«Правы сектар» як прывід незавершанай рэвалюцыі

Што ж азначаюць падзеі ў Закарпацці і якія наступствы яны будуць мець? Мяркую, гэта — крызіс хваробы, пасля якога можа наступіць як паляпшэнне, гэтак і пагаршэнне здароўя, ажно да смерці хворага.

 

Пра трагедыю ў Закарпацці Пётр Парашэнка сказаў, апроч іншага, што трэба «разблытаць клубок старых праблемаў». Але многія ва Украіне задаюцца пытаннем — ці не з'яўляецца прэзідэнт часткай праблемы, а не яе вырашэннем?

Гэты клубок праблемаў («кланавасць, кантрабанда, карупцыю, як сказаў Парашэнка) справакаваў рэвалюцыю паўтары гады таму. Як кажа Уладзімір Савельеў, кіеўскі гісторык і філосаф, «ніводная рэвалюцыя не заканчваецца сама па сабе, пакуль не вырашана асноўнае пытанне, якое прывяло чалавечыя масы ў рух».

«Закон прыроды няўмольны — калі Керанскі не адказвае на пытанне, прыходзяць Ленін і Троцкі. Калі на пытанне не адказвае Скарападскі — прыходзіць Пятлюра. Дэталі не важныя — ці гэта спекуляцыя на «асноўным пытанні», ці гэта нехта шчыра вырашыў, што ўсё, прыйшоў час вырашаць яго радыкальна», — сцвярджае Уладзімір.

«Свой сукін сын» і проста «сукін сын»    

Відавочна, што асноўныя пытанні, узнятыя Майданам, дасюль не вырашаныя. Гэта яскрава пацвердзіла закарпацкая драма. Дастаткова паглядзець, што з сябе ўяўляюць яе асноўныя фігуранты, а гэта дзейныя народныя дэпутаты Віктар Балога і Міхаіл Ланьё, ураджэнцы Закарпацця. Канфлікт паміж імі, ці іхнімі кланамі, выліўся 11 ліпеня ў страляніну з выкарыстаннем буйнакаліберных кулямётаў і гранатамётаў, у выніку якой ёсць загінулыя і параненыя, у тым ліку выпадковыя мінакі. 

Закарпацце даволі часта называюць «украінскай Сіцыліяй». Пішуць, што яно «па ўзроўні пранікнення мафіёзных структураў у жыццё рэгіёну і ўладу не саступае Данбасу». Ну, а цэнтральнае месца ў закарпацкай іерархіі займае клан Балогаў. Менавіта на гэты клан падчас апошніх парламенцкіх выбараў зрабіў стаўку Парашэнка — у яго выбарчым спісе было трое братоў Балогаў. Уключэнне такіх персон у прэзідэнцкі выбарчы спіс выклікала неўразуменне і крытыку. У адказ вялося пра неабходнасць кансалідацыі розных сілаў дзеля захавання стабільнасці. Як быццам выбар у прэзідэнта быў паміж кепскім і горшым — Балогу хоць і лічаць бандытам, але адначасова патрыётам, да таго ж, з праеўрапейскімі поглядамі. Калі не Балогі, дык галаву падыме іншы, пракрамлёўскі клан.

Міхаіл Ланьё — чалавек з крымінальнай біяграфіяй, прадстаўнік іншага закарпацкага клану, які звязваюць з Віктарам Медведчуком, кумам Уладзіміра Пуціна. Балога калісці ахарактаразаваў Ланьё як  «тыповага саўковага бандыта». І яшчэ ў часы Януковіча казаў, што абранне таго дэпутатам  «ганьбіць дзяржаву, ганьбіць прэзідэнта, ганьбіць Украіну». Калі дэпутацтва гэтага чалавека ганьбіла Украіну падчас прэзідэнцтва Януковіча, што казаць пра пострэвалюцыйную Украіну? Тым часам Ланьё, былы «рэгіянал», які галасаваў за «дыктатарскія законы» 16 студзеня 2014 году, цяпер з'яўляецца членам камітэту Вярхоўнай Рады... па прадухіленню і супрацьдзеянню карупцыі. Якая насмешка з даўно чаканай  люстрацыі!

Асноўны бізнэс закарпацкіх кланаў — гэта кантрабанда ў краіны Еўрасаюза, балазе Закарпацце мяжуе адразу з чатырма, ліквідных тавараў, у прыватнасці цыгарэтаў. Менавіта за кантроль над кантрабанднымі патокамі і вядзецца жорсткая канкурэнцыя. У гэтым выпадку яна скончылася стралянінай і вайсковай аперацыяй.

Дык ці варта было прэзідэнту, які прыйшоў з абяцаннем «жыць па-новаму», рабіць стаўку на ўмоўных «сваіх сукіных сыноў»? То бок уключацца ў барацьбу паміж кланамі, замест таго, каб змагацца з крымінальнымі кланамі як такімі.

Пераразмеркаванне кантрабанды ў межах закону 

Старшыня закарпацкай абладміністрацыі Васіль Губаль зрабіў цікавую агаворку: «Пераразмеркаванне кантрабандных патокаў, вядома, яно заўсёды было ў Закарпацці, але, калі гэта пераразмеркаванне кантрабандных патокаў, то гэта не так мае высвятляцца. Гэта мае высвятляцца законным шляхам, у межах закону», — сказаў чыноўнік.

Палітолаг, былы ротны батальёну «Айдар», Яўген Дзікі такім чынам пракаментаваў ягоныя словы:

— Так, у іх гэта ўсё вырашалася "у межах закона" — іх закона, з іх жа судамі і іх апаратам прымусу. А тут з'явіліся гэтыя вось — "правасекі"-беспрыдзельшчыкі, па-за іх сістэмай, але "раптам" з такімі ж апетытамі. А яшчэ — са зброяй, і уменнем яе ўжываць... Свет пасля Мукачава змяніўся. Цяпер "у межах закона" больш не атрымаецца. Атрымаецца адно з двух — або сапраўды па законе, калі кантрабанду не трэба будзе пераразмяркоўваць паміж нардэпамі з двух канкуруючых кланаў, таму што яна ўся будзе па-за законам і замазацца аб яе  будзе азначаць канец любой палітыкі, кар'еры і да т.п., ці ж так вось, з дапамогай зброі. У абодвух выпадках ІМ больш няма месца.

Прывід рэвалюцыі

Чым жа з'яўляецца «Правы сектар», якая яго роля ў гэтай гісторыі? Пакуль зарана рабіць адназначную выснову. ПС абвінавачваюць ва ўдзеле ў крымінальных разборках за перадзел кантрабандных патокаў і правакаванні страляніны. У той жа час «Правы сектар» настойвае: яны сталі ахвярамі правакацыі, стралялі ў адказ у межах самаабароны, а прычынай здарэння стала іх актыўнае супрацьдзеянне мясцовай мафіі. Страляніну, па словах прадстаўнікоў арганізацыі, распачалі людзі народнага дэпутата Міхаіла Ланьё, сілавікі ж дзейнічалі ў згодзе з мясцовай мафіяй.

Некаторымі прадстаўнікамі «Правага сектара» выказваецца і канспіралагічная версія — гэта «рэжым унутранай акупацыі», як яны называюць украінскую ўладу, мэтанакіравана зладзіў правакацыю супраць бескампрамісных патрыётаў.

Пакуль няма яснага ўяўлення аб тым, што на самой справе стаіць за падзеямі ў Закарпацці. Зрэшты, як сказаў народны дэпутат Барыслаў Бяроза, колішні старшыня інфармацыйнага аддзелу «Правага сектару», нават Дзмітры Яраш, лідар арганізацыі, не зусім разумее, што адбылося і перабывае ў разгубленасці. Таксама магчыма, дадаў ён, Яраш згубіў кантроль над аддзяленнямі арганізацыі ў шэрагу рэгіёнаў.

Полк «Азоў», які можна назваць саюзніцкім у дачыненні да «Правага сектару», зрабіў афіцыйную заяву з нагоды драматычных падзеяў: «Узброеная канфрантацыя ў Закарпацці, якая прывяла да крыві і гібелі некалькіх людзей, справакаваная супрацьстаяннем крымінальных груповак, узначаленых народнымі дэпутатамі Украіны Міхаілам Ланьо і Віктарам Балогам. Вельмі шкада, што ў канфлікт за права "крышаваць"  кантрабанду ў рэгіёне аказаліся ўцягнутыя ўкраінскія патрыёты».

На мой погляд, не мае вялікага значэння, ці былі члены закарпацкага аддзялення ПС бескампраміснымі змагарамі з мафіяй, якія дзейнічалі ў межах «рэвалюцыйнай законнасці», ці яны самі выступілі ў ролі адной з гангстарскіх груповак, ці яны былі патрыётамі, ўцягнутымі ў канфлікт за пераразмеркаванне кантрабандных патокаў.

Падчас Майдану «Правы сектар» стаў нечым кшталту адрэналіну (ці азвярыну, калі заўгодна), выпрацаваным грамадскім арганізмам у патрэбны момант. Сёння я б параўнаў яго з прывідам рэвалюцыі. Прывідам, які дакарае, абвінавачвае і турбуе. Бо рэвалюцыя не завершаная. І яе прывід не супакоіцца, пакуль не будзе выкананае патрабаванне, якое ляжала ў яе аснове, — выкараненне дашчэнту прагнілай карупцыйнай сістэмы.

Нават калі канкрэтныя байцы проста прыйшлі «узяць сваё», запатрабаваць даўжок за тое, што яны пралівалі кроў на барыкадах у Кіеве і на данбаскім фронце, яны ўзніклі менавіта таму, што перамены адбываюцца вельмі павольна, сістэма ў значнай ступені застаецца той жа самай. І таму з'яўляецца заканамернае пытанне: «Чаму ім можна, а нам — не?»

Яўген Дзікі кажа, што яго здзіўляе «беспадстаўная палярнасць дыскусіі вакол Мукачава».

«Або-або: або героі з ПС выступілі вайной супраць карупцыі, а злыя мянты іх нявінна мочаць ва ўгоду рэгіяналам і алігархам; або правакатары-нацысты спрабавалі падмяць пад сябе кантрабандны трафік, пры гэтым замачылі мірнага жыхара, прыкрываліся маленькім хлопчыкам (добра, што хоць не укрыжаваным) і сеюць у краіне хаос грамадзянскай вайны. У рамках такой фальшывай дылемы усё відавочна і безнадзейна крывава: або масавае паўстанне супраць рэжыму, або татальная зачыстка ўсіх добраахвотніцкіх бандфарміраванняў, — тлумачыць ён. — У межах абсалютна фальшывай дылемы "правасекі vs мянты" меншым злом выглядае зграйка лясных бандытаў — у параўнанні з цэлай сістэмай прадажных мянтоў-пракурораў-суддзяў-дэпутатаў-міністраў».

«Пакуль "новая" улада будзе крышаваць крымінал і карупцыю, нібыта ёй гэта цалкам дазволена, рэгулярна будуць  знаходзіцца франтавікі, якія цалкам лагічна спытаюць "а чаму ім дазволена, а нам не?", і замест таго, каб пытацца дазволу, возьмуць сваё зброяй, — працягвае Дзікі. — Калі мы сапраўды хочам жыць у нармальнай краіне, нам нельга дазволіць загнаць сябе ў гэтую дылему. У краіне, дзе ўлада будзе дзейнічаць па законе, усякія "робінгуды" будуць пазбаўленыя грамадскай падтрымкі і вельмі хутка перавядуцца. У краіне татальнай карупцыі рана ці позна тысячам грамадзян прыйдзецца стаць "робінгудамі", і пачнецца "разборка" ўсіх супраць усіх — вайна, у якой не будзе пераможцаў. Выбар за намі».

Змагацца за лепшую краіну разам

Што ж азначаюць падзеі ў Закарпацці і якія наступствы яны будуць мець? Мяркую, гэта крызіс хваробы. Пасля якога можа наступіць як паляпшэнне, гэтак і пагаршэнне здароўя, ажно да смерці хворага. І тут вельмі шмат будзе залежаць ад волі пацыента да жыцця. Калі пасля закарпацкай драмы будзе зроблена выснова, што з карупцыяй немагчыма далей мірыцца, прыхоўваючы яе красамоўнымі фразамі, імітуючы барацьбу з ёй, немагчыма далей абапірацца на старую гвардыю,  якая загразла ў карупцыі, а трэба бязлітасна яе выкараняць, значыць пацыент будзе жыць.

У Марыупалі я прысутнічаў на мітынгу каля РАУС Кастрычніцкага раёну, зладжанага прадстаўнікамі мясцовага «Правага сектара» ды іхнымі прыхільнікамі. Мітынгоўцы падкрэслівалі, што не хочуць прававога хаосу ў дзяржаве, усё, чаго яны патрабуюць, гэта справядлівасць і закон. Яны задавалі пытанні, чаму гаворка ідзе толькі пра пакаранне байцоў «Правага сектара», а людзі дэпутата Ланьё, якія таксама былі ўзброеныя да зубоў, дасюль не арыштаваныя. Чаму гуляе на волі і цудоўна пачуваецца, напрыклад, Рінат Ахметаў, які, па іх словах, справакаваў вайну на Данбасе. Чаму не спыняецца кантрабанды гандаль з акупаванымі тэрыторыямі. Чаму падчас «перамір'я» па-ранейшаму ліецца кроў. І г.д., і да т.п. 

Да групы мітынгоўцаў выйшаў начальнік РАУС лейтэнант Уладзімір Баганос, колішні камандзір батальёну «Днепр-1». Хаця я ўжо даўно знаходжуся ва Украіне, па старой памяці чакаў, што ён зараз дастане мегафон і скажа: «Грамадзяне, ваш мітынг несанкцыянаваны! Пераканаўчая просьба разыйсціся!». Аднак міліцыянт нечакана падтрымаў перакананні пратэстоўцаў і заклікаў іх прыходзіць на працу да яго ў РАУС, каб разам змагацца за паляпшэнне краіны..

«Я не маю права ацэньваць тое, што адбылося ў Мукачава. Але я падтрымліваю вашы патрабаванні наконт справядлівага разбіральніцтва і таксама лічу, што дэпутаты, якія крышуюць кантрабанду, маюць быць арыштаванымі... Вы ведаеце маё лаяльнае стаўленне да пабрацімаў з «Правага сектару». Аднак за апошнія паўтары гады я бачыў рознае. Я прайшоў праз Майдан, адкуль пінкамі пад зад выганяў псеўда-патрыётаў, якія п'янствавалі, ужывалі наркотыкі, кралі і да т.п. Былі і такія. У сям'і не без вырадка. Але ж мы займаліся ачышчэннем ад іх.  Трэба чысціць ад вырадкаў як уладу, так і шэрагі тых, хто называе сябе патрыётамі. Давайце рабіць гэта разам дзеля лепшай краіны», — сказаў Уладзімір Баганос.

Відавочна, менавіта такіх словаў, за якімі рушаць услед адпаведныя дзеянні, чакае ўкраінскае грамадства ад уладаў. 

Абмеркаванне:

  • Сябра
  • 2015-07-15 20:53:15
Чытаў шмат публікацый у розных СМІ, у тым ліку - расейскіх і украінскіх, па гэтай тэме. І лічу: у Зміцера атрымалася вельмі добра знайсці і галоўнае, і аргументы, і вельмі лаканічна, але дакладна
адлюстраваць акалічнасці, і аздобіць асабістымі ўражаннямі і інфармацыяй, якую здабыў на месцы, - зноў добра атрымалася. Чытаў з задавальненьнем. Дзякуй.
  • Расціслаў М.
  • 2015-07-15 21:09:20
Згодны. Усі (наколькі зараз было магчыма) кропкі над "і" пастаўлены. Хоць гэта і вельмі цяжка было па дадзенай праблеме - шмат чаго, на самой справе, друкавалася, з зусім рознымі
падыходамі.
  • М.П.
  • 2015-07-17 13:39:55
"Кропкі над "і"" яшчэ і само жыццё не паставіла. Таму і ніхто гэтую кропку пакуль не зможа паставіць. Але ж добра падсумавана і асэнсавана тое, што ўжо зараз вядома. І
тое, як развіваюццыа падзеі ў Закарпацці - доказ таго, штіо аўтар не памыліўся ў свіх выніках.
  • балога
  • 2015-07-16 00:50:06
спасибо за статью. балога
  • Big Bob
  • 2015-07-16 03:21:54
Это прикол типа? Тогда странный какой-то. Потому что ничего лестного для Балоги в материале я, например, не нашёл. Наоборот. .
  • Тарас
  • 2015-07-16 20:56:28
А как же "патриот с проевропейскими взглядами"? ;-)
  • Дзмітры Галко
  • 2015-07-17 16:17:35
Гэта не маё меркаванне аб ім, а створаны самім Балогай імідж. Натуральна, ён не з'яўляецца індульгенцыяй, пра што ў матэрыяле недвухсэнсоўна сказана.
  • Алеся
  • 2015-07-16 12:25:14
Понятно, что революции возникают не в прекрасные времена. Но, возникнув, они вскрывают такие глубины трагедии и грязи, что, наверное, это становится откровением и для самих революционеров: они знали,
что в стране неладно, но что ТАК плохо, наверное, и сами не подозревали. Интересно, такие открытия прибавляют сил борцам за справедливость или только могут заставить их опустить руки в бессилии перед
громадой этой страшной гидры?
  • Сторонник победителей
  • 2015-07-17 16:31:14
Конечно, и панических настроений там хватает. Но власть, как бы её ни ругали, всё-таки рулит кораблём, не давая ему пойти ко дну, а народ - матросы - и своё дело делают, и за "капитаном и
боцманом" наблюдают, потому как, помимо тех, кто скулит и паникует, есть те, кто понимают: взялся за гуж - не говори, что не дюж. Тот, кто, взявшись, не доводит дело до конца, столкнувшись с
первыми серьёзными трудностями, ПОБЕДЫ НЕ ДОСТОИН. И она к нему не придёт. Это закон.

Каментаваць