Прэзідэнт Бразіліі перайшла на бок пратэстоўцаў

Дзілма Русэф, прэзідэнт Бразіліі, заявіла пра падтрымку патрабаванняў дэманстрантаў. 



Дзілма Русэф, прэзідэнт Бразіліі


Антыўрадавыя акцыі пратэсту скалынаюць Бразілію трэці тыдзень, але толькі ў апошнія некалькі дзён яны ператварыліся ў грандыёзны рух, што збірае сотні тысяч чалавек. Людзі незадаволены велізарнымі выдаткамі на падрыхтоўку да чэмпіянату свету па футболе 2014 года і Алімпіяды 2016 года, якая пройдзе ў Рыа-дэ-Жанэйра, а таксама карупцыяй ва ўрадзе. Прытым што ўсё гэта адбываецца на фоне росту тарыфаў, злачыннасці і недастатковага фінансавання сфер адукацыі і аховы здароўя.

Галоўнай рухальнай сілай пратэстаў стала моладзь, што з'ядналася праз сацыяльныя сеткі. Зрэшты, сярод мітынгоўцаў прадстаўлены і іншыя ўзроставыя групы, а таксама самыя розныя сацыяльныя пласты. Улады Бразіліі спрабавалі здушыць выступы сілай. Аднак сілы яўна няроўныя. У розных гарадах акцыі збіраюць ад некалькіх дзясяткаў тысяч да сотняў тысяч чалавек, сярод якіх і агрэсіўная моладзь з бедных кварталаў. Натоўп лёгка прарывае паліцэйскія кардоны, як гэта было ў панядзелак у Бразіліа, дзе быў захоплена будынак парламента краіны, ці ў аўторак у Сан-Паўлу, дзе натоўп ледзь не ўзяў штурмам рэзідэнцыю мэра.
 
 
У выніку прэзідэнт Бразіліі Дзілма Русэф нечакана выступіла з падтрымкай мітынгоўцаў. У звароце да нацыі яна заявіла, што ганарыцца тым, як шмат бразільцаў выйшлі на змаганне за лепшую будучыню дзяржавы. «Прыемна бачыць, як шмат моладзі, а таксама сталых людзей разам ідуць, махаючы бразільскімі сцягамі і спяваючы нацыянальны гімн»,— заявіла спадарыня Русэф, не згадаўшы пра масавыя пагромы і акцыі марадзёраў, якія суправаджаюць мітынгі.

 
З падачы прэзідэнта мэр Сан-Паўлу Фернанда Хадад, адкуль напачатку чэрвеня пайшла хваля пратэстаў, заявіў, што скасуе падвышэнне платы за праезд на гарадскім транспарце, што стала каталізатарам выступаў. У Рэсіфі, Жуан-Песоа, Куябе і іншых буйных гарадах мясцовыя ўлады ўжо зменшылі тарыфы на праезд.

Каментаваць