Рафаэль Карэа. Мінцімер Шайміеў. Герхард Хубер

Рафаэль Карэа

Рафаэль Карэа

З’явіліся спекуляцыі наконт таго, што выбарчую кампанію прэзідэнта Эквадора Карэа фінансавалі тэрарысты. Гаворка вядзецца пра лявацкую партызанскую групоўку «Узброеныя народныя сілы Калумбіі» (FARC). Калумбійская пракуратура перадала ў прэсу запіс, які знайшлі ў аднаго з баевікоў FARC вясной мінулага года. На ім — сход камандзіраў атрадаў у 2006 годзе. Сярод іх вайсковы камандуючы арганізацыі Хорхе Брысеньё Суарэс. Ён кажа пра неабходнасць падтрымаць Рафаэля Карэа на выбарах. Дакладна можна пачуць фразу: «Дапамажыце Карэа грашыма і дамоўцеся наконт перамоваў з яго агентамі». Натуральна, Карэа і яго каманда заявілі, што гэты запіс — правакацыя з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Цяжка сказаць, які вынік будзе мець кампрамат на Карэа. Справа ў тым, што ўсе матэрыялы былі знойдзеныя падчас нападу калумбійскага спецназу на лагер партызан, які знаходзіўся на тэрыторыі Эквадору. Раней калумбійцы сцвярджалі, што сярод трафеяў быў ноутбук аднаго з кіраўнікоў FARC, на якім быццам знаходзіліся файлы пра супрацоўніцтва партызан з Чавесам, Кастра і нават Мінскам. Пазней эксперты заявілі, што ўсе запісы на кампутары былі зробленыя штучна. Магчыма, калумбійцы папросту пераагучылі нейкія кадры. З іншага боку, вельмі эмацыйная рэакцыя Карэа кажа, што дыму без агню не бывае.


Мінцімер Шайміеў

Прэзідэнт Татарстана праходзіць пацярпелым на незвычайным працэсе, які распачаўся ў аўторак у Казані. Судзяць былога прэс-сакратара прэзідэнта Ірэка Мурзаціна. Судзяць за тое, што ён быццам незаконным чынам збіраў інфармацыю пра былога боса, а потым выкладаў яе ў інтэрнэце. Прынамсі на Мурзаціна збіраюцца павесіць гучны скандал мінулага года, калі ўся рэспубліка стаяла на вушах з-за таго, што нехта кінуў у сеціва сенсацыйную навіну — на турэцкім курорце памёр Шайміеў. Давялося нават рабіць афіцыйную заяву, што лідэр татар жывы і здаровы. Адказнасць за з’яўленне той правакацыйнай інфармацыі пракуратура вешае на Мурзаціна, бо ён пракаментаваў тую навіну на сваім блогу. Яшчэ больш смешны доказ — кніга «Апошні прэзідэнт Татарстану», якую выдаў Мурзацін пару год таму. Пракуратура правяла экспертызу, якая ўстанавіла, што кніга — татальны паклёп на ўладу. Экспертыза заключалася ў тым, што 79 людзям даручылі прачытаць фаліянт. З іх трое заявілі, што пасля прачытання кнігі ў іх склалася ўражанне, нібыта Шайміеў — галоўны карупцыянер у рэспубліцы. Да таго, як кніга трапіла ім у рукі, яны ставіліся да Шайміева пазітыўна. Мурзацін патрабуе прысутнасці пацярпелага ў судзе і новай экспертызы ды пагражае зваротам у Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Герхард Хубер

Лідэр аддзялення правай аўстрыйскай партыі Саюз за будучыню Аўстрыі ў зямлі Ціроль (BZО), больш вядомай як партыя Йорга Хайдэра, завёў каханку, прычым эмігрантку з Грузіі. А гэта — моцны ўдар па іміджу партыі, якая выступае супраць эмігрантаў. Нябожчык Хайдэр нават марыў стварыць высока ў Альпах асобны лагер для ўсіх эмігрантаў. Больш таго, Хубер мае жонку і пяцёра дзяцей. Таму раман не вельмі пасуе яго кансерватыўнай рыторыцы. Аднак гэта толькі кветачкі. Далей болей. Хтосьці, хто ведаў пра амуры Хубера, пачаў яго шантажаваць. Хубер знайшоў сярод аднапартыйцаў людзей, якія пагадзіліся папужаць шантажыста. Адначасова стала вядома, што тая грузінка ўжо сама пачала шантажаваць жонку Хубера. І тут партыйцы Хубера праінфармавалі паліцыю, што іх лідэр замовіў замах на чалавека. Вось такая гісторыя... Як вынік — партыя ў крызісе. Са складу кіраўніцтва ўжо выйшла 8 з 12 чалавек. Цяпер галоўная інтрыга ў тым, ці выйдзе скандал за межы Ціроля і дабярэцца да зямлі Карынцыя — галоўнай выбарчай цытадэлі Саюзу за будучыню Аўстрыі. Трэба прыгадаць, што дагэтуль партыя займала чацвёртае месца на палітычным полі Аўстрыі.

Каментаваць