Праваслаўе можа быць прыцягальным

Знешне эстонскае праваслаўе мала чым адрозніваецца ад маскоўскага, хіба што асноўнай мовай набажэнстваў. Аднак тут яно нечакана падалося мне чымсці цікавым і нават прывабным. 



Жанчыны-сету і праваслаўныя святары. Крайні злева — мітрапаліт Стэфан


Я хрысціўся ў прыстасаваным пад храм брызентавым вайсковым намёце ў Мінску, на вуліцы Прытыцкага. У тым намёце з скрыпучым драўляным насцілам і печкай-буржуйкай было нешта ад духу першых хрысціянскіх цэркваў. І не толькі ў ім, уся праваслаўная царква здавалася жывой і свежай. Тады мне зусім не сорамна было прызнацца, што я праваслаўны, бо гэта азначала толькі прыняцце мной Хрыстовага дабравесця. 
 
 
 

Дык вы верыце ў Бога? — Не, я праваслаўны

 
 
 
Даўно няма таго намёту, а я цяпер хаваю сваю прыналежнасць да праваслаўнай царквы, хаця па-ранейшаму лічу сябе хрысціянінам. 
 
 
Бо што азначае сёння быць праваслаўным у Беларусі або Расіі? Не ў сферы асабістага рэлігійнага досведу, а ў сацыяльным вымярэнні. У найлепшым выпадку — нічога. Працытую пачутае ў рэальным жыцці: «Дык вы верыце ў Бога? — Не, я праваслаўны, як усе». У найгоршым — гэта азначае, што ты мусіш падзяляць ідэю «славянскага братэрства», кляйміць «заходнія каштоўнасці» і падтрымліваць аўтарытарны рэжым, бо ён тым каштоўнасцям супрацьстаіць, быць нецярпімым і абмежаваным. І ў любым — несці частку адказнасці за сумнеўныя дзеянні і выказванні царкоўных іерархаў, якіх было нямала за апошнія гады. 
 
 
«Беззаконны кіраўнік, уладалюбівы архірэй, фанатычны прыхільнік даўніны» — гэтых трох называў калісці праціўнікамі Хрыста ў сваім крэда а. Аляксандр Мень. Засцерагаючы, што яны належаць не толькі евангельскай эпосе, але адраджаюцца ў любы час, у розным выглядзе. Гэтыя трое, як мне падаецца, пачалі вызначаць мірское аблічча праваслаўя. Засланяючы сабой увесь рэлігійны змест і ўсю яго прыгажосць. 
 
 
Сюды яшчэ можна дадаць «дух сектанцтва», пра які пісаў архіяпіскап Іаан Сан-Францыскі (Шахоўскі): 
 
 
«У цяперашні час можна сустрэць "праваслаўнага" — сапраўднага сектанта па духу свайму: фанатычнага, нелюбоўнага, рацыянальна вузкага, які ўпіраецца ў чалавечую кропку, не таго, хто жадае, прагне праўды Божай, але перасычанага ганарлівай сваёй праўдай, які строга судзіць чалавека з вяршыні гэтай сваёй уяўнай праўды — вонкава дагматычна правай, але пазбаўленай нараджэння ў Духу». 
 
 
У пэўны момант я пачаў думаць, што праблема ў самім праваслаўі. Маўляў, яно заганнае па сваёй прыродзе, рэакцыянерства закладзена ў яго генах, іначай і быць не можа. 
 
 
Можа быць іначай, прычым тут і цяпер. 
 
 
 

У другарадным — свабода 

 
 
Я пераканаўся ў тым на ўласныя вочы, калі выпадкова трапіў на мерапрыемства, прысвечанае 90-годдзю аўтаноміі Эстонскай Апостальскай Праваслаўнай Царквы. Гэта быў традыцыйны злёт праваслаўнай моладзі Ortofest, што  праходзіў у эстонскім пасёлку Вярска — цэнтры Сетумаа, гістарычнай вобласці пражывання народа сету, які вызнае праваслаўе з XVI стагоддзя. 
 
 
Калісці рускія суседзі называлі сету «паўверкамі» — за наяўнасць у іх культуры шматлікіх язычніцкіх элементаў. 
 
 
«Галоўны паганскі бог сету — Пеко ў народным эпасе папросту сустракаецца з Хрыстом, гутарыць з ім, раіцца... І яны ніколі не спрачаюцца, хто з іх галоўней», — піша галоўны рэдактар парталу gazeta.lv Віктар Падлубны. 
 
 
Сету дасюль выбіраюць сабе караля ў першую суботу жніўня — галасуюць за яго, становячыся ў чаргу за прэтэндэнтамі, за кім чарга акажацца даўжэй, той і будзе каралём Сетумаа на цэлы год, будзе бачыць сны і расказваць пра іх свайму народу.  Ён жа адначасова з'яўляецца прадстаўніком... бога Пеко.  
 
 
Здавалася б, праваслаўная царква мусіць бязлітасна выкарчоўваць такое цемрашальства. Вунь, у Варонежскай вобласці бяскрыўдны Дзень Нэптуна з падачы царквы  забаранілі. І дыякан Андрэй Кураеў, ці не найбольш вальнадумны праваслаўны публіцыст у Расіі на сённяшні дзень, выступіў у падтрымку гэтай забароны — бо гэта вам не жартачкі! Па той логіцы, што «сёння ты граеш джаз, а заўтра...»
 
 
Падобна, эстонскім святарам такая логіка не ўласцівая. Яны хутчэй кіруюцца прынцыпам іканаміі — развязвання спрэчных пытанняў з пазіцыі літасці, які дае магчымасць прымаць рашэнне, што парушае літару царкоўнага канону, але не супярэчыць яго духу. Ці лютэранскім (а Эстонія ўсё-ткі традыцыйна лютэранская краіна) прынцыпам адыяфоры — пад якой маецца на ўвазе тое, што не істотна для веры і выратавання, аднак можа быць дазволена хрысціянам.
 
 
Я не магу выступаць у ролі эксперта па такіх пытаннях, але мне здаецца, што спакойнае стаўленне да пэўных элементаў фальклору, народных звычаяў — пазіцыя больш разважлівая і вытрыманая. 
 
 
Сакаріас Яаан Леппік, які служыць святаром у Вярска, расказаў, што калі бліжэй пазнаёміўся з сету, дык проста закахаўся ў іх. Ён з захапленнем распавядаў пра элементы іх культуры, нават пра добра знаёмую беларусам трапезу на могілках у Дзень памінання памерлых — традыцыю, якую ў нашых шыротах прынята бэсціць як нешта бязбожнае, антыхрысціянскае. Святар тлумачыў яе з хрысціянскага пункту гледжання — хіба не сведчыць тая трапеза пра непасрэднае перажыванне таго, што памерлыя застаюцца жывымі і мы можам падтрымліваць з імі сувязь?
 
 
У праграму мерапрыемства ўваходзілі народныя танцы сету на паляне пад канцэрціну (мініяцюрны гармонік). Не тое каб у нас танцы забараняліся праваслаўнай царквой, але дасюль можна сустрэць дыскусіі на тэму — грэх ці не грэх? А часам і меркаванні асобных святароў, што гэта ўсё-ткі «згубны» занятак. Звыклы да таго, што праваслаўныя дэманстратыўна цураюцца свецкіх забаваў, я быў троху здзіўлены лёгкасцю і  нязмушанасцю, з якой танчылі ўдзельнікі злёту на вачах у мітрапаліта.   
 
 
 
Удзельнікі сустрэчы з Беларусі прадставілі Купальскія спевы і зладзілі даволі складаны карагод
 
 
Зрэшты, сам мітрапаліт Стэфан здзівіў мяне яшчэ болей. І не толькі тым, што быў лёгка даступны для размовы, чым я і скарыстаўся. Увечары, калі ўдзельнікі сустрэчы ад розных краінаў прадстаўлялі які-небудзь нацыяльны музычны нумар, ён навучыў прысутных спяваць французскую дзіцячую песню  «Le coq est mort» («Пеўнік памёр») з такім прыпевам: «Il ne dira plus co-co-di, co-co-da» («Ён больш не праспявае ку-ка-рэ-ку»). Французскую, бо мітрапаліт, грэк-кіпрыёт з паходжання, нарадзіўся ў Бельгійскім Конга, потым сорак гадоў жыў у Францыі.   
 
 
 
Мітрапаліт Стэфан развучае з праваслаўнай моладдзю песню «Le coq est mort»
 
 
Марта Цалпіньска, старшыня Брацтва праваслаўнай моладзі ў Беластоку, сказала потым: «Гэта так... незвычайна. Ну, ведаеце, у нас мітрапаліт — вельмі сур'ёзная постаць, амаль недасяжная. Немагчыма ўявіць, каб ён вось так спяваў, тусіў проста разам з усімі». 
 
 
Я спрабаваў крыху патроліць мітрапаліта і яго памочніка, запытаўшыся ў іх, ці не здаецца ім сур'ёзнай пагрозай тое, што эстонцы пастаянна чартыхаюцца. У літаральным сэнсе, некаторыя праз слова дадаюць — «kurat» (чорт, эст.). 
 
 
Яны доўга не маглі зразумець, чаго я ад іх хачу. Памочнік з усмешкай прыгадаў, што «сам у маладосці часта ўжываў гэтае слова для запаўнення паўзаў». Але ў цэлым узнятая мной праблема падалася ім цалкам другараднай і не вартай увагі. Хай сабе чартыхаюцца, абы людзьмі былі добрымі. 
 
 
Ёсьць вядомае хрысціянскае выказванне, якое дэкларуе: у другарадным — свабода («у галоўным адзінства, у другарадным свабода, ва ўсім — любоў»). Але ў нас сферу другараднага максімальна звужаюць, разам з ёй зводзячы на нішто і свабоду. Або запісваюць свабоду ў  другараднае, маючы на ўвазе «непажаданае». Тым часам як тут сферу другараднага наадварот пашыраюць, пашыраючы разам з ёй і прастору свабоды. 
 
 

У баку ад шырокага шляху

 
 
Вышэй я казаў, што некалі пачаў бачыць праблему ў самім праваслаўі. Убранне царквы, літургічныя асаблівасці, знешні выгляд святароў, манера хрысціцца і станавіцца на калені — усё адштурхоўвала, здавалася матэрыяльным носьбітам заганнага рэакцыянерства.  
 
 
Знешне эстонскае праваслаўе мала чым адрозніваецца ад маскоўскага, хіба што асноўнай мовай набажэнстваў. Аднак тут яно нечакана падалося мне чымсці цікавым і нават прывабным. Дастаткова было выйсці за межы Маскоўскага патрыярхату і «рускага свету». Каб царква стрэсла з сябе налёт дзяржаўнасці, перастала быць ідэалагічным аддзелам,  збочыла з шырокага шляху, які вядзе вядома куды. Адным словам, вярнула сабе першапачатковае прызначэнне.  
 
 
Я знайшоў пацвярджэнне таму, што гэта не толькі маё мімалётнае ўражанне. Пакуль Лютэранская царква, традыцыйная ў гэтым рэгіёне канфесія, губляе прыхаджанаў, колькасць праваслаўных расце. Не толькі ў Эстоніі, але і ў Фінляндыі, напрыклад.  
 
 
У чым жа прыцягальнасць праваслаўнай царквы па-за межамі яе традыцыйнага панавання? Пэўна ж, ачышчаная ад статусу «традыцыйнай», яна мае прыкметы «вузкага шляху». Больш падрабязны адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў бакалаўрскай працы, прысвечанай катэхізацыі, фінскай праваслаўнай верніцы Р.-Х. Кэмппі.
 
 
Прычыны пераходу ў праваслаўе, якія называюць празеліты, часам выглядаюць прадказальнымі. Яны скардзяцца на рэлігійнасць «без пахаў, колераў і смаку», слабасць і зменлівасць традыцый у лютэранстве, залішнюю пагоню за модай, тады як у праваслаўі яны знаходзяць «крэпасць, на якую можна абаперціся і пабудаваць хрысціянскае жыццё». Кагосці прываблівае большая містычнасць — як супрацьлегласць лютэранскаму рацыяналізму, што «імкнецца патлумачыць усё да канца», не пакідаючы месца для таямніцы. Багатае богаслужбовае жыццё, урачыстасць, прыгажосць, цеплыня — гэта не здзіўляе.  
 
 
Але калі пра праваслаўную царкву гавораць, што яна «адкрытая для ўсіх», «блізкая», «літасцівая» і нават «вызваляючая», нічога не гаворачы пра яе ролю ў «збіранні зямель», «станаўленні дзяржаўнасці» і да т. п., тут брыво пачынае прыўздымацца: мо я чагосці не зразумеў у праваслаўі? 
 
 
Чытаеш тамсама выказванні праваслаўных фінскіх святароў, прыўздымаецца і другое брыво. «Трэба прымаць адрозненні і разнастайнасць і не асуджаць нікога. Нельга стаць праваслаўным, калі хочацца асуджаць лютэранскую царкву і сваё ранейшае царкоўнае жыццё», — кажа адзін. «Нам не патрэбны багаслоўскі або маральны праваслаўны паліцэйскі»,    — сцвярджае іншы. 
 
 
Міжволі думаеш: неяк яно... не па-праваслаўнаму гучыць. 
 
 

Прамаскоўская арыентацыя і адсутнасць «усяленскай свядомасці»

 
 
Андрэйс Крускоп, латыш, чые продкі былі лютэранамі з 16 стагоддзя, ажаніўся на грузінцы і перайшоў у праваслаўе. Паводле яго словаў, «у выпадку змешаных шлюбаў з каталікамі або праваслаўнымі, лютэране амаль заўсёды прымаюць дэнамінацыю жонкі/мужа, бо ім усё роўна, а каталікам ці праваслаўным — не ўсё роўна». 
 
 
У Латвіі, кажа Андрэйс, адток з лютэранства мае масавы характар. І тут справа не толькі ў змешаных шлюбах. 
 
 
«Лютэранін — ў большай ступені релятывіст ў душы. А нават калі і не релятывіст, то лічачы, што Бог у яго ўсё роўна заўсёды ўнутры прысутнічае, дык няма патрэбы належаць да  Царквы. Таму спачатку ўзнікае практыка рэдкага наведвання храма, а затым і яе поўная адсутнасць», — тлумачыць Андрэйс. 
 
 
«Калі лютэранін не слабее ў веры і сур'ёзна паглыбляецца ў хрысціянскае веравучэнне, то ён рана ці позна не можа не сутыкнуцца з пытаннем таінстваў, іх дзеяння, іх законнасці (скажам, калі гаворка ідзе пра Еўхарыстыю, то непазбежна ўзнікае пытанне, а па якім праве пастар яе здзяйсняе — гэта значыць, пытанне аб неабходнасці таінства пасвячэння). Узнікае патрэба ў сакральным, чаго лютэранін у сваёй царкве, калі не лічыць выпадкаў самаўнушэння, не знаходзіць», — разважае мой суразмоўца. 
 
 
Аднак, нягледзячы на тое, што Андрэйс «паставіўся сур'ёзна» да пераходу ў праваслаўе і «актыўна практыкаваў», урэшце ён перайшоў у каталіцтва. Бо сутыкнуўся ў праваслаўнай царкве з трыма праблемамі: 
 
«1) Напружаныя адносіны паміж рускімі і латышамі ў рамках праваслаўных абшчынаў, адсутнасць усяленскай свядомасці; 2) Палітызаванасць — у сэнсе прамаскоўскай арыентацыі, распаўсюджванне ў храмах расісцкай літаратуры; 3) Неадпаведнасць таго, што святары кажуць аб каталіцызме і таго, што прысутнічае ў вартых даверу крыніцах, іншымі словамі — хлусня з боку святароў...» 
 
 
Таму Андрэйс, знайшоўшы каталіцкую суполку, дзе панаваў  «мірны дух сярод людзей розных нацыянальнасцяў», прыняў каталіцтва. 
 
 
Заўважу, што падобныя праблемы не ўзнікаюць у аўтаномных цэрквах Фінляндыі і Эстоніі, якія знаходзяцца ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. 
 
 
Калісці мае знаёмыя праваслаўныя з БПЦ (МП) бэсцілі маю схільнасць да аўтакефаліі або ўніяцтва як патуранне нейкім другарадным эмоцыям, засяроджанасць на вонкавым і залішнюю палітызаванасць. Не разумеючы, што для чалавека, як сацыяльнай істоты, можа быць невыносным знаходжанне ў чужароднай абалонцы. 
 
 
Дык, можа, з абалонкай нешта не тое, а не з тымі, хто ад яе вызваляецца? 

Каментаваць