Прэзідэнт кансерватыўнай альтэрнатывы

Хто такі Анджэй Дуда? Малавядомы палітык партыі «Права і Справядлівасць» (ПіС), які цягам трох месяцаў узняўся на палітычны Алімп? І што азначае выбар Анджэя Дуды для Усходняй Еўропы, для Польшчы і для Еўропы ў цэлым?



Апошняе палітычнае паўгоддзе ў Польшчы было вельмі цікавым. Анджэй Дуда, малавядомы палітык партыі «Права і Справядлівасць» (ПіС), цягам трох месяцаў узняўся на палітычны Алімп і спіхнуў адтуль дзеючага прэзідэнта Браніслава Камароўскага, бясспрэчнага фаварыта на старце выбарчай кампаніі. 

Беларускія СМІ даволі скупа гэта каментавалі. Дзяржаўныя СМІ абмежаваліся сухой інфармацыяй пра тое, хто перамог і з якім адсоткам. Недзяржаўныя выданні акцэнтавалі тое, што новаабраны прэзідэнт жадае размясціць базы NАТО ў Польшчы і займаць больш актыўную пазіцыю датычна Усходняй Еўропы, перадусім Украіны. Прыкладна такія акцэнты прасочваліся таксама ва ўкраінскіх і літоўскіх СМІ. У заходнееўрапейскіх жа медыях дамінаваў алармісцкі тон: «перамог ультракаталік», «трыумф нацыял-кансерватараў», «узмацненне еўраскептычнага лагера» і падобнае.

Дык што азначае выбар Анджэя Дуды для Усходняй Еўропы, для Польшчы і для Еўропы ў цэлым?

Дуда на лініі: Польшча — Усходняя Еўропа

Я не заўважыў у Анджэя Дуды якой-небудзь акрэсленай праграмы наконт Усходняй Еўропы. Сам ён ані не мае досведу працы ў абшары ўсходняй палітыкі, ані не даследаваў гэтых пытанняў. Тое, што можа прадвызначаць яго ўсходнюю палітыку ў накірунку падтрымкі незалежнасці Украіны ці Беларусі, гэта хутчэй псіхалагічныя фактары, чым ідэйна-праграмныя. У імя памяці трагічна загінулага прэзідэнта Леха Качыньскага, духоўную повязь з якім Дуда адчувае, цяперашні прэзідэнт наўрад ці адыдзе ад прынцыповай пазіцыі яго папярэднікаў у справе Украіны ды іншых сатэлітаў Расіі. Але пра якасныя зрухі ў тактыцы ці стратэгіі ўсходняй палітыкі новага прэзідэнта гаварыць яшчэ рана.

Варта, аднак, звярнуць увагу на некаторыя фактары, якія могуць уплываць на фармаванне гэтай палітыкі ў будучым. Анджэй Дуда належыць да асяроддзя, якое вельмі падзеленае як наконт украінскага пытання, так і наконт польскай усходняй палітыкі ўвогуле. Ці сапраўды палякі павінны забыцца пра крыўды з боку ўкраінскіх нацыяналістаў часоў Другой сусветнай вайны і безагаворачна падтрымліваць Украіну ў яе канфлікце з Расіяй? Ці на фоне антыхрысціянскіх ды постнацыянальных тэндэнцый у Заходняй Еўропе пуцінская Расія аж такая кепская? Ці не было б больш лагічна, калі б грошы польскіх падаткаплацельцаў ішлі перадусім на падтрымку польскіх меншасцяў на ўсходзе замест спансавання такіх абстракцый, як «дэмакратызацыя» ці «будаванне грамадзянскай супольнасці» ў суседніх краінах? — такія пытанні вельмі вярэдзяць многіх прадстаўнікоў польскай правіцы. І хоць кіраўніцтва ПіС стараецца кантраляваць у сваіх шэрагах «усходні дыскурс» і не дапускаць да голасу прарасійскія ці антыўкраінскія меркаванні, то ўсё ж само напружанне па гэтым пытанні можа ў будучым стаць сур’ёзным выпрабаваннем.

«Права і Справядлівасць» у часы свайго быцця пры ўладзе (2005–2007) запомнілася між іншым вельмі контраверсійнымі хаўрусамі. Тады яна запрасіла да кааліцыі папулісцкую «Самаабарону» (яе лідар Анджэй Лепер быў шчырым сімпатыкам Лукашэнкі) і Лігу польскіх сем’яў — партыю, якая вызначалася сваім еўраскептыцызмам і непрыхільнасцю да нацыянальнага адраджэння ў Беларусі ці Украіне. Прымаючы, што разрыў Анджэя Дуды з ПіС малаверагодны (і, бадай, непажаданы), стабільнасць усходняй палітыкі дзеючага прэзідэнта ў значнай ступені залежыць ад таго, ці ПіС здолее знайсці шляхі паразумення са сваім галоўным канкурэнтам — цэнтра-правай «Грамадзянскай платформай» (ГП). Калі паміж ПіС і ГП канфлікт паглыбіцца, то ПіС разам з дзеючым прэзідэнтам можа зноў пачаць шукаць кааліцыянтаў сярод прарасійскіх, антыўкраінскіх і еўраскептычных сілаў. Таму, маючы на ўвазе незалежнасць і дэмакратызацыю Беларусі, можна сказаць, што ў нашых інтарэсах, каб ПіС і ГП паядналіся. Думаю, што такое паяднанне было б карысным таксама і з гледзішча інтарэсаў польскага грамадства і польскае дзяржавы.

Дуда ў польскім і заходнееўрапейскім кантэксце

Стан, у якім знаходзіцца зараз кіроўная партыя (ГП) уключна з іхнім прайграўшым кандыдатам (Камароўскім) назіральнікі апісваюць з дапамогай пытання: «Як гэта сталася?». Я б дадаў тут, што не толькі палітычныя апаненты ў Польшчы агаломшаныя перамогай Дуды: агаломшаныя ёй таксама заходнееўрапейскія леваліберальныя сілы, інакш кажучы, еўрапейскі мейнстрым. Перамога Дуды сталася фактарам дэзарыентацыі для ўсіх тых, хто прызвычаіўся жыць у перакананні, што хрысціянска-кансерватыўныя каштоўнасці — гэта бесперспектыўны, заімшэлы, скампраметаваны і не варты якой-кольвечы падтрымкі выбар.

У мінулым — трэба прызнаць — лідары ПіС унеслі свой уклад у фармаванне непрывабнага профілю іх партыі і ўсяго хрысціянска-патрыятычнага асяроддзя. Ментарскі тон Яраслава Качыньскага, распрацоўванне тэорыяў змовы вакол смаленскай трагедыі Антонім Мацярэвічам ці агрэсіўна-іранічны тон Крысціны Паўловіч — усё гэта спрашчала справу палітычным ды ідэйным апанентам у фармаванні ўяўлення пра ПіС як пра гняздо фанатызму і цемрашальства. І хто ж мог падумаць, што ў гэтым гняздзе гадуюцца такія маладыя, адукаваныя і энергічныя палітыкі, як Анджэй Дуда і яго каманда.

З’яўленне, уздым і перамога Дуды сталі выбітным сведчаннем таго, што кансерватыўныя асяроддзі, насуперак распаўсю­джанаму меркаванню, здольныя быць вельмі гнуткімі і крэатыўнымі ў палітычнай барацьбе і валодаюць немалым інтэлектуальным патэнцыялам. З нагоды выбарчай кампаніі Дуды выявілася шэраг нечаканых бакоў польскага кансерватызму. Голас займелі кансерватары, якія маюць моцны светапоглядны (хрысціянска-патрыятычны) хрыбет, але якія не цураюцца этыкету гендарнай роўнасці: напрыклад, ахвотна карыстаюцца зваротамі: «panie i panowie» (спадарыні і спадары) ці «obywatelki i obywatele» (грамадзянкі і грамадзяне). Гэта дэманструе гатоўнасць да дыялогу з прадстаўнікамі розных сфераў грамадства (у тым ліку з феміністкамі і актывістамі LGBT) і паказвае цудоўнае валоданне новымі формамі камунікацыі (каманда Дуды выдатна вяла кампанію ў сацыяльных сетках).

Для польскага грамадства, дый для ўсёй Еўропы, перамога Дуды азначала руйнаванне догмы, што кансерватызм — гэта стагнацыя, нацыянальныя каштоўнасці — паталогія, а хрысціянства — фанатызм. Дуда — гэта прэзідэнт кансерватыўнай альтэрнатывы, той альтэрнатывы, дзе само слова «кансерватызм» становіцца вельмі ўмоўным, бо азначае не захаванне status quo і страх перад навізной, а якраз наадварот — смелы і энергічны выклік лева-ліберальнаму мейнстрыму.

Каментаваць