Прызнаць Ісламскую дзяржаву

У заходняй прэсе з’явіліся першыя артыкулы, аўтары якіх заклікаюць лідараў Захаду афіцыйна прызнаць «Ісламскую дзяржаву» (ISIS). Узняўшыся па сацыяльным ліфце, тэрарысты не змогуць не даражыць сваім новым статусам.



Знятыя на відэа архаічныя сцэны калектыўных забойстваў вязняў, продаж жанчын у рабства, стварэнне сеткі тэрарыстаў па ўсім свеце, нарэшце, нядаўнія газавыя атакі супраць курдаў, што парушае ўсе міжнародныя канвенцыі... Нягледзячы на ўсе згаданыя ўчынкі тэрарыстаў, якія называюць сябе «Ісламская дзяржава», некаторыя лічаць, што гэта не прычына для іх дыпламатычнай ізаляцыі. Усё часцей агучваецца думка, што прызнанне Халіфату — так часта называюць сваю структуру тэрарысты, — калі не знішчыць цалкам радыкальны ісламізм, то як мінімум панізіць градус тэрарыстычнай актыўнасці на Блізкім Усходзе.

Якімі аргументамі аперуюць аматары блізкаўсходняй Realpolitik? Перш за ўсё, яны звяртаюць увагу на тое, што спробы вайсковымі сродкамі лакалізаваць ІSIS з-за шматлікіх фактараў пакуль былі беспаспяховымі. Наадварот, ісламісты за год пасля абвяшчэння «Ісламскай дзяржавы» ўмудрыліся падмяць тэрыторыю, роўную плошчы Вялікабрытаніі. Адзначаючы гэты факт, Джон МакЛаўфін, былы віцэ-дырэктар ЦРУ (2011–2014), піша: «Людзі не ваююць таму, што іх навучылі. Яны змагаюцца за тое, у што вераць. Зараз у рэгіёне найбольш апантаныя вераць у «Ісламскую дзяржаву», якая ў сілу гэтага будзе набываць контуры дзяржаўнага інстытуту».

На яго думку, дыпламатычнае прызнанне дазволіць гуляць на комплексах лідараў, якім будзе прыемна аказацца сябрамі палітычнай эліты. Узняўшыся па сацыяльным ліфце, тэрарысты не змогуць не даражыць сваім новым статусам. Метамарфоза прымусіць іх больш уважліва прыслухоўвацца да думкі сусветнай супольнасці і, як следства, як мінімум адмовіцца ад практыкі публічных смяротных пакаранняў. Таксама, як лічаць МакЛаўфін і яго аднадумцы, кіраўніцтва групоўкі пры такім сцэнары падзей можа прымусіць ісламскую міліцыю на месцах не захапляцца акцыямі генацыду.

Прызнанне ISIS — гэта крок да геаграфічнай лакалізацыі экспансіі радыкальнага ісламізму. Калі верыць амерыканскаму выданню «The Week», з’яўленне на мапе свету дзяржавы з аформленымі межамі дапаможа пераарыентаваць экстрэмістаў з тэмы вайны на будаўніцтва дзяржаўных інстытутаў на тэрыторыі часткі Сірыі і Іраку, якую яны кантралююць. Новая парадыгма, быццам, дазволіць хутка рэфармаваць прававую базу рэжыму, які зараз заснаваны на канонах шарыяту. Жыць па нормах шарыяту сапраўды можна, аднак выключна ва ўмовах вайны. У мірных умовах, тым больш калі на двары ХХІ стагоддзе, сярэднявечны шарыят не здольны рэгуляваць адносіны. Ісламістам спатрэбіцца кадыфікацыя новага права, стварэнне судовых інстанцый, інстытутаў следства і адвакатуры. Прасцей кажучы, пачнецца трансфармацыя цяперашняй зоны, дзе пануе беззаконне і гвалт, у нешта больш-менш адэкватнае з пункту гледжання права.

Цікавы тэзіс у абарону ідэі прызнання ISIS прапануе італьянскае выданне «Limes». Яго журналісты ўзгадваюць няўдалы вопыт нядаўніх крыжовых паходаў Захаду на Усход. У час тых кампаній, якія вяліся супраць ісламістаў, камуністаў або дыктатараў, Захад шукаў на месцы тактычных саюзнікаў, дапамагаў ім фінансава і тэхнічна. Пры гэтым вельмі часта такімі саюзнікамі выступалі асобы і рухі, што часта аказваліся значна больш небяспечныя для Захаду. Так было ў Афганістане, дзе ЗША, змагаючыся з камуністамі, стварылі інкубатар талібаў і «Аль-Каіды». Групоўка «Ісламская дзяржава» таксама скарысталася вайсковай дапамогай, якая ішла з Захаду на падтрымку сірыйскай апазіцыі.

«Можа хопіць заходнім палітыкам нараджаць монстраў, падобных да «Аль-Каіды» і шукаць іншыя шляхі супрацы з экстрэмістамі?» — задаюцца пытаннем італьянскія журналісты, аматары дыпламатычнага кансенсусу з Халіфатам. Яны таксама лічаць, што нават фармальная прапанова пра прызнанне здольная выклікаць у штабе экстрэмістаў падзел на фракцыі, што паслабіць маналіт руху і, магчыма, ягоную дэфрагментацыю на некалькі секцый, з некаторымі з іх можна будзе шукаць кантакты. Альтэрнатывай прызнанню, быццам, будзе афганскі рэмейк, калі базы тэрарыстаў у буйных гарадах знішчаць, аднак сацыяльная база для рэпрадукцыі тэрарыстычных настрояў застанецца.

Самы незвычайны тэзіс наконт міру з ISIS належыць амерыканскім кансерватарам, якія крытыкуюць Абаму за пасіўны характар вайны з ісламізмам. Заакіянскія ястрабы мяркуюць, што легітымізацыя ISIS дазволіць ЗША легальна абвесціць яму вайну, падключыць да яе ўсе існуючыя рэсурсы, аператыўна рэагаваць на кан’юктуру на тэатры баявых дзеянняў, а не збіраць розныя саветы ААН. Зараз, нагадаем, атакі на базы тэрарыстаў абмежаваныя авіяналётамі і падрыхтоўкай вайсковых кадраў для армій, якія супрацьстаяць ісламістам.

Нарэшце, вельмі правакацыйную думку агучвае расійскі клуб аналітыкаў. Некаторыя лічаць, што спрачацца наконт прызнання або не прызнання ISIS не мае сэнсу. Гэтая дзяржава будзе прызнаная ў адной з рэгіянальных сталіц. Матывы могуць быць розныя, напрыклад, жаданне першымі наладзіць кантакты з лідарамі ісламскай дзяржавы і за кошт гэтага ўзняць свой міжнародны статус. Дамінуе падыход, што першым, хто прызнае ISIS, у бліжэйшы час стане Катар.

Нягледзячы на знешнюю лагічнасць канструкцый прыхільнікаў мірнага пакту з ISIS, іх разважанні пакуль успрымаюцца як нейкая экзотыка. Нават не вельмі дасведчаны ў сітуацыі на Блізкім Усходзе чалавек можа пабачыць слабыя месцы ў аргументацыйнай базе «пацыфістаў». Напрыклад, відавочна, што нават афіцыйная заява пра магчымае прызнанне ISIS паслабіць маральны стан у лагеры праціўнікаў ісламізму, што можа мець кепскіх наступствы для фронту.

Што тычыцца экспертнай супольнасці, то яна не верыць, што вынікам прызнання ісламістаў стане іх нармалізацыя і эвалюцыя ў палітыкаў, з якімі можна мець справу. Па-першае, цяжка ўявіць, як тэхнічна будзе выглядаць дэмаркацыя мяжы новай дзяржавы, ідэолагі якой ставяць глабальныя задачы. Як адрэагуе на гэта сусветная грамадскасць, Багдад і Дамаск, чым землі павінны будуць адыйсці ў склад халіфату? Спецыялісты міжнароднага права таксама не могуць зразумець, як тая ж ААН, якая мае справу з дзяржавамі-нацыямі, можа прызнаць «ісламскую нацыю»? Нарэшце, атрымаўшы больш-менш стабільную сітуацыю на знешніх межах, ісламісты могуць не супакоіцца, а сканцэнтравацца на іншых задачах — напрыклад, кінуць свае рэсурсы на стварэнне ядзернай зброі, пра якую даўно мараць.

Каментаваць