Расія. Генпракурор хоча фільтраваць ліставанне ў месенджарах

Генеральны пракурор Расіі Юрый Чайка лічыць, што аператараў могуць абавязаць сачыць за зачыненымі групамі ў месенджарах Viber, Whatsapp, Telegram.

 

Фота EPA/MARCELO SAYÃO


Юрый Чайка не выключыў унясення змяненняў у заканадаўства, якія абавязваюць інтэрнэт-аператараў папярэдне фільтраваць паведамленні ў закрытых групах сацсетак і ў месенджарах тыпу Whatsapp і Viber, паведамляе РИА "Новости".

 

Адпаведную прапанову вылучыла першы намеснік старшыні камітэта Савета Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве Алена Мізуліна.

 

«Калі ў сацсетках выяўляюць інфармацыю, звязаную з прапагандай суіцыдаў сярод дзяцей, педафіліяй, гульні, у якіх можна забіваць паліцэйскіх і гэтак далей, то ў папулярных ў месенджарах — Viber, Whatsapp, Telegram — гэтая інфармацыя свабодна распаўсюджваецца ў закрытай частцы», — цытуе ТАСС заяву Мізулінай.

 

Мізуліна лічыць, што папярэднюю фільтрацыю паведамленняў у такіх групах маглі б ажыццяўляць аператары сувязі па ключавых словах. Паводле яе, «такая практыка прынята, у тым ліку, у ЗША».

 

Ліга вольнага інтэрнэту выявіла шэраг закрытых груп у розных сацсетках і месенджарах, дзе, паводле яе слоў, падлеткаў "замбіруюць" на забойства паліцэйскіх, сказала Мізуліна.

 

"Іх да гэтага схіляюць, кажуць, што такое забойства будзе геройствам", — сказала Мізуліна.

 

"Можа быць, вярнуцца да ідэі папярэдняй фільтрацыі (такіх паведамленняў). Мы не можам маўкліва глядзець на гэта", — сказала Мізуліна. На гэта генеральны пракурор Юры Чайка адказаў згодай.

 


"Мы, бясспрэчна, гатовы пайсці на гэта. Адна галава — добра, а дзве лепш", — заявіў Чайка.

 

Чайка адзначыў, што пракуратура працуе, зыходзячы з магчымасцяў і рэсурсаў МУС і ФСБ. Аднак Генпракуратура гатовая «разгледзець заканадаўчыя дадатковыя меры», падкрэсліў ён, і заклікаў дэпутатаў верхняй і ніжняй палат парламента ўносіць адпаведныя прапановы.

 

Паводле яго слоў, цяпер сацсеткамі найбольш актыўна займаюцца спецслужбы, у прыватнасці ФСБ. Чайка таксама прапанаваў бізнес-супольнасці прадставіць яму прапановы на гэты конт.



Каментаваць