Прэзідэнт швейкаў

У Чэхіі ў Сенат перададзеная неабходная колькасць подпісаў для таго, каб пачаць працэдуру імпічменту прэзідэнта Мілаша Земана, вядомага сваімі прарасійскімі заявамі. Але хутчэй гэта — своеасаблівы перформанс пратэсту.



Пра тое, ці адправяць у адстаўку Земана, пра яго феномен і пра іншыя актуальныя праблемы Чэхіі журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з Юрасём Пузікавым, былым беларускім палітэмігрантам у Чэхіі.

— Такім чынам, 13 красавіка ў чэшскі Сенат перададзена 10 тысяч подпісаў грамадзян краіны. Гэта колькасць подпісаў патрэбная для таго, каб парламентарыі прыступілі да разгляду пытання аб імпічменце прэзідэнту. У пададзенай у Сенат петыцыі таксама гаворыцца, што Мілаш Земан абвінавачваецца «ў прарасійскай знешняй палітыцы, здрадзе інтарэсам радзімы і абразе годнага імя Чэхіі ў свеце». Якія наступствы можа мець гэтая ініцыятыва?

— На маю думку, ніякіх наступстваў яна мець не будзе, паколькі, паводле Канстытуцыі, лёс прэзідэнта вырашае галасаванне, а большасць у парламенце ў дэпутатаў ад партый, што ўваходзяць ва ўрадавую кааліцыю і іх негалосных партнёраў — камуністаў. Хутчэй за ўсё, спроба імпічменту — гэта своеасаблівы перформанс пратэсту правай грамадскасці супраць прарасійскіх заяў Земана. Перш за ўсё, яго жадання паехаць у Маскву на парад 9 мая на фоне таго, што лідары краін-суседзяў дружна праігнаравалі запрашэнне Пуціна.

— На якога палітыка Беларусі або СНД падобны Земан?

— Безумоўна, на Лукашэнку. Як і кіраўнік Беларусі, Земан не лезе ў кішэню за словам, што прымушае яго прэс-сакратара па факту прыдумляць самыя незвычайныя тэорыі, каб рэабілітаваць боса. Дастаткова ўзгадаць, як Земан узняў тост за смерць усіх вегетарыянцаў. Адзіная розніца ў тым, што ў Чэхіі фактычна няма сялянства, і «лукашызм» у Земана, можна так сказаць, больш урбаністычны.

— Як выглядае сацыялагічны партрэт сярэднестатыстычнага выбаршчыка Мілаша Земана?

— Такі партрэт цяжка намаляваць з улікам таго, што выбары ў 2013-м, на якіх палітык перамог, былі вельмі спецыфічныя. Земану супрацьстаяў Карэл Шварцэнберг — прадстаўнік старажытнага арыстакратычнага чэшскага роду, які нарадзіўся і доўгі час жыў у Аўстрыі і, дарэчы, мае таксама швейцарскае грамадзянства. Таму кампанія сацыял-дэмакратаў была пабудаваная шмат у чым на нацыяналістычных лозунгах. Фактычна, яе перафарматавалі ў плебісцыт: ты за чэха або за немца? Па-другое, чэхі не любяць афішаваць свае палітычныя сімпатыі. У чымсьці яны падобныя да Швейка — славутага персанажа Яраслава Гашэка. Яны могуць быць простыя ў побыце, аднак ніколі не скажуць праўду, паколькі заўжды маюць сваю думку.

— У біяграфіі Земана не зразумелы адзін факт. Спачатку яму, як палітычна нелаяльнаму юнаку, забаранялі паступаць у ВНУ. Пасля ў 1970-м выключылі з кампартыі за крытыку падаўлення Пражскай вясны. І пры гэтым у Земана прысутнічаюць дастаткова моцныя прамаскоўскія сентыменты.

— Трэба ўзгадаць, што Земан — лідар сацыял-дэмакратаў, якія як партыя маюць складаную гістарычную траекторыю. Напрыканцы 1940-х гадоў эсдэкі ўвайшлі ў склад Кампартыі і нейкі час заставаліся там фактычна асобнай фракцыяй. Пасля 1990 года менавіта на іх была адроджаная чэшская сацыял-дэмакратыя, аднак у генерацыі хапае былых камуністаў, накшталт Земана.

— Сацыял-дэмакрат Мілаш Земан прыйшоў на змену прэзідэнту-лібералу Вацлаву Клаусу. Нягледзячы на ракіроўку, не змяніліся моцныя сентыменты на адрас Расіі. Ці можна казаць, што славянафільства, якое было вельмі моцным у ХІХ стагоддзі, дасюль застаецца ўплывовым накірункам чэшскай палітычная культуры?

— Па-першае, Клаус і Земан выгадаваліся ў сацыялістычнай Чэхаславакіі і так ці інакш былі вымушаны вывучыць рускую мову і культуру, цікавіцца савецкім палітычным жыццём, маюць шмат сяброў у былым СССР. Мяркую, іх дэманстратыўная прарасійская пазіцыя хутчэй адлюстроўвае дэбаты ў грамадстве. Пасля прыходу нямецкага капіталу стала папулярна казаць, што Чэхія вярнулася ў час пратэктатару Багеміі ў складзе Трэцяга Рэйха. Аднак нельга разглядаць Земана як нейкага другога Януковіча. Менавіта пры Земане, напрыклад, пачалася актыўная падрыхтоўка да ўступлення Чэхіі ў зону еўра.

— Якое месца займае ў чэшскай палітычнай дыскусіі спадчына Вацлава Гавэла?

— Гавэл — вельмі паважаная фігура ў грамадстве, паколькі пры ім былі адноўленыя палітычныя і культурныя свабоды, а Чэхія вярнулася ў Еўропу. Ён захаваўся ў народнай памяці як просты чалавек, які не цураўся людзей. Аднак, баюся, на гэтым усё абмяжоўваецца. Трэба прызнаць, што Гавэл як творчая асоба абсалютна не пасуе крытэрыям сучаснага палітыка, ад якога вымагаюць выключна «пасміхацца і махаць».

— Хто сярод чэшскіх палітыкаў здольны кінуць выклік Мілашу Земану?

— У Чэхіі пакуль ёсць толькі адзіны палітычны цяжкавагавік, здольны цягацца з Земанам. Гэта Вацлаў Клаус. Праблема ў тым, што Грамадзянскія дэмакраты (партыя Вацлава Клауса) перажываюць перыяд развалу. На правым флангу зараз найбольш уплывовая арганізацыя — Акцыя незадаволеных грамадзян (ANO) мільярдэра Андрэя Бабіша. Аднак пакуль гэта больш нагадвае папулісцкі праект. Бабішу трэба некалькі гадоў, каб дарасці да ўзроўню Земана і Клауса. Самае цікавае, што абодва яны ў савецкі час працавалі ў адным навуковым інстытуце і, напэўна, сустракаючыся ў курылцы, не ведалі, што праз нейкі час стануць лідарамі нацыі.

Каментаваць