Пуцін параўнаў цела Леніна з мошчамі хрысціянскіх святых

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін параўнаў цела савецкага правадыра Уладзіміра Леніна ў маўзалеі з мошчамі хрысціянскіх святых.
Расійскі кіраўнік адзначыў, што стаўленне камуністаў да Леніна надзвычай падобнае да шанавання святых. «Паклалі ў маўзалей. Чым гэта адрозніваецца ад мошчаў святых для праваслаўных, дый проста для хрысціянаў? Калі мне кажуць, што не, у хрысціянстве няма такой традыцыі, ну як жа няма», — сказаў Пуцін.

Пры гэтым ён таксама параўнаў камуністычную ідэалогію з хрысціянствам: маўляў, камунізм таксама грунтуецца на ідэалах свабоды, роўнасці, братэрства і справядлівасці. А кодэкс будаўніка камунізма Пуцін назваў «сублімацыяй» і прымітыўнай вытрымкай з Бібліі.

У снежні 2017 года паведамлялася, што колькасць расіян, якія лічаць неабходным пахаваць Леніна, знізілася. За гэта выступіў 41 адсотак удзельнікаў апытання супраць 58 адсоткаў у сакавіку-красавіку.

Уладзімір Ленін памёр у 1924 годзе. Пасля смерці яго цела забальзамавалі і змясцілі ў маўзалей на Краснай плошчы ў Маскве, нагадвае Lenta.ru.


Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць