Прывітанне, Мішо!

Развязка грузінскіх выбараў — дзеючая ўлада прызнае сваю паразу на выбарах і мірна перадае паўнамоцтвы апазіцыі — настолькі незвычайная па мерках СНД, што спарадзіла мноства версій наконт сапраўдных матываў учынкаў Міхаіла Саакшвілі.



Версія 1: Саакашвілі сышоў, паколькі спалохаўся народных пратэстаў

Такая версія папулярная ў асяроддзі грузінскай апазіцыі. Паводле гэтай тэорыі, Міхаіл Саакашвілі адмовіўся ад фальсіфікацый пасля таго, як пабачыў маштаб вераснёўскіх вулічных пратэстаў. Людзей вывелі на вуліцы кадры з Глданскай турмы №8, дзе катуюць вязняў. «Тое, што мы ўбачылі па тэлевізары ў рэпартажах, — гэта жах, пра які мы і так ведалі. Інфармацыя паступала, але мы не маглі ўявіць, што такое можа адбыцца ў Грузіі. Як кажуць, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Адбылося менавіта так. У свядомасці народа здарыўся велізарны стрэс, гэта не рабілі нават фашысты і камуністы», — перадае свае эмоцыі ад пабачанага былы савецкі дысідэнт Автандзіл Імнадзэ.

У выніку пачаліся масавыя маніфестацыі, вынікам якіх, па словах актывіста руху «Грузінская мара» Георгія Парэшвілі, «стала канстатацыя факту, што ўладу ўжо не ўтрымаць». У каментары для НЧ ён сказаў: «У Саакашвілі не заставалася іншых варыянтаў: або прызнаць выбары, або пайсці на паўтарэнне падзей 9 красавіка (у гэты дзень у 1989 годзе ў цэнтры Тбілісі сапёрнымі рыдлёўкамі было забіта каля 15 маніфестантаў, якія пратэставалі супраць падпісання Грузіяй новай саюзнай дамовы).

Версія 2. Саакашвілі — ахвяра ціску Захаду

Гэта тэорыя папулярная ў атачэнні маскоўскіх палітолагаў, частка якіх паўсюль бачыць руку Вашынгтону. Як вядома, Тбілісі моцна залежыць ад фінансавай падтрымкі Захаду, што рабіла яму праамерыканскі імідж. Аўтарытарныя тэндэнцыі ўнутры апарата Саакашвілі і яго знешнепалітычны авантурызм пачалі кампраметаваць Захад на Каўказе. У выніку Міхаілу даслалі «чорную метку». На карысць гэтай версіі працуе і першая заява Іванішвілі. Ён адзначыў, што прыярытэтам для новага ўраду будзе інтэграцыя ў заходнія структуры.

«Аказваецца, формула «ён сукін сын, аднак наш сукін сын» у заходнім разуменні мае межы», — адзначае піцерскае выданне «Час».

Версія 3. Саакашвілі — сапраўдны дэмакрат

Адэпты гэтай тэорыі вераць, што, кажучы словамі аднаго блогера, «Саакашвілі — сапраўдны мужык і дэмакрат, паколькі прызнаў паразу на выбарах і павіншаваў «Грузінскую мару».

На старонках сайтаў праўладнай партыі Саакашвілі сапраўды выглядае як светач дэмакратыі. «Выбары адбыліся. Так ці інакш, але ўчорашняя апазіцыя выйграла. Яна атрымала большасць у парламенце краіны і можа фармаваць свой урад. «Адзіны нацыянальны рух Грузі» адразу прызнаў пройгрыш, павіншаваў апанентаў з перамогай і заявіў пра гатоўнасць супрацоўнічаць па ўсіх пытаннях дзеля будучыні дзяржавы. Гэта значыць, Грузія даказала ўсяму свету, што сапраўды з’яўляецца не фасаднай, а сапраўднай дэмакратыяй. Урадаўцы — у першую чаргу прэзідэнт Саакашвілі — пацвердзілі, што з’яўляюцца сапраўднымі дэмакратамі», — піша сайт «Грузія анлайн».

Там жа адзначаецца: «Больш таго — Міхаіл Саакашвілі выявіў добрую волю і сам выказаў гатоўнасць саступіць канстытуцыйныя паўнамоцтвы. У прыватнасці, ён мае прэрагатыву прызначаць міністраў сілавога блока. Але адмовіўся ад гэтага права і гатовы даць людзей па выбары апанентаў».

Версія 3. Саакашвілі прызнаў выбары,

каб рэабілітавацца

Парадаксальна, але факт. Як толькі Саакашвілі прызнаў выбары, усе наезды на яго за быццам створаны ім рэпрэсіўны рэжым, прайграную вайну з Расіяй і нават катаванні ў турмах зніклі. Саакашвілі зноў стаў белым і пухнатым, і больш таго — атрымаў маштаб гістарычнай фігуры.

Вось якую ацэнку дае Саакашвілі былы яго паплечнік экс-міністр эканомікі Каха Бендукідзэ: «У Евангеллі ад Матфея сказана, што па пладах пазнаеце іх, і не можа дрэва добрае даць плод кепскі. Ёсць пэўныя вынікі. Па-першае, нягледзячы на праблемы з газам і электрычнасцю, з вайной і фінансавым крызісам пасля вайны, грузінская эканоміка вырасла за гэтыя гады ў паўтара разы. З улікам акалічнасцяў — гэта бліскучы вынік. І па-другое, на восьмым годзе кіравання Саакашвілі ў парламенце перамагла апазіцыя».

У тым жа інтэрв’ю Бенукідзэ параўнаў Саакашвілі з Франклінам Рузвельтам.

Версія 4. Саакашвілі і Іванішвілі — саюзнікі

Іванішвілі, як вядома, доўгі час фінансаваў рэжым Саакашвілі, прычым у вельмі істотных маштабах. Так, ён даў грошы на стварэнне той самай новай паліцыі. Да цяперашняга дня не зразумелыя канчаткова матывы, якія прымусілі алігарха ўвесну мінулага года пачаць фронду супраць былога сябра. Сам Іванішвілі тлумачыць гэта шокам, які ён перажыў пасля майскіх падзей 2011-га. Так ці інакш, яго выхад на палітычную авансцэну цалкам перакроіў грузінскі апазіцыйны пейзаж. Бурджанадзэ і іншыя вядомыя апазіцыянеры адышлі ў цень. Іх месца заняў вельмі супярэчлівы праект. Вось як Іванішвілі сам нядаўна аналізаваў некаторыя дзяржаўныя законапраекты: «Нешта ў гэтай праграме бюджэт не зразумелы, можа, яна даражэй абыдзецца, але гэта не страшна, я са сваіх дакладу».

Версія 5. Саакашвілі прызнаў выбары, каб вярнуцца ва ўладу

Дзякуючы Іванішвілі лёгка вырашаецца праблема захавання ўлады. Зараз Саакашвілі — «кульгавая качка»: у наступным годзе яго паўнамоцтвы прэзідэнта заканчваюцца, а абірацца тры разы запар канстытуцыя забараняе. Хадзілі чуткі, што Саакашвілі хоча паставіць яго, як Пуцін, «часова выконваючым абавязкі», каб пасля зноў абрацца гарантам. Ролю Мядзведзева можа несвядома выканаць Іванішвілі, які сваёй палітыкай можа забяспечыць Саакашвілі трыумфальнае вяртанне ва ўладу праз 5 гадоў.

Прэса, блізкая да Саакашвілі, ужо пачала ставіць знак роўнасці паміж сыходам Саакашвілі і пачаткам бандыцкага бязмежжа. «У турмах зафіксаваны сутычкі паміж вязнямі. Загучалі блатныя песні. Некаторыя з тых, якія мараць жыць «па паняццях», паспешліва сталі ўвасабляць мару ў жыццё. Ужо абрабавана некалькі банкаўскіх філіялаў, офіс кампаніі, некалькі крам, з’явіліся кішэнныя злодзеі, рэзка ўзнялася дробная вулічная злачыннасць, былі выпадкі групавой расправы над прыхільнікамі «Адзінага нацыянальнага руха Грузі», напады на журналістаў, а некаторыя лідары адкрытым тэкстам пагражаюць тэлекампаніям «Руставі–2» і «Імедзі»... З пагрозамі расправы сутыкнуліся і суддзі», — вось так апісвае новую грузінскую рэальнасць сайт «Грузія анлайн».

Калі нейкі хаос сапраўды пачнецца, абывацель адразу пачне сумаваць па моцнай руцэ Саакашвілі. Тым больш, што ён цяпер чысты перад дэмакратыяй, паколькі прызнаў вынікі кастрычніцкіх выбараў.

Адным словам, замест таго, каб развітацца з Міхаілам Саакашвілі, рыхтуйцеся сказаць яму: «Прывітанне!»

Каментаваць