Расія. Як абараніць тэатры і музеі ад рэлігійных актывістаў?

У Грамадскай палаце Расіі распрацавалі законапраект, які абараняе тэатры і музеі ад рэлігійных актывістаў.

Канцэпцыю закона «Аб абароне высоказначных маральных каштоўнасцяў» распрацавалі ў Грамадскай палаце. Аўтары дакумента прапануюць распаўсюдзіць нормы закона «Аб абароне пачуццяў вернікаў» на свецкія аб'екты — тэатры, музеі і іншыя грамадска-культурныя прасторы.

Канцэпцыя закона ўжо зацверджана камісіяй па гарманізацыі міжнацыянальных і міжрэлігійных адносін ГП, паведаміў «Известиям» яе кіраўнік Іосіф Дзіскін.

Праект закона прапануе выдзяляць на тэрыторыі Расіі сацыяльныя прасторы з асаблівым статусам — «спецыяльна прызначаныя для ажыццяўлення дзейнасці, непарыўна звязанай з напружанымі маральнымі і эмацыйнымі перажываннямі, з высоказначнымі маральнымі каштоўнасцямі».

Мяркуецца, што атрымліваць статус «сацыяльных прастораў» тэатры, музеі і іншыя культурныя аб'екты будуць паводле асаблівай працэдуры.

Кіраўніцтва сацыяльных прастор зможа складаць уласныя правілы паводзін на сваёй тэрыторыі і прапісваць санкцыі за іх парушэнне.

Парушэнне правілаў наведвання сацыяльных прастор, пры ўмове, што ўсе патэнцыйныя наведвальнікі былі пра іх загадзя праінфармаваныя, аўтары законапраекта прапаноўваюць прыраўняць да парушэння заканадаўства.

Паводле meduza.io


Каментаваць