Расія адмаўляецца пускаць украінскіх лекараў да Паўла Грыба

Насуперак рашэнню суду, Расія не дапускае ўкраінскіх медыкаў да ўкраінца, выкрадзенага ў Гомелі.
Павал Грыб. Фота з сацсетак, facebook.com/eugeniyazz

Павал Грыб. Фота з сацсетак, facebook.com/eugeniyazz

Насуперак патрабаванням Еўрапейскага суду па правах чалавека Расія адмаўляецца дапускаць украінскіх лекараў да 19-гадовага Паўла Грыба, якога расійскія спецслужбы выкралі ў Гомелі, піша radyjo.net.

У чацвер група ўкраінскіх медыкаў па запрашэнні суду прыехала ў Краснадар, каб правесці медыцынскае абследаванне маладога ўкраінца, які ўтрымліваецца ў мясцовым СІЗА. Групу ўзначальвае доктар Васіль Прытула, які лячыў сур’ёзнае захворванне Паўла Грыба з часоў, калі той быў дзіцём – паведамляе Харкаўская праваабарончая група.

Павал Грыб з дзяцінства хварэе на партальную гіпертэнзію – парушэнне структуры сасудаў печані, таму штодзённа павінен прымаць прэпараты. Украінскі бок не атрымаў пераканаўчай інфармацыі, ці маладому чалавеку аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу.

Сям’я Паўла Грыба мяркуе, што расійскія ўлады выкарыстоўваюць дрэнны стан здароўя хлопца, каб прымусіць яго «прызнацца» ў тэрарыстычнай дзейнасці.

Група ўкраінскіх медыкаў будзе ўзнаўляць свае спробы прабіцца да Паўла Грыба да 15 кастрычніка. На пастаяннай сувязі з лекарамі знаходзяцца Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства замежных справаў Украіны.

24 жніўня Павал Грыб быў выкрадзены расійскімі спецслужбамі ў Гомелі, куды ён прыехаў на сустрэчу з расійскай дзяўчынай, з якой перапісваўся ў сацыяльных сетках. ФСБ Расіі завяло супраць 19-гадовага хлопца крымінальную справу па артыкуле «Тэрарыстычны акт». Сям’я Паўла называе абвінавачанне абсурдным і лічыць, што хлопца выкралі з-за яго выказванняў у сацсетках.

Сям’я Паўла Грыба падала ў Еўрапейскі суд па правах чалавека скаргу на Расію з-за выкрадання ўкраінскага грамадзяніна. У сацыяльных сетках пачаўся флэшмоб з мэтай змусіць расійскія ўлады дапусціць да Паўла Грыба ўкраінскіх лекараў.


Каментаваць