Прыгоды барона Гутэнберга

Афера міністра абароны Карла Тэадора Гутэнберга, які часткова спісаў сваю доктарскую працу, здольная запусціць працэс змены ўлады ў Берліне.

Гісторыя, на першы погляд, з катэгорыі анекдотаў пра Вовачку. Кшталту такога: “Настаўнік: “Я маю надзею, Вoвачкa, што не ўбачу, як ты сёння спісваеш кантрольную. Вовачка: “Я таксама на гэта маю надзею.



Афера міністра абароны Карла Тэадора Гутэнберга, які часткова спісаў сваю доктарскую працу, здольная запусціць працэс змены ўлады ў Берліне.

Гісторыя, на першы погляд, з катэгорыі анекдотаў пра Вовачку. Кшталту такога: “Настаўнік: “Я маю надзею, Вoвачкa, што не ўбачу, як ты сёння спісваеш кантрольную. Вовачка: “Я таксама на гэта маю надзею.

Толькі замест Вовачкі — арыстакрат Карл Тэадор Марыя Нікалаўс Якаб Філіп Франц Ёзэф Сільвестр Фрайхер фон унд цу Гутэнберг, міністр абароны і надзея ўсіх нямецкіх кансерватараў.

А на месцы настаўніка — нямецкая журналістыка. Менавіта яна злавіла барона на тым, што ён спісвае. 15 лютага ва ўплывовай “Suddeutschen Zeitung з’явіўся артыкул, прысвечаны рашэнню ўніверсітэта Байройта прысудзіць міністру акадэмічную ступень доктара. Аўтар артыкула сцвярджаў, што будучы доктар займаецца плагіятам: частку працы ён папросту перапісаў у іншага аўтара.

Універсітэт арганізаваў праверку і пераканаўся, што гэта абсалютная праўда. Артыкул выклікаў такую грамадскую буру, што ўжо 1 сакавіка Карл Тэадор Гутэнберг падаў Ангеле Меркель рапарт пра адстаўку. А каб цалкам дабіць беднага Карла, пракуратура распачала супраць яго справу за падман.

Вось так за адзін дзень чалавек прайшоў шлях “з князя ў гразь». Прычым гэта не літаратурная метафара, а канстатацыя факту. Статус Карла Тэадора ў партыі сапраўды быў княжацкі. З Гутэнбергам звязвалі надзеі на будучае нямецкага кансерватызму, называючы яго не інакш як “нашым Кенэдзі. Малады барон як ніхто іншы пасаваў крытэрыям лідара.

Арыстакратычнае паходжанне, цудоўныя знешнія дадзеныя, энергія плюс кар’ерная хватка. Ужо ў 36 гадоў ён прабіўся на пасаду сакратара баварскай Хрысціянска-сацыяльнай партыі (CSU) — рэгіянальнага саюзніка хрысціянскіх дэмакратаў Меркель. CSU ўжо 60 гадоў кіруе ў Баварыі. Так што Карл Тэадор мог смела казаць, што жыццё атрымалася.

Аднак месца апаратчыка ў Мюнхене было толькі трамплінам для палітыка-юніёра. Ён атрымаў партфель міністра эканомікі ў федэральным кабінеце. Тут Карл яшчэ раз прадэманстраваў характар. Замест таго, каб вучыцца ў дарослых міністраў, адразу, што называецца, стаў у позу: пачаў шантажаваць урад адстаўкай, калі той пагодзіцца фінансаваць збанкрутаваны канцэрн Opel. У выніку Меркель дала грошы аўтамабільнай кампаніі, Гутэнберг нікуды не пайшоў, аднак яго жэст не забылі.

Хутка Карла Тэадора прызначылі самым маладым у гісторыі ФРГ міністрам абароны. Ён энергічна заняўся справай — запусціў пераход бундэсверу на кантрактны прынцып. Нічога не сведчыла пра хуткую буру. На момант, калі выбухнуў скандал, Гутэнберг быў больш папулярны за Ангелу Меркель, а палітолагі прагназавалі яму праз 5–10 гадоў крэсла канцлера. І тут такое…

Аднаму прафесару-юрысту прыспічыла пачытаць працу Гутэнберга “Канстытуцыя і канстытуцыйны трактат (кампаратыўны аналіз федэральных канстытуцый ЗША і ЕС). У тэксце міністра ён пазнаў фрагменты сваёй акадэмічнай працы, якія не былі аформленыя як цытаты. Абураны прафесар пачаў пісаць гнеўныя каментары ў інтэрнэце, пакуль іх не заўважылі пранырлівыя журналісты з “Suddeutschen Zeitung.

Магчыма, справу замялі б. Аднак промах дапусціў сам міністр. Ён пачаў выслізгваць. Спачатку ў галаву барона пастукалася ідэя называць прэтэнзіі “глупствам. Пасля нарадзілася ўвогуле фантастычныя тэма пра тое, што Гутэнберг як вельмі заняты чалавек працаваў над дысертацыяй уначы і ў цемры нешта пераблытаў.

Такая непаслядоўнасць адразу прыцягнула ўвагу прэсы. Газетчыкі пачалі капацца ў міністэрскай біяграфіі і знайшлі шмат вясёлага. Напрыклад, Карл меў у магістратуры кепскія адзнакі і па правілах не меў права пісаць доктарскую. Выключна асабістыя сувязі ў рэктараце адчынілі магістру шлях у дактарантуру.

Аднак наўрад ці гэты момант стаў прычынай адстаўкі. Як дэманструюць дадзеныя першых апытанняў у інтэрнэце, большасць немцаў спачатку гатовая была прабачыць міністру невялікі грэх. Меркель магла смела ігнараваць публікацыі.

Але журналісты не абмежаваліся мінулым міністра абароны. У фокус іх даследаванняў трапілі студэнцкія гады ўсіх сяброў ураду, уключаючы прэм’ера. Апошнім ударам стала атака з лагеру навукоўцаў і студэнцкіх асацыяцый. Яны ўспрынялі аферу Гутэнберга як удар па свайму цэху. Супраць міністра ўзняліся ўсе акадэмічныя колы.

Казус Гутэнберга мае шмат цікавых граняў. Дзесяць гадоў таму, калі федэральны ўрад фармавалі эсдэкі і Зялёныя, прэса раскапала, што Ёшка Фішэр, тагачасны дырэктар МЗС, у маладосці кідаўся камянямі ў паліцыю. Правыя газеты тады патрабавалі ад Ёшкі адстаўкі, аднак грамадства пасіўна паставілася да такой ідэі. А вось Гутэнберга выкінулі з ураду за скрадзеныя цытаты.

Акрамя таго, у выніку прыгод барона пацярпела ўся нямецкая шляхта. Калі малады барон толькі-толькі штурмаваў прыступкі ўлады, газеты ахвотна пісалі пра тое, як запатрабаваныя цяпер у палітыцы арыстакраты — людзі, якім з першага дня нараджэння даводзяць, што такое гонар, адказнасць за род, герб, край г. д. Князі, графы, бароны і іншыя ўладальнікі асабістых гербоў былі ў захапленні ад падобных публікацый. Цяпер пры згадванні імя Гутэнберга ім становіцца кепска. Прагучалі першыя заклікі да таго, каб змяніць прынцып перадачы рыцарскага тытулу. Даваць тытул за канкрэтныя паслугі, а не перадаваць яго па спадчыне.

Нарэшце, усе застылі ў чаканні палітычных наступстваў праколу Гутэнберга. Праз тыдзень адбудуцца выбары ў зямельны парламент Бадэн-Вюртэмбергу, дзе ў хрысціянскіх дэмакратаў і так справы не надта з-за таго, што яны запусцілі скандальны праект будаўніцтва новага вакзалу ў Штутгарце. А афера барона, якая цяпер ва ўсіх на вуснах, здольная канчаткова абваліць рэйтынгі партыі Меркель. І гэта за пару гадоў да федэральных выбараў. У сацыял-дэмакратаў з’явіўся ўнікальны шанец закласці асновы для вяртання ва ўладу.
 

Каментаваць