Праўда пра Курапаты ў Чарнігаве

19 чэрвеня ў Чарнігаўскім абласным маладзёвым цэнтры (Украіна) адкрылася дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні».

У адкрыцці выставы, падрыхтаванай беларускай грамадзянскай ініцыятывай «Эксперты ў абарону Курапатаў» разам з Украінскім інстытутам нацыянальнай памяці, прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых ўладаў, прэсы і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку актывісты «Беларускага нацыянальна-культурнага таварыства “Сябры”», вайскоўцы Чарнігаўскага гарнізону і аўтар гэтага артыкула.

Сярод выступоўцаў – намеснік кіраўніка Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Наталія Раманава, святар кафедральнага сабору святой вялікамучаніцы Кацярыны Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Евген Орда, які правёў малебен за спачын душаў бязвінных ахвяраў чырвонага тэрору, каардынатар Чарнігаўскай суполкі сеткі «Вольныя людзі», краязнаўца Олександр Ясенчук, дэпутат Дзяснянскай раённай рады Чарнігава Юніс Аскеров.


Як зазначыў прадстаўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці ў Чарнігаўскай вобласці Сергій Бутко, пасля вызвалення Славянску 5 ліпеня 2014 году ў горадзе былі знойдзеныя тры таемныя пахаванні мірных жыхароў, замардаваных прарасійскімі баевікамі. Прычым, гэтыя пахаванні такога тыпу, як ва ўкраінскай Быкаўні каля Кіеву ці ў беларускіх Курапатах пад Мінскам, заўважыў даследчык.

Паводле яго, у 2014 годзе расійскі агрэсар не проста акупаваў Крым, частку Данеччыны і Луганшчыны, але прынёс смерць і руйнаванні, як ў часы камуністычнага таталітарнага рэжыму.

«Непакаранае і неасуджанае зло вяртаецца. Нам важна апавядаць пра міжнародны маштаб злачынстваў камунізму. Не абмяжоўвацца толькі вядомымі нам месцамі злачыну на тэрыторыі Украіны. Мы разумеем, што свет патрабуе асуджэння. Гэтае асуджэнне мажлівае толькі як вынік супрацы прадстаўнікоў усіх народаў, якія пакутвалі ад дзеянняў таталітарнага рэжыму», — пакрэсліў Сергій Бутко.

Далей ён звярнуў увагу на наступнае:

1) Расстрэлы ахвяраў комунізму ў Курапатах здзяйснялі на месцы пахаванняў (дарэчы, як і нацысты), а на Чарнігаўшчыне забівалі ў катавальнях НКВД і потым адвозілі трупы ахвяраў у месцы таемных пахаванняў
2) Каля 90% ахвяраў – цывільныя жыхары: інтэлегенцыя, чыноўнікі, сяляне і рабочыя.
3) У Беларусі зафіксавана 19 вялікіх пахаванняў ахвяраў чырвонага тэрору, ва Украіне  – 18.
4) Даследаванні злачынстваў камунізму ў Курапатах абапіраюцца выключна на матэрыялы раскопак, успаміны і сведчанні, а Быкаўні – яшчэ і на вялікую базу архіўных дакументаў.
5) Ва Украіне – прапаганда, ухваленне злачынстваў савецкага таталітарызму, ягоных дзеячаў і сімвалаў знаходзяцца пад крымінальным пераследам. У нашых суседзяў такога яшчэ няма. Аднак нашыя дасягненні аплачаныя крывёю каля 10 тысячаў ахвяраў, забітых расійскім агрэсарам з 2014 года, а таксама пакутамі 1 мільёна 500 тысячаў вымушаных перасяленцаў.


Сергій Бутко падкрэсліў, што выстава з’яўляецца міжнародным праектам, вынікам супрацы беларускай грамадзянскай супольнасці з украінскай дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю Украіны.
   
Мяркуецца, што выстава тры тыдні будзе дэманстравацца ў Чарнігаве, а потым пачне вандраваць па 22 раёнах Чарнігаўскага вобласці. Прычым першымі з выставай пазнаёмяцца жыхары памежнага з Беларуссю Рэпкінскага раёна Чарнігаўшчыны.

Трэба адзначыць, што на адкрыццё выставы, якое прайшло надзвычай кранальна, сабралася каля 100 чалавек. Была агучана прапанова аб неабходнасці збору подпісаў у падтрымку актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасці — абаронцаў Курапатаў ад недабрасумленных бізнесоўцаў і чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да ўзвядзення і адкрыцця рэстарацыі «Поедем поедим» у ахоўнай зоне нацыянальнага некропалю.  

Здымкі аўтара і супрацоўніка УІНП Сергія Горобца 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць