Расія. Бальніцу ў Прымор'і правераць з-за парады схадзіць у царкву

Лекар адной з бальніц у Прымор'і параіў пацыентцы схадзіць у царкву і паставіць свечку.
Фота: Уладзімір Астапковіч / РИА Новости

Фота: Уладзімір Астапковіч / РИА Новости



Дэпартамент аховы здароўя Прымор'я правядзе праверку паводле паведамленняў СМІ аб тым, што ў адной з бальніц Дальнягорску дзяўчыне, якую пакусаў бяздомны сабака, не зрабілі прышчэпку ад шаленства. Вакцына ў бальніцы адсутнічала, таму замест прышчэпкі параілі схадзіць у царкву, паведамляе ВВС.

Пра інцыдэнт паведаміла агенцтву “Рэгнум” маці пацярпелай. 9 кастрычніка дзяўчына, якую тыдзень таму пакусаў сабака, прыйшла ў траўматалагічнае аддзяленне бальніцы на планавую вакцынацыю. Медсястра адмовілася зрабіць ёй прышчэпку, патлумачыўшы адмову адсутнасцю вакцыны.

Пасля гэтага ў бальніцу паехала маці дзяўчыны. Ёй доктар паведаміў, што вакцына скончылася. Пры гэтым, паводле слоў жанчыны, лекар таксама не даў накіраванне ў іншую бальніцу ў суседнім раёне, бо там вакцыны нібы таксама не было.

"На маё пытанне, што рабіць, калі раптам сабака, што пакусаў дачку, шалёны, ён даў шакавальны адказ: "Ідзіце ў царкву, свечку пастаўце, каб сабака апынуўся здаровым", — перадае lenta.ru словы маці дзяўчыны.

Аб праверцы інфармагенцтвам паведаміла прадстаўнік дэпартамента аховы здароўя Ксенія Гусенцова: "Гэта паведамленне таксама будзе праверана. Калі лекар сапраўды сказаў такое, гэта парушэнне медыцынскай этыкі".

Паводле яе слоў, у Дальнягорску маглі паўстаць перабоі з вакцынай з-за паводкі, а адпаведныя таргі на пастаўку вакцыны не змаглі правесці з-за надзвычайнай сітуацыі, перадае Інтэрфакс.

"Дальнягорск — гэта адзіная тэрыторыя, дзе адсутнічае вакцына ад шаленства", — цытуюць Гусенцову РІА “Новости”.

Чыноўніца заявіла, што галоўны ўрач бальніцы напіша тлумачальную і правядзе ўнутраную праверку ва ўстанове з-за адсутнасці вакцыны, бо бальніцы павінны яе закупляць самастойна, а таксама па пытанні карэктнасці абыходжання з пацыентамі ў бальніцы.

"У любым выпадку недапушчальна так казаць пацыенту", — заявіла яна. Яна таксама запэўніла, што пытанне з вакцынай будзе вырашана да канца тыдня.



Каментаваць