Прыднястроўcкі сіндром

На фоне прыходу да ўлады ў Кішынёве Кааліцыі за еўрапейскую інтэграцыю 2 верасня Прыднястроўе адзначыла 19-ю гадавіну ўласнай дзяржаўнасці. Ці змянілася атмасфера ў Ціраспалі пасля перамогі малдаўскіх дэмакратаў? Пра гэта і пра іншыя аспекты прыднястроўскай палітыкі журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з малдаўскім калегам Максімам Курзолевым.



На фоне прыходу да ўлады ў Кішынёве Кааліцыі за еўрапейскую інтэграцыю 2 верасня Прыднястроўе адзначыла 19-ю гадавіну ўласнай дзяржаўнасці. Ці змянілася атмасфера ў Ціраспалі пасля перамогі малдаўскіх дэмакратаў? Пра гэта і пра іншыя аспекты прыднястроўскай палітыкі журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з малдаўскім калегам Максімам Курзолевым.

— 19 гадоў таму Прыднястроўе абвясціла на ўвесь свет пра сваю незалежнасць. Якія, на твой погляд, галоўныя ўрокі гісторыі дзяржаўнага фармавання Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка (ПМР)?

— Многія з тых, хто жыве ў Прыднястроўі, памятаюць уздым канца 80-х — пачатка 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Але ў той атмасферы ніхто не думаў, навошта гэта, куды можа прывесці. Ніхто не разважаў пра гістарычныя заканамернасці. Пераважная большасць верыла, што іх справа правая. Гэта быў больш чым энтузіязм. Гэта — тое агульнае, што яднала ўсіх. Знаходзіліся, як і ў кожнай справе, прагматыкі, якія ў такой сітуацыі спакойна рабілі нешта на сваю карысць. У любым выпадку, атрымалася штосьці зусім іншае, не тая ПМР, пра якую марылі яе стваральнікі. Гэта гістарычная заканамернасць — выпрабаванне ўладай, выпрабаванне вялікімі грашыма, выпрабаванне цынізмам. Ігар Смірноў 2 верасня 1990 года і Ігар Смірноў 2 верасня 2009 года — не адно і тое ж. Гэта галоўны ўрок, я мяркую.

— Як сустрэлі ў Ціраспалі навіну пра змену ўлады ў Кішынёве? Што кажуць, напрыклад, пра роспуск малдаўскага Міністэрства рэінтэграцыі, якое займалася праблемамі аб’яднання з ПМР?

— Што да Кішынёва — сталага раздражняльніка, то ў Ціраспалі да яго прапаноў ставяцца паводле прыказкі: “Ваду варыць — вада будзе. Ну і хай адбываюцца ў Кішынёве палітычныя змены. Разагналі Міністэрства рэінтэграцыі, зараз за праблемы прыднястроўскага рэгулявання ў новым малдаўскім урадзе пачне адказваць віцэ-прэм’ер, у якога будзе адпаведны апарат. І што? Ці з’явіцца штосьці новае ў сувязі з гэтым? Такое пытанне разглядаецца толькі з пазіцыі, што дрэннага гэта прынясе Ціраспалю і як тое можна абмежаваць. Пытанні, хто кіруе працэсам, з кім будуць кантактаваць новыя ўлады, чые інтарэсы пачнуць праводзіць, натуральна, важныя. Але ёсць устаноўка: ніякага збліжэння апрыёры. “Няхай Кішынёў ідзе сабе ў Еўропу, няхай забудзецца пра нас, — гэтыя словы паўтараюць у Ціраспалі амаль як мантру.

— Ці назіраецца ў рэгіёне актывізацыя Расіі ў сувязі з апошнімі падзеямі?

— Ужо зразумела, што ў гульнях паміж вялікімі геапалітычнымі акцёрамі Прыднястроўе стала часткай расійскай знешняй палітыкі. Былі прагнозы, што Прыднястроўе, як толькі кошты на нафту абваляцца, у выніку скарачэння расійскай дапамогі доўга не працягне. Аднак гэтага не адбылося. Падзенне коштаў на нафту ўдарыла не толькі па расійскіх спонсарах Ціраспаля, але, як гэта ні дзіўна, і па заходніх фундатарах Кішынёва. Пакуль што да “прыднястроўскага фактару расійская знешняя палітыка звяртаецца, калі ў тым ёсць патрэба. Гэта тэматыка не гарачая, дый Малдова — не самая важная краіна для РФ. Побач з расійскімі межамі — Абхазія і Паўднёвая Асеція, і да іх нашмат больш увагі, па зразумелых прычынах.

Па-другое, расіянам даўно ясна, што ўсе патрыятычныя пафасныя заявы эліты пра тое, што Прыднястроўе — фактычна прарасійскі рэгіён (вялікая частка якога, дарэчы, малдаўскія грамадзяне), часцей за ўсё, проста для публікі.

— Як праз 19 гадоў насельніцтва ставіцца да праекта ПМР?

— Для агульнага настрою падыходзіць псіхалагічнае вызначэнне “сіндром выгарання. Па сваёй сутнасці ён падобны на сіндром хранічнай стомленасці, ці, дакладней сказаць, з’яўляецца ягоным лагічным працягам. Гэта і не дзіўна. Стан нестабільнасці, практычная адсутнасць перспектыў, стан “быццам бы дзяржавы, замкнёнасць грамадства. Не з’яўляецца сакрэтам, што ў адміністрацыі Ціраспаля пераважаюць настроі: “вы робіце выгляд, што плаціце годную зарплату, мы робім выгляд, што добра працуем, “нікому нічога не трэба. Ёсць, вядома ж, выключэнні, але яны толькі пацвярджаюць гэтыя настроі. Не дадае аптымізму і прысутнасць адчування падвойнай праўды. Усім нібыта ўсё зразумела: чаму, для каго, навошта, для чаго і што робіцца. Але такая аднадушнасць ніколі не была шляхам прагрэсу.

— Вядома, што адна з груповак прыднястроўскай эліты (група Шаўчука і яго партыя “Адраджэнне) спрабуе скінуць клан Смірнова. Як насельніцтва рэгіёна рэагуе на гэту барацьбу?

— Супрацьстаянне гэтых груповак не носіць сістэмнага характару. Праблема ў тым, што ўсе людзі, якія жывуць у Прыднястроўі — і добрыя, і дрэнныя, і ніякія, — з’яўляюцца закладнікамі сістэмы існуючых адносін. Сутнасць гэтай сістэмы можна сфармуляваць у трох словах: “Табе тут жыць. На істотныя змены ніхто не ідзе, бо ўсе асцерагаюцца, што раптам стане яшчэ горш. Ёсць замацаваны ў падсвядомасці тэзіс: “Недзе побач увесь час прысутнічае кішынёўскі вораг (ці, прынамсі, не сябар), які імкнецца ўсё забраць і нешта зрабіць, каб змяніць усё на сваю карысць. Будзь гатовы! Вораг не спіць! А навошта змагацца з падсвядомасцю, з тым, што з’яўляецца асновай знешніх і ўнутраных паводзін? Няхай нават гэта падсвядомасць выматала і выпусташыла само існаванне... Сапраўды, жыць, таму што жывецца, не вельмі камфортна. Але што наўзамен? У прыднястроўскім грамадстве не назіраецца ніякай альтэрнатыўнай ідэі.

Каментаваць