G7: пытанне бежанцаў пакуль не вырашыць

Сёння ў Германіі пачынае працу саміт G7, адным з пытанняў якога будзе нелегальная іміграцыя. Чаму ўвядзенне квотаў бесперспектыўна, і як можна вырашыць праблему? Пра гэта разважае венгерскі эксперт па абароне і бяспецы Ота Кала.



Нелегальная міграцыя ў Еўропе набыла такія памеры, што ёй няма аналагаў у сучаснай гісторыі. Некаторыя параўноўваюць памеры цяперашняй міграцыі хіба што з гістарычным перасяленнем народаў у Еўропе. Вынікам падзеў у Афрыцы і на Блізкім Усходзе стала маштабная хваля міграцыі, кантраляваць якую Еўропа хутка будзе не ў стане. 

Пасля звяржэння жорсткіх дыктатараў Ірак і Лівія ляжаць у руінах. Проста цуд, што яшчэ працуе егіпецкая мадэль. Палітычныя мадэлі вырашэння грамадскіх праблемаў у Сірыі і Афганістане не функцыянальныя. Абарона Ізраіля патрабуе беспрэцэдэнтна каласальных сродкаў. Застаецца пад пытаннем — як доўга і за які кошт можна яшчэ будзе падтрымліваць status quo ў гэтых рэгіёнах.

Мільёны бежанцаў імкнуцца у стабільную Еўропу з-за акумуляваных сацыяльных і прыродных праблемаў, якія не паддаюцца рашэнню, з-за штодзённага гвалту і пачуцця бесперспектыўнасці — гэта ўстаноўка пашыраецца ў масавай свядомасці, набываючы выбуховы характар. З іншага боку, падаецца, што нацыянальныя дзяржавы старога кантыненту з-за іх палітычных супярэчнасцяў і эканамічнай няроўнасці не здольныя кансалідавана і эфектыўна рэагаваць на сітуацыю.

Назіраючы за ходам палітычных дэбатаў, якія тычацца тэмы нелегальнай іміграцыі ў Еўропе, можна заключыць: гуманістычны падыход і сацыяльна-эканамічныя інтарэсы кожнай асобнай краіны пастаянна канфліктуюць адзін з адным.

І гуманізм, і нацыянальныя інтарэсы ў сваёй аргументацыі ўтрымліваюць кампаненты, якія могуць мабілізаваць шырокія групы грамадства як за, так і супраць міграцыі. Рацыянальныя рэкамендацыі, распрацаваныя ЕС, рэгулярна правальваюцца, паколькі супярэчаць інтарэсам нацыянальнай палітыкі.

Зразумела, што тут можа быць нейкая форма імітацыі рашэння. Прадстаўнікі абодвух падыходаў могуць знайсці агульную пазіцыю, якая задавальняе ўсіх. Практыка экстрадыцыі і лагераў для мігрантаў працягне існаваць, будуючыся цяпер на прынцыпе міграцыйных квотаў. Аднак пры гэтым памер квотаў будзе значыць для кожнай нацыі эфектыўнасць яе ўрадаў абараняць свае нацыянальныя інтарэсы.

Можна з упэўненасцю канстатаваць, што толькі маленькая частка з той масы палітычных уцекачоў калі-небудзь пакіне ЕС. Дзякуючы розным канвенцыям, іх жыццё будзе складацца з доўгіх падарожжаў з адной дзяржавы ЕС у другую. Як следства, некаторыя з іх ніколі не інтэгруюцца ў грамадства. Трэба таксама ўзяць пад увагу, што шэраг эканамічна моцных дзяржаў (Германія, Францыя, краіны Скандынавіі) будуць навязваць малым краінам непрапарцыянальную ролю ў вырашэнні праблемы.

Што тычыцца ідэі стварэння лагераў для мігрантаў за межамі Еўрапейскага саюза, то гэта надзвычай складаная справа, якую вельмі цяжка маніторыць. На маю думку, гэта хутчэй палітычны праект. Да таго ж наўрад ці бежанцы ўвогуле будуць намагацца трапіць у Еўропу па сістэме квотаў. Прымаючы ўсё гэта пад увагу, можна казаць, што ідэя квотаў з самага пачатку павінна быць адкінутая. Гэта бесперспектыўны шлях.

Таксама агучваецца ідэя вайсковых акцый ЕС за межамі ў мэтах стабілізацыі краін адкуль ідзе наплыў бежанцаў. Аднак папярэдні вопыт сведчыць, што Еўропа не ўстане праводзіць сістэмныя вайсковыя аперацыі ў паветры і на зямлі. Яна можа хіба што рабіць дэманстратыўныя кропкавыя атакі супраць кантрабандыстаў або піратаў. Прыярытэтам ёсць і застаецца кантроль над знешнімі межамі ЕС. Гэты момант, безумоўна, будзе ўплываць на перспектывы геаграфічнага пашырэння Еўрасаюза.   

Відавочна, што зараз няма патрэбных матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў, якія могуць быць мабілізаваныя для правядзення рызыкоўных доўгатэрміновых вайсковых аперацый у Афрыкі або на Блізкім Усходзе. Еўропа не ў стане рабіць гэта адна і не здольная рабіць гэта кансалідавана. Яе палітыкі паклапаціліся пра гэта.

Паляпшэнне стану патэнцыйных бежанцаў, каб яны не беглі ў Еўропу, або скарачэнне колькасці ўцекачоў — задача, якую немагчыма рэалізаваць у цяперашніх умовах. Патрэбны дзесяцігоддзі, каб стварыць новыя палітычныя рэжымы на рэштках разбураных дзяржструктур. У дадатак новыя рэжымы павінны прыняць дэмакратычныя нормы і павінны супрацоўнічаць з існуючымі дэмакратыямі ў пытаннях бежанцаў. Ці магчыма гэта, асабліва з улікам таго, што калі такія рэжымы і будуць створаныя, іх галоўнай задачай будзе гарантаваць гарантаваць матэрыяльную і фізічную бяспеку людзям, якія жывуць на іх тэрыторыі?

Але на сённяшні дзень, на жаль, палітычныя і вайсковыя спробы усталявання такіх рэжымаў дасюль не маюць поспеху. Паколькі дасюль не знойдзена агульная мова за сталом перамоваў. А вайсковыя рашэнні — не эфектыўныя.

Пакуль што сітуацыя становіцца ўсё больш напружанай. Магчыма адзінае, што можа сёння Еўропа — дабіцца таго, каб вайна ішла як можна далей ад яе межаў, ці хаця б не выходзіла за межы цяперашніх канфліктаў.

Каментаваць