Прэмія Брытаніі — за дэбютны раман

Малады бангладэшскі пісьменнік стаў уладальнікам самай значнай брытанскай літаратурнай узнагароды за свой дэбютны раман.



Зія Хайдэр Рахман цяпер па праве ўвайшоў у ганаровы спіс сусветных літаратурных імёнаў, такіх, як Лоўрэнс, Грэм Грын, Картэр і Мак’юэн, атрымаўшы ў гэтым годзе прэмію Джэймса Тэйт Блэка, якая прысуджаецца Эдынбургскім універсітэтам з 1919 года.
 
 
Акрамя прызнання, пераможца атрымаў грашовы прыз у памеры 10 000 фунтаў стэрлінгаў, пра што было ўрачыста абвешчана на Міжнародным кніжным фестывалі ў Эдынбургу.
 
 
Раман, напісаны ў стылі нон-фікшн, называецца «У святле таго, што мы ведаем». Ён выйшаў яшчэ вясной 2014 года і неўзабаве апынуўся ў цэнтры пільнай увагі англамоўных крытыкаў і літаратуразнаўцаў ды атрымаў высокую ацэнку ўплывовых крытыкаў.
 
 
Аўтар рамана нарадзіўся ў адной з вёсак Бангладэш, а адукацыю атрымліваў у некалькіх навучальных установах Вялікабрытаніі і Нямеччыны.
 
 
Старшыня журы прэміі Джэймса Тэйт Блэка прафесар Рэндал Стывенсан з Універсітэта Эдынбурга пракаментаваў перамогу маладога бангладэшца: «Зія Хайдэр Рахман падымае цэлы шэраг праблемаў: вайна ў Афганістане, эскалацыя мусульманскага фундаменталізму і нават эканамічны крызіс. Акрамя таго, ён даследуе праблемныя сферы палітыкі і фінансаў, што нячаста сустракаецца на старонках мастацкіх твораў. Але ён робіць гэта захапляльна і даступна».
 
 

Каментаваць