Пуцінскі застой

Вяртанне Пуціна ў якасці прэзідэнта адбываецца на фоне праслаўлення Брэжнева — савецкага рэкардсмена па тэрміну знаходжання на пасадзе кіраўніка дзяржавы. 



Вяртанне Пуціна ў якасці прэзідэнта адбываецца на фоне праслаўлення Брэжнева — савецкага рэкардсмена па тэрміну знаходжання на пасадзе кіраўніка дзяржавы. 

Прычынай казаць пра тое, што Пуцін — рэінкарнацыя «дарагога Леаніда Ільіча, стаў  з’езд «Адзінай Расіі», які прайшоў два тыдні таму ў «Лужніках». Мерапрыемства справакавала ў рунэце мноства параўнанняў расійскай афіцыйнай партыі з КПСС. Бурныя апладысменты пасля кожнай рэплікі любімага кіраўніка, лозунгі і транспаранты, патрыятычныя песні групы «Любэ» і г. д.

І ў якасці фінальнага акорду — навіна пра намер Пуціна вярнуцца на пасаду прэзідэнта. З улікам асаблівасцяў расійскіх выбараў, можна не сумнявацца, што ён будзе федэральным лідарам яшчэ два тэрміны — 12 гадоў. Калі згадаць, што Пуцін ужо два разы быў гарантам па пяць гадоў, атрымліваецца ўвогуле фантастычная лічба знаходжання ў Крамлі — 22 гады.

Такім чынам, Уладзімір Ула­дзіміравіч ідзе на пабіцце рэкорда Леаніда Ільіча Брэжнева, які прабыў генсекам КПСС 18 гадоў. Пра тое, што значылі для краіны апошнія гады брэжнеўскага кіравання, большасці насельніцтва больш-менш вядома нават без падручнікаў гісторыі. Пры Брэжневе Савецкі Саюз увайшоў у стадыю сістэмнага крызісу, з якога, па сутнасці, выйсці не змог, нягледзячы на Перабудову. Не дзіўна, што ў публікі адразу ўнікла пытанне, ці не закончыцца пуцінская эра гэтак жа?

У дадатак варта згадаць, што Пуціна сталі параўноўваць з Брэжневым не сёння. Яшчэ перад выбарамі 2008 года Гарбачоў заявіў у інтэрв’ю часопісу «Time», што Пуцін і Брэжнеў не толькі падобныя па стылю кіравання, але і ім абодвум «пашанцавала кіраваць краінай у той час, калі ў свеце назіраўся рост коштаў на нафту».

Ёсць і іншыя паралелі. Знешняя палітыка Пуціна вельмі нагадвае агрэсіўныя геапалітычныя планы Савецкага Саюза ў 1970-я гады, калі «халодная вайна» была ў зеніце. 

Каб развеяць асцярогу, Крэмль пачаў казаць, што Брэжнеў — гэта  не негатыў, а суцэльны пазітыў. У эфіры тэлеканала «Дождж» прэс-сакратар прэм’ер-міністра Дзмітры Пяскоў папракнуў крытыкаў «брэжневізацыі Пуціна» ў слабых ведах гісторыі і «маскоўскім пафасе». Па словах Пяскова, кіраванне Брэжнева не было застоем. «Краіна многага дабілася, Брэжнеў для нашай краіны — гэта велізарны плюс», — рэзюмаваў Пяскоў.

Спробы рэабілітацыі Брэжнева выклікалі ў грамадстве гучны смех. Расійскія палітыкі і бізнэсмэны, апытаныя часопісам «Власть», лічаць, што ў Пуціна не так і шмат шанцаў стаць другім Леанідам Брэжневым: «У Пуціна няма пакуль што ніводнага звання Героя. У яго часцей змяняецца атачэнне, чым у Брэжнева. І ён не зможа мець такія бровы, як у генсека. Пры Брэжневе быў застой. Пры Пуціне — адстой», — напісаў адзін з расійскіх блогераў.

Аднак пры ўсіх жартачках тэндэнцыя ўладнага дыскурсу выклікае ў палітолагаў насцярожанасць. Услаўляючы эпоху Брэжнева, улада ўскосна дасылае сігнал пра тое, што да 2024 года ніякіх прагрэсіўных рэформаў не будзе. Гэта шок для актыўнай часткі грамадства. Страціўшы Мядзведзева на пасадзе кіраўніка дзяржавы, ліберальная частка расійскага грамадства, без якой немагчымая мадэрнізацыя эканомікі, страціць адзіную надзею. Не выпадковыя лічбы: па выніках апошніх апытанняў, 22% расіян жадалі б з’ехаць з краіны, а сярод прадпрымальнікаў і студэнтаў гэты паказчык яшчэ вышэй — кожны другі.

Ужо зразумела, што надаваць дынаміку грамадскаму жыццю Пуцін будзе з дапамогаю патрыятычных лозунгаў. Нельга не прызнаць, што агучаны ім у суботу план стварэння Еўразійскага саюза знайшоў, калі меркаваць па каментарах у рунэце, падтрымку.

Тут можна натыкнуцца на забаўныя перлы: «Знешнепалітычны курс ВВП можна і трэба за шматлікае крытыкаваць. Але пуцінскае імкненне зноў запусціць у былым СССР інтэграцыйныя працэсы — гэта тое, што цалкам адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам. Нічога не страчана, усё толькі пачынаецца! Еўразійцы гатовыя далучыцца да рэалізацыі ідэй Пуціна, падтрымаць сваёй энергіяй, ведамі і інтэлектам. Расія яшчэ будзе вялікай еўразійскай дзяржавай у саюзе з усімі народамі Еўразіі. Слава Пуціну і Еўразійскаму саюзу!» — піша адзін з віртуальных патрыётаў.

Аднак казаць, што імперскія настроі дамінуюць у грамадстве, нельга. Нацыяналістычнага пафасу ў тым жа рунэце не так шмат.

Відавочна, папросту пуцінская формула патрыятызму надакучыла, і на працягу наступных 12 гадоў яна будзе губляць сваю прывабнасць яшчэ больш. Як добра пракаментаваў нейкі блогер: «ВВП спёкся даўно... і яго гульні».

Нарэшце для падтрымкі патрыятычных настрояў трэба нейкая канфрантацыя. Гэта ўстаноўка на канфлікт прысутнічае ў шматлікіх каментарах патрыётаў: «Зараз пра сумнае. Упэўнены, што хуткім часам пачасцяцца тэрарыстычныя акты на нашай тэрыторыі з мэтай дыскрэдытацыі цяперашняга ўрада і персанальна Уладзіміра Пуціна. Бо трэба ж штосьці з мядзведзем, які абудзіўся, рабіць, а тое ўсё пад сябе падграбе, ды яшчэ і, хай Бог сцеражэ, новую валюту — «азіа» — увядзе».

У перспектыве ёсць вялікія шансы, што пуцінская сістэма зможа эластычна рэагаваць на знешнія выклікі. Як вядома, Леанід Ільіч на некаторым этапе аказаўся закладнікам створанай сістэмы. Канфігурацыя ўлады выглядала так, што выключна ён мог гарантаваць баланс уплыву ведамасных і рэспубліканскіх кланаў. Пры тым, што ён сам неаднаразова хацеў пайсці ў адстаўку.

Нельга ў гэтым плане не пагадзіцца з брытанскай газетай «Guardian»: «Перспектыва яшчэ двух прэзідэнцкіх тэрмінаў У. Пуціна набліжае сацыяльную і эканамічную стагнацыю ў краіне і штурхае на параўнанні са шматгадовым кіраваннем савецкага кіраўніка Леаніда Брэжнева».

З іншага боку, брэжневізацыя пуцінскага рэжыму, магчыма, не самы горшы варыянт.

Як піша ўкраінскі палітолаг Кісялёў, ідэя рэстаўрацыі імперыі з’яўляецца асабістым бзікам Пуціна, а 2017 год — сотая гадавіна развалу імперыі — відавочна выглядае занадта магічнай датай у яго вачах. Чаму б не паспрабаваць да гэтага часу сабраць усе рускія землі? Рэалізацыі гэтага пражэкту, на думку палітолага, і будзе падпарадкаваная дзейнасць усёй пуцінскай каманды. Як бачым, брэжнеўскім застоем тут пакуль не пахне.
 

Каментаваць