаюцца думкі, што цыганам трэба зменшыць сацыяльную падтрымку.

«Многія людзі не бачаць магчымасцяў для зменаў гэтай сітуацыі, ніхто не верыць у тое, што сацыяльнай падтрымкай можна нечага дамагчыся», — распавядае пра стаўленне палітыкаў і абывацеляў да цыганскага пытання прадстаўнік Міністэрства працы. — Калі нехта будзе на вуліцы размаўляць па-венгерску ці па-цыганску, то да яго негатыўнае стаўленне. Славакія — даволі расісцкая краіна. Гэта ж тычыцца і адносінаў да цемнаскурых. У маёй сяброўкі быў цемнаскуры хлопец з Рыму. Яго папярэджвалі, калі ён ехаў у Славакію, што гэтая краіна не дружалюбная да людзей яго расы. На хлопца сапраўды тут напалі. Ведаеце, многія славацкія цыгане, якія з’язджаюць у Англію, там дасягаюць поспеху ў сацыяльнай інтэграцыі. Мой сябра-цыган прыгадваў, што з часам у Англіі пачаў пачувацца нармальным белым чалавекам. «Чорнымі» ў Брытаніі лічацца пакістанцы, там яны займаюць прыкладна тую ж нішу, што ў Славакіі цыгане».

Да ведама, у славацкай мове ёсць слова «цыганіць», што значыць падманваць. І цыганоў тут усе называюць ромамі, гэта быццам бы дазваляе пазбягаць дыскрымінацыю.

Спадар Марэк распавядае, што, калі прыйшоў працаваць у міністэрства, то запрасіў працаваць чатырох цыганоў. Дык славакам было складана прызвычаіцца, што ў іх начальнікі-цыгане, «але нічога, з часам прывыклі». Ён мяркуе, што вырашыць праблему непрыняцця ромаў соцыумам дапамаглі б некаторыя крокі. Найперш трэба адмяніць спецыяльныя школы для цыганоў, сачыць за тым, каб Закон па антыдыскрымінацыі працаваў і выконваўся.

Вельмі проста знайсці сабе ворага

Жыццё славацкіх цыганоў было найбольш камфортным у часы камунізму, бо існавала палітыка занятасці. Цяпер цыгане «згубіліся», ім трэба шукаць працу, але як і дзе гэта рабіць, яны не ведаюць. «У цяперашняй сістэме вельмі проста знайсці сабе ворага, і на ролю гэтых ворагаў прызначылі цыганоў. Калі вы пойдзеце ў карчму ва Усходняй Славакіі а 10-й раніцы, то пабачыце там многа мужыкоў, што п’юць гарэлку і скардзяцца на цыганоў, якія не працуюць. Калі вы будзеце размаўляць з галандскім менеджарам, то ён скажа вам, што славакі — лянівыя рабочыя, яны п’юць, крадуць. Але ва ўсіх грахах абвінавачваюць цыганоў»,— падводзіць рысу пад славацкім этнічным канфліктам Марэк Гойсік.

Падобна апісвае сітуацыю з цыганскай меншасцю Лаца Аравец, які працуе ў Фондзе Мілана Шымечкі. Фонд займаецца нацменшасцямі, у тым ліку і цыганскай.

«Галоўныя праблемы цыганоў — беднасць і расізм», — гаворыць Лаца Аравец. Ён пагаджаецца, што ў цыганоў мала матывацыі да сацыяльнага росту, развіцця. Але тлумачыць гэта тым, што бедныя людзі, якія жывуць на ўзбочыне грамадства, дзяржавы маюць іншыя патрэбы, перавагі. «Калі мы сустрэнемся з інтэграванымі ромамі, то пабачым, што ў іх каштоўнасці такія ж, як і ў іншых людзей», — падкрэслівае прадстаўнік Фонду Мілана Шымечкі.

Лаца Аравец распавядае, што для славацкіх палітыкаў ромскае пытанне непапулярнае. «Складана знайсці палітыка, які б цікавіўся ромамі. Калі вы станеце займацца гэтым пытаннем, то папросту не будзеце абраныя ў органы кіравання. Дзяржаўныя структуры перакідваюць гэта пытанне адна адной. Цыгане да палітыкі таксама абыякавыя. Але былі выпадкі, калі ў дзень выбараў прадстаўнікі партый прыязджалі ў ромскія асады і за пяць еўра куплялі галасы», — апісвае замкнёнае кола ромскіх праблем прадстаўнік Фонду Мілана Шымечкі.

* * *

Цыганы жывуць у асноўным на ўсходзе краіны. Самая высокая канцэнтрацыя цыганоў каля горада Кежмарок. На ўсходзе краіны цыганы жывуць цэлымі вёскамі — асадамі, у маленькіх гарадках у іх свае кварталы.

Славацкія цыгане ў асноўным не вандроўныя, за выключэннем «валашскіх» цыган, якія прыйшлі з Румыніі. «Мясцовыя» (90%) лічаць «валашскіх» (10%) адмарозкамі і прыдуркамі, а тыя ўспрымаюць «мясцовых» несапраўднымі цыганамі. З-за гэтага рэгулярна ўспыхваюць разборкі.



Аўтар выказвае падзяку грамадскаму аб’яднанню «Чалавек у бядзе» і Міністэрству замежных спраў Славакіі за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.
 

Каментаваць