Пуцін цісне на Балгарыю

Заява Уладзіміра Пуціна пра спыненне будаўніцтва газаправоду «Паўднёвы паток» праз нязгоду Балгарыі ўдзельнічаць у праекце, выклікала ў Сафіі дэбаты наконт геапалітычнага выбару краіны.  



Расійскі газаправод «South Stream» («Паўднёвы паток») павінен быў прайсці па дне Чорнага мора ў Бургас (Балгарыя) і далей у краіны Паўднёвай і Цэнтральнай Еўропы. Кошт праекта — 34 мільярды еўра. Яшчэ ў ліпені Балгарыя падтрымлівала праект, аднак цяпер змяніла сваё рашэнне. Калі верыць Пуціну, гэта зроблена пад ціскам ЕС.

Сваю пазіцыю Пуцін агучыў падчас візіту ў Турцыі, якая, па яго словах, павінна стаць галоўным бенефіцыярам дэмаршу балгараў. Расійскі газ у выніку пойдзе не ў Еўропу, а ў Турцыю, якая таксама атрымае права пасля прадаваць блакітнае паліва еўрапейцам.

Прамова Пуціна выклікала сапраўдны палітычны землятрус у Балгарыі, следствам чаго можа стаць адстаўка ўрада.

Пры гэтым самае цікавае (на гэта звяртае ўвагу балгарская прэса) — тое, што афіцыйных заяў наконт спынення ўдзелу ў праекце Балгарыя не рабіла. «Няма ніводнага дакументу, які тычыцца перагляду былых дамоў з Расіяй. Балгарыя пакуль не атрымлівала ад Расійскай Федэрацыі ніякіх афіцыйных паведамленняў пра закрыццё «Паўднёвага патоку», таму сітуацыя вакол гэтага праекта застаецца складанай і трывожнай», — так 2 снежня пракаментаваў віцэ-прэм’ер Балгарыі па эканамічнай палітыцы Таміслаў Дончаў заяву прэзідэнта Расіі.

Менавіта гэты факт выклікае шмат спекуляцый наконт сапраўдных матываў пуцінскай газавай дыпламатыі.

Так выданне «Днес» лічыць, што галоўнай задачай Пуціна была адстаўка або шантаж прэм’ера Бойкі Барысава, які прыйшоў да ўлады на праеўрапейскіх лозунгах у рамках партыі «ГЕРБ». Пракладваць па марскому дну трубу ў Балгарыю, маючы там празаходні ўрад, які патэнцыйна здольны на які-небудзь антырасійскі крок, было для Пуціна б вельмі рызыкоўна. Таму яго мэта, як піша газета, заключалася ў тым, каб за кошт істэрыкі вакол газаправода даць зразумець Барысаву, што ў выпадку адмовы ад «South Stream» яго кабінет чакаюць цяжкія часы.

Часткова Пуціну гэта ўдалося. Спіч расійскага гаранта кансалідаваў апазіцыю вакол ідэі падтрымкі «Паўднёвага патоку». Балгарскія сацыялісты ўжо паабяцалі рэалізаваць праект «Паўднёвы паток» у выпадку свайго вяртання да ўлады. Некаторыя з іх нават ставяць пад пытанне сяброўства Балгарыі ў ЕС.

Увогуле, для левых тэма «Паўднёвага патоку» — добрая нагода, каб перакласці на ўрад адказнасць за кепскі стан эканомікі і рост беспрацоўя. Напрыклад, калі верыць сацыялістам, у выніку рэалізацыі праекту ў краіне было б створана 5 тысяч рабочых месцаў у рэгіёнах, па якіх пройдзе газаправод (дарэчы, гэта самыя эканамічна-дэпрэсіўныя зоны ў краіне). Агучваецца таксама лічба 400 мільёнаў долараў — столькі б, быццам, мог штогод зарабляць балгарскі бюджэт за кошт транзіту.   

Асуджаюць Барысава і нацыяналісты, якія прадстаўленыя ў парламенце двума фракцыямі. Іх раз’юшылі словы Пуціна пра тое, што Балгарыя не з’яўляецца суверэннай дзяржавай і цалкам падпарадкаваная ўказанням чыноўнікаў Еўракамісіі. Ультраправыя робяць акцэнт на тым, што Еўропа, і перш за ўсё Германія, крытыкуючы «Паўднёвы паток», не жадаюць згортваць «Паўночны паток», які ідзе праз Балтыку ў ФРГ. У выніку, быццам, Еўрасаюз пакідае Балгарыю на галодным газавым пайку (калі верыць апазіцыйнай прэсе, з-за вайны ва Украіне газавыя пастаўкі ў краіну скараціліся амаль удвая). Еўрафобскія настроі таксама ўзмацняе і нядаўняя згода ўраду ўзняць па просьбе Брусэля пенсійны ўзрост на 4 месяцы з наступнага года, плюс нежаданне кампенсаваць магчымыя страты, якія панясе краіна пасля адмовы ад «Паўднёвага патоку».

Аднак больш непакоіць нацыяналістаў тое, што газ цяпер прыйдзецца набываць у Турцыі (гістарычна антымусульманская і антытурэцкая рыторыка — гэта галоўныя фішкі мясцовых нацыяналістаў). Нацыяналістычная прэса палохае  балгар тым, што прэферэнцый па коштах за газ з боку Анкары не будзе.

Праўладная прэса, у сваю чаргу, лічыць, што апазіцыя наўмысна апускае некаторыя тэхнічныя моманты, якія тычыцца «South Stream». «Паўднёвы паток ужо даўно стаў палітычным, а не эканамічным праектам. Няма ніякіх сумневаў, што газаправод выкарыстоўваецца Пуціным у якасці інструмента палітычнага ціску ў вялікай гульні вакол Украіны», — піша выданне «Актуальна». На думку выдання, рашэнне аб выхадзе з праекту цалкам лагічнае, паколькі балгарскі ўрад сам не разумее параметры кантракта, што яму навязвае Масква. Напрыклад, туманнай застаецца формула кіраўніцтва «Паўднёвым патокам». Масква кажа, што будзе створана сумеснае прадпрыемства, дзе 50 працэнтаў акцый атрымаюць балгары. Аднак з улікам таго, што газ у трубе будзе расійскім, відавочна, што балгарам адводзіцца роля статыстаў. У дадатак, апісаныя прынцыпы працы супярэчаць правілам для энергетычных кампаній, якія патрабуе ЕС. 

Акрамя таго, нават самыя вялікія фанаты газаправоду не могуць назваць дакладную лічбу — колькі ж будзе Масква сапраўды плаціць за транзіт? «Хто-небудзь з вас пусціць у дом арандатара, не ведаючы, колькі той збіраецца плаціць за арэнду?» — задае рытарычнае пытанне выданне «Актуальна». Прэса таксама лічыць, што пазіцыя ўраду хутчэй сведчыць пра тое, што Балгарыя — суверэнная краіна, якая не жадае быць паслухмянай марыянеткай Крамля.

Праўладная прэса таксама не выключае, што галоўнай мэтай пуцінскіх гучных заяў быў зандаж маштабаў антыеўрапейскіх настояў у Балгарыі. Як вядома, раней з’яўлялася інфармацыя пра тое, што Масква разглядае Балканы як своеасаблівую пятую калону ўнутры ЕС. «Гэта тактычны ход з боку Уладзіміра Пуціна і Расіі. Яны ніколі не адмовяцца ад праекту газаправода «South Stream». Магчымае змяненне маршруту трубаправода праз Турцыю зробіць праект у два-тры разы даражэйшым, тым самым робячы яго эканамічна неэфектыўным. Такі трубаправод ужо існуе — гэта Блакітны паток, які ідзе праз тэрыторыю Турцыі, і які не выкарыстоўваецца напоўніцу», — піша выданне «Nova».

На думку аглядальнікаў выдання «Вести», Расія нават не збіралася будаваць гэты газаправод. «Паўднёвы паток» — хімера, прыдуманая для таго, каб дыскрэдытаваць еўрапейскую палітыку на Балканах, разменная манета, ад якой Масква гатовая будзе адмовіцца, каб пралабіраваць стратэгічна больш важны для яе «Паўночны паток».

Тым не менш, нягледзячы на некаторы ўздым антыеўрапейскіх настрояў у Балгарыі, мясцовая палітычнай думка пакуль не дапускае альтэрнатывы еўрапейскай інтэграцыі.

Каментаваць