Прэм'ер Чарнагорыі абвінаваціў Расію ў падтрымцы мітынгаў апазіцыі

Прэм'ер-міністр Чарнагорыі Міла Джуканавіч лічыць, што Расія датычная да мітынгаў апазіцыі супраць ўрада краіны.



Міла Джуканавіч. Фота www.hrt.hr


Пра гэта Міла Джуканавіч заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу HRT.

Па словах Джуканавіча, Расія і "нацыяналістычныя колы" ў Сербіі падтрымліваюць апазіцыю Чарнагорыі і яе спробы "гвалтоўна змяніць уладу ў краіне і стратэгічны напрамак палітыкі Чарнагорыі", які, у прыватнасці, прадугледжвае ўступленне ў НАТА, паведамляе "Еўрапейская праўда".

"Няма ніякіх сумненняў у тым, што Расія гуляла і гуляе актыўную ролю ў арганізацыі акцый пратэсту супраць урада ў Падгорыцы", — падкрэсліў Джуканавіч.

Як адзначыў прэм'ер, суботнія пратэсты, падчас якіх дэманстранты паспрабавалі прарваць міліцэйскі кардон ля будынка парламента, кідаючы камяні, фаеры і запальныя сумесі, былі спробай захопу дзяржаўных устаноў і сілавой змены ўлады.

"Вядома, паліцыя была вымушаная рэагаваць, і, на мой погляд, дзейнічала ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам адносна паўнамоцтваў паліцыі ў такіх сітуацыях", — адзначыў ён.

Як падкрэсліў Джуканавіч, спроба змяніць урад была матываванай: "Гэта было жаданне не толькі змяніць урад, але прыпыніць еўрапейскі і еўраатлантычны шлях Чарнагорыі", — падкрэсліў ён.

Нагадаем, паліцыя Чарнагорыі ў суботу ўжыла слёзацечны газ супраць пяці тысяч пратэстуючых, якія патрабавалі адстаўкі прэм'ер-міністра краіны Міла Джуканавіча.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў лічыць, што заява прэм'ера Чарнагорыі аб датычнасці Расіі да пратэстаў у краіне ідзе ад звычкі дэманізаваць Расію, паведамляе РІА "Новости".

"Усюды шукаць нейкага д'ябла і пры гэтым працягваць дэманізаваць Расію — гэта вядомая забава многіх дзяржаў, але мы ўсё ж разлічваем, што здаровы сэнс возьме верх і цвярозыя ацэнкі будуць дамінаваць", — падкрэсліў Пяскоў.

Каментаваць