Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Пройгрышная самазаспакоенасць

Цяпер перад Ангелай Меркель стаіць не адна, як пасля папярэдніх выбараў, а дзве вялікія праблемы: як сфармаваць урад і як змагацца з ультраправымі ў парламенце. Такая сітуацыя не ўзнікла, калі б буйныя палітычныя сілы больш адказна падышлі да выбараў, а не разлічвалі на заспакойваючыя дадзеныя апытанняў.

Фота: politeka.net

Хоць апошнія парламенцкія выбары ў Германіі завяршыліся лічбавай перамогай кааліцыі дзейнага канцлера Ангелы Меркель (ХДС/ХСС), гэтую электаральную кампанію наўрад ці можна занесці ў актыў кансерватараў, і тым больш сацыял-дэмакратаў. І прычынай таго, што дзве “народныя партыі” з “Вялікай кааліцыі” істотна недабралі галасоў выбарцаў, палягае ў занадта вялікай самаўпэўненасці гэтых дзвюх асноўных палітычных сілаў ФРГ.

Праз суткі пасля закрыцця выбарчых участкаў і амаль поўнага афіцыйнага падліку галасоў можна рабіць першыя высновы. Так, Ангела Меркель на 99,9% застанецца кіраўніком федэральнага ўраду на чацвёрты тэрмін: ХДС/ХСС набіраюць 30% галасоў тых, хто ўзяў удзел у галасаванні. Асноўныя канкурэнты “чорных” (гэта афіцыйны колер хрысціянскіх дэмакратычных і сацыяльных дэмакратаў) “чырвоныя” — сацыял-дэмакраты — паказалі найгоршы вынік ад канца Другой сусветнай вайны, толькі 20,5%.

На выбарах 2013 года блок Меркель набраў 41,5% галасоў, СДПГ — больш за 25%. Такім чынам, “народныя партыі” страцілі істотную колькасць свайго электарату. Чаму?

Аўтару гэтых радкоў паводле ўласных назіранняў ужо даводзілася пісаць, што сёлетняя парламенцкая кампанія ў Германіі ледзь не самая вальготная і нецікавая.

Фігура канцлера Ангелы Меркель на штогадовым парадзе скульптур. Фота Flickr

Адной з прычынаў, відавочна, стала самазаспакоенасць кіруючай вярхоўкі краіны. Справа ў тым, што сацыялагічныя апытанні, зладжаныя рознымі структурамі, падавалі інфармацыю, што цяперашняй кааліцыі, і асабліва камандзе канцлера, няма чаго турбавацца: маўляў, вынікі выбараў ужо вырашаныя яшчэ да іх пачатку. Так, блоку Меркель на розных этапах апытанкі аддавалі ад 36 да 45 адсоткаў галасоў. Сацыял-дэмакраты заставаліся ў ролі пераследнікаў, ім прагназавалі да 26 ды больш адсоткаў патэнцыйных галасоў. Рэйтынг СДПГ адчувальна ўзяўся пасля таго, як яе лідарам стаў экс-кіраўнік Еўрапейскага парламента Марцін Шульц. Але нядоўга музыка грала.

Вядучыя палітычныя сілы недаацанілі змены, якія адбыліся ў настроях выбарцаў за апошнія некалькі гадоў. Наплыў уцекачоў з Сірыі ды іншых краінаў “трэцяга свету”, якому дала “зялёнае святло” менавіта цяперашні і будучы канцлер, не вельмі добра адбіўся на настроях электарату, нават самага адданага “мамацчы Ангеле” (так яе многія шчыра называюць у Нямеччыне).

Нават рост эканомікі, істотнае зніжэнне беспрацоўя (за час кіравання Меркель яно знізілася ўдвая), паляпшэнне фінансавага і эканамічнага самаадчування шараговых грамадзян і бізнэсу не змаглі пераадолець эфект “чужынскага наплыву”. Адзін мой нямецкі калега (рускі паводле паходжання, але грамадзянін ФРГ) шчыра прызнаўся пару тыдняў таму, што цяпер вагаецца, за каго ж аддаць свой голас. “Я з’яўляюся прыхільнікам ХДС і асабіста Ангелы Меркель, але цяпер пасля яе палітыкі датычна прыёму безлічы ўцекачоў не ведаю, ці буду галасаваць за яе. Магчыма, аддам свой голас СвДП. Але толькі не сацыял-дэмакратам ці нейкай яшчэ “чырвані”, і тым больш не “Альтэрнатыве для Германіі”, — сказаў Андрэй.     

Вось менавіта “Альтэрнатыву для Германіі(AfD) вядучыя палітыкі, як і эксперты, праміргалі. У 2013 годзе AfD не хапіла літаральна некалькіх доляў адсотка, каб патрапіць у Бундэстаг. Сёлета гэтая праварадыкальная партыя, створаная толькі ў 2013 годзе (!), упершыню трапляе ў парламент, прычым даволі паспяхова. 12,6% — гэта вельмі шмат.

Такім чынам структура, якая вызначаецца антыэмігранцкімі, антымусульманскімі і антысеміцкімі поглядамі, упэўнена атрымлівае месца ў Бундэстагу і фактычна робіцца трэцяй па ўплыве палітычнай структурай ФРГ. Дзеючы кіраўнік нямецкага МЗС сацыял-дэмакрат Зігмар Габрыэль з сумам адзначыў: “Упершыню за пасляваенны перыяд у парламенце апынуліся сапраўдныя нацысты”. І гэта вельмі трывожная з’ява.

Цяпер перад Ангелай Меркель стаіць не адна, як пасля папярэдніх выбараў, а дзве вялікія праблемы: як сфармаваць урад і як змагацца з ультраправымі ў парламенце. Магчыма, такога пытання хаця б у апошняй яго частцы не ўзнікла, калі б буйныя палітычныя сілы больш адказна падышлі да выбараў, а не разлічвалі на заспакойваючыя дадзеныя апытанак.

Адзінае, што можа крыху задаволіць каманду Ангелы Меркель, гэта праход у Бундэстаг Свабоднай дэмакратычнай партыі, якая ўжо была надзейным і амаль беспраблемным партнёрам ва ўрадавай кааліцыі з ХДС/ХСС.

Хутчэй за ўсё, як мяркуюць эксперты, камандзе дзеючага канцлера давядзецца весці няпростыя перамовы і з “жоўтымі” (СвДП), і з “Зялёнымі”. Адным словам, самазаспакоенасць і залішняя самаўпэўненасць нарабіла кіраўніцтву ФРГ праблем, якіх можна было пазбегнуць.

 

Каментаваць