Працоўная дынастыя Клінтанаў

Актыўны ўдзел Чэлсі Клінтан у працы выбарчага штабу маці, Хілары Клінтан, шмат хто разглядае як першую рэпетыцыю яе будучай прэзідэнцкай кампаніі.



Фота www.thetrentonline.com


Першыя публікацыі пра тое, што Чэлсі Клінтан пойдзе шляхам бацькоў, з’явіліся ў прэсе прыкладна ў 2013 годзе. Каталізатарам для спекуляцый стала публікацыя ў «Washington Post», аўтар якой, са спасылкай на інсайдарскую інфармацыю, пісаў, што ў кулуарах сям’і прынята рашэнне пра ўваходжанне Чэлсі ў палітыку. У 2014 годзе ў інтэрв’ю часопісу «Fast Company» сама Чэлсі пацвердзіла, што збіраецца ў будучым заняцца «сямейным бізнесам».

Па сутнасці, такога развіцця падзей трэба было чакаць, і не толькі таму, што палітычныя дынастыі — напрыклад, Кенэдзі або Буш, — дастаткова распаўсюджаная за акіянам рэч. У Чэлсі фенаменальныя стартавыя пазіцыі для палітычнай кар’еры. Дачка экс-прэзідэнта Чэлсі Клінтан, якая нарадзілася ў 1980 годзе, вельмі пазнавальная сярод амерыканцаў. У Чэлсі за спіной цудоўная адукацыя — каледжы Оксфарда, Стэндфарда, Калумбійскі і Нью-Ёркскі ўніверсітэты. Ужо ў 13 гадоў Чэлсі ўзялі на практыку ў адну з вядучых сусветных кансалтынгавых кампаній. У 21 год яна пачала працаваць спецыяльным карэспандэнтам NBC, каб з часам перабрацца ў фатэль віцэ-старшыні Фонду Клінтанаў.

Сваю працу ў Фондзе яна сумяшчае з працай выкладчыка. Цікавіцца Чэлсі Клінтан таксама кінамастацтвам, і нават стала прадзюсерам адной дакументальнай стужкі. Цяжка ўявіць, аднак Чэлсі Клінтан пры такім шчыльным графіку паспела яшчэ і пабрацца шлюбам. Яе муж — банкір Марк Мезвінскі. Пара гадуе 11-гадовую дачку Шарлоту. Паколькі муж паходзіць з кансерватыўнай яўрэйскай сям’і, Чэлсі цяпер цікавіцца яшчэ і іудаізмам.

Атрыманне высокага рангу ў палітыцы, падаецца, лагічна для ўладальніка падобнай біяграфіі. Адзінае, наконт чаго спрачалася прэса, якім чынам маладая Клінтан збіраецца выйсці на палітычную авансцэну? Адны каментатары лічылі, што Чэлсі адразу высуне сваю кандыдатуру ў Кангрэс ад Нью-Йорка. Іншыя меркавалі, што перад балаціроўкай яна засвеціцца ў прэзідэнцкай кампаніі маці. Як бачым, перамаглі другія.

На момант прыняцця рашэння такі план, сапраўды, выглядаў больш аптымальным. Ёсць разлікі на тое, што Хілары Клінтан з трыумфам уедзе ў Белы дом. Пры гэтым частка яе сімвалічнага капіталу перападзе Чэлсі, якая будзе актыўна дапамагаць маці ў кампаніі, што і стане падмуркам для яе кар’еры. Калі верыць прэсе, Чэлсі адказвае за збор сродкаў і агітацыйную працу ў штатах, дзе павінны адбыцца праймерыз.

Але на выхадзе ўсё атрымалася не так бліскуча з-за балаціроўкі сенатара Берні Сандэрса, якога падтрымаў значны сегмент дэмакратаў. Пры гэтым церпіць ад папулярнасці Берні не толькі Хілары, аднак і Чэлсі. Асноўная прычына звязаная з рыторыкай Сандэрса, які пазіцыянуе сябе ў якасці абаронцы інтарэсаў працоўнага і сярэдняга класаў, што не мае інструментаў уплыву на лёс краіны. Паводле яго словаў, сапраўдная ўлада знаходзіцца ў руках прадстаўнікоў буйнога бізнесу і вузкай палітычнай эліты. Чэлсі Клінтан як сябра старой палітычнай дынастыі шмат для каго выглядае як ілюстрацыя апісанай Сандэрсам мадэлі. Асабліва калі ўзгадаць, што Чэлсі Клінтан сябруе з Дональдам Трампам — лідарам рэспубліканскага праймерыз, фармальна самым заклятым ворагам дэмакратаў.

У дадатак Чэлсі — неафіт у палітыцы, і сама дае падставы для замацавання за сабой іміджу «мажора». Так, прапанову Сандэрса — скараціць колькасць вязняў у турмах Штатаў, яна раскрытыкавала са спасылкай на тое, што Берні, у адрозненне ад яе маці і таты, не ведае, як працуе сістэма.

Часам Чэлсі выдае розныя перлы. Напрыклад, падчас аднаго з мітынгаў яна выпадкова назвала Берні «прэзідэнт Сандэрс», што моцна павесяліла публіку. У другі раз яна публічна паскардзілася на тое, што жыхары Лос-Анжэлеса лічаць яе маці вельмі халоднай і несяброўскай персонай.

Цень на перспектывы палітычнай кар’еры Клінтан-малодшай кідае і нарастаючы скандал вакол Фонду Клінтанаў. Некаторыя палітолагі лічаць, што ўстанова па сутнасці з’яўляецца механізмам для легальнага атрымання хабараў за лабізм. Зараз ФБР працягвае вывучаць гісторыю з выкарыстаннем экс-дзяржсакратаром асабістай паштовай скрыні для дзелавой перапіскі. Выдаленыя Клінтан 30 тысяч лістоў аднавілі, чытаюць, і ў любы момант могуць усплыць вельмі кампраметуючыя для кіраўніцтва Фонду факты.

Шлях Чэлсі Клінтан наверх будзе няпросты, таксама ў тым ліку таму, што палітычны дыскурс у ЗША мяняецца. Пасля амаль 30-гадовага дамінавання ліберальных ідэяў ёсць запыт на нешта новае.

Між тым, пасля правалу на праймерыз у Невадзе адмовіўся балатавацца ў прэзідэнты Джэб Буш — прадстаўнік сямейства Бушаў. Ці працягне сваю кар’еру Чэлсі пасля кампаніі 2016 года? Думаецца, усё будзе канчаткова залежыць ад фінальных вынікаў кампаніі яе маці. У выпадку перамогі пра цяперашнія праколы Чэлсі, натуральна, забудуць. У любым выпадку, у яе ёсць жалезнае алібі, каб у выпадку форс-мажору дастойна пакінуць кампанію — улетку Чэлсі чакае другое дзіця.

Каментаваць