Расія ўваходзіць у спячку

11 кастрычніка ў Расіі прайшлі рэгіянальныя выбары — самыя трыумфальныя ў гісторыі, калі меркаваць па выніках для крамлёўскай партыі «Адзіная Расія» (ЕР). Чым абавязаныя адзінаросы перамозе: фальсіфікацыі, канкрэтным дасягненням або стыхійнай народнай любові? Якія перспектывы ў апазіцыі? Пра гэта журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з маскоўскім палітолагам Дзмітрыем Кастэнкам.



11 кастрычніка ў Расіі прайшлі рэгіянальныя выбары — самыя трыумфальныя ў гісторыі, калі меркаваць па выніках для крамлёўскай партыі «Адзіная Расія» (ЕР). Чым абавязаныя адзінаросы перамозе: фальсіфікацыі, канкрэтным дасягненням або стыхійнай народнай любові? Якія перспектывы ў апазіцыі? Пра гэта журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з маскоўскім палітолагам Дзмітрыем Кастэнкам.

— У розных рэгіёнах «Адзіная Расія» ў сярэднім атрымала 80 працэнтаў галасоў, КПРФ — 19, «Справядлівая Расія» — 7, ЛДПР — 2 працэнты. Ці ёсць падставы казаць пра тое, што выбары сфальсіфікаваныя?

— Не буду казаць за іншыя рэгіёны. Аднак маскоўская сітуацыя вельмі дзіўная: Масква і Пецярбург — гарады, дзе ў жыхароў шмат грошай. Людзі не залежаць ад улады. Яны любяць казаць, што яны не такія, як просты расійскі люд. У любой сітуацыі шмат з іх традыцыйна схільныя галасаваць за апазіцыю, у нашым выпадку — ліберальную. Але ёсць іншыя падставы для сумневу ў дадзеных Выбаркаму. Напрыклад, у маскоўскім раёне Капотня ў дзень выбараў на 10 гадзін зафіксавана 28 працэнтаў яўкі, у 12.00 — ужо 97,6 працэнта, у 16.00 — увогуле ўсе 100 працэнтаў. Хаця пасля чамусьці яўка склала ўжо 97 працэнтаў. Як гэта здарылася? Яшчэ больш цікавая сітуацыя была на выбарчым участку Шчукіна. Там ужо а дзесятай прагаласавала 100 працэнтаў выбаршчыкаў. А пасля на працягу дня лічба тройчы змянялася. Па словах некаторых незалежных назіральнікаў, кожны трэці голас быў сфальсіфікаваны. Не кажучы пра тое, што многіх кандыдатаў ад апазіцыі папросту адмовіліся рэгістраваць.

— За бортам маскоўскай думы апынуліся «Справядлівая Расія» і ЛДПР, якія звычайна з агаворкамі падтрымліваюць «генеральны курс». Няўжо гэтыя партыі больш не патрэбныя Крамлю?


— Праекты кшталту ЛДПР і «Справядлівай Расіі» адміраюць за непатрэбнасцю. Новай наменклатуры яны больш не патрэбныя, а ў выбаршчыкаў няма адчування, што гэтыя партыі рэальна штосьці могуць зрабіць. Хаця пакуль рана казаць пра тое, што гэтыя партыі хутка самараспусцяцца. Яны яшчэ могуць спатрэбіцца на парламенцкіх выбарах. Інакш бы лідэры абедзвюх партый не паспяшаліся б адмовіцца ад ідэі падаць іск у суд.

— Ці не нагадваюць гэтыя выбары расійскім грамадзянам мінулыя выбары на Беларусі?

— Так, у сеціве сустракаецца тэрмін «чэсныя выбары» — намёк на тое, што сцэнар арганізацыі выбараў і падачы вынікаў падобны на электаральныя працэсы ў Беларусі. Аднак гэта думка не дамінуе. Лічыцца, што Лукашэнку ў вашай краіне папросту няма альтэрнатывы. Яму быццам супрацьстаяць абсалютныя адмарозкі. Тым больш, што прынамсі ў Маскве больш ужываўся не беларускае датэрміновае галасаванне, а так званая «карусель». Яе актыўна выкарыстоўвала каманда Януковіча на Украіне ў 2004 годзе. Яе сутнасць у тым, што людзі з адмацавальнымі талонамі ездзяць па ўчасткам і галасуюць. Толькі на Украіне гэта былі жыхары Данбасу, а ў Маскве — гастарбайтэры.

— Галоўнай апазіцыйнай партыяй становіцца КПРФ?

— Камуністаў трываюць выключна таму, што нельга ігнараваць пенсіянераў, якія ходзяць за іх галасаваць на кожныя выбары. Яны — заўсёднікі электаральных мерапрыемстваў. Гэта звычка з савецкіх часоў. Іншым катэгорыям насельніцтва выбары не цікавыя. Каб надаць легітымнасць выбарам, у любым выпадку камуністаў трэба дапускаць ва ўладу. Калі ўжо пенсіянеры перастануць хадзіць на выбары, то хто на іх будзе ўвогуле хадзіць? Справа ў тым, што самі камуністы задаволеныя сваім месцам у палітычным працэсе. Як адзначыў адзін палітолаг, у якасці апазіцыі яны нагадваюць мёртвага дыназаўра. Парушыць яго з-за яго цяжкасці ніхто не можа. Але дыназаўр мёртвы.

— А што ліберальная апазіцыя? Яе рэфармісцкая фракцыя — «Яблоко» ўдзельнічала ў выбарах. Радыкальнае крыло выбары байкатавала, арганізаваўшы ў дзень галасавання нешта падобнае на вулічныя пратэсты ў цэнтры Масквы, дзе паліла выбарчыя бюлетэні.

— Некалькі дзесяткаў чалавек. Гэта не сур’ёзна. За тры гады, якія прайшлі з першага Маршу нязгодных, байцы АМАП ужо навучыліся хутка разганяць падобныя мерапрыемствы. Пад голас нейкага міліцэйскага начальніка з мегафону «Паважаныя грамадзяне, ачысціце плошчу для праходу грамадзян» усё хуценька зачысцілі. 15 хвілін хапіла, каб пасадзіць у фургон усіх пратэстуючых дэмакратаў разам з журналістамі, якія трапілі пад руку. Аднак, як не дзіўна, 11 кастрычніка радыкальная апазіцыя перамагла. Пасля страты партыяй «Яблоко», фактычна, апошняй сур’ёзнай апоры на ўзроўні рэгіянальных заканадаўчых органаў,  з яе шэрагаў можа пачацца адток актывістаў у лагер радыкальнай ліберальнай апазіцыі. У прынцыпе ў гэтым вінаватае само «Яблоко», якое спрабавала заключыць своеасаблівы пакт з Лужковым.

— Якое значэнне маюць выбары 11 кастрычніка ў глабальным кантэксце?


— Мяркую, што ўлады зрабілі памылку, калі яны сапраўды дамалявалі ЕР зашмат працэнтаў. Ва ўсіх, асабліва ў Маскве, склалася ўражанне, што іх «кінулі». Відавочна, што ў наступны раз яўка будзе куды вышэй, і людзі будуць ісці выключна дзеля пратэстнага галасавання. Але гэта не будзе крытычная маса. Перамога «Адзінай Расіі» — нават пры ўмове, што ёй дамалявалі 15–20 працэнтаў, — не стала чымсьці нечаканым. Сацыялогія паказвае, што рэйтынг ЕР па краіне ўтрымліваюцца на досыць высокім узроўні. Нягледзячы нават на крызіс. Тэндэнцыя ўмацавання «вертыкалі ўлады» захоўваецца. Пры гэтым, відавочна, што выбарчыя працэдуры ўжо мала ўплываюць на канчатковы вынік. Расійскі выбаршчык любіць і адначасова баіцца ўладу, таму што гэта ўлада. Ён папросту ўспрымае яе як нешта, на што не здольны ўплываць. І ўладзе гэта падабаецца. У выніку назіраецца дэпалітызацыя і адчужэнне грамадзян, асабліва моладзі, ад улады. Нешта падобнае на тое, што было ў часы СССР. Чым закончыў Саюз, усім вядома.

Каментаваць