Расія. Мінкамсувязі рыхтуецца да поўнага кантролю рунэту

У Мінкамсувязі Расіі распрацавалі папраўкі, паводле якіх асноўныя элементы інфраструктуры расійскага інтэрнэту будуць належаць дзяржаве, перадае выданне "Ведамасці".

 
Мінкамсувязі Расіі можа пачаць цалкам кантраляваць расійскі сегмент інтэрнэту. У міністэрстве распрацавалі шэраг паправак у закон "Аб сувязі", паводле якіх асноўныя элементы інфраструктуры рунэту будуць належаць дзяржаве, паведамляе Deutsche Welle.

Пра гэта ў пятніцу, 19 жніўня, паведамляе выданне "Ведамасці", якое азнаёмілася з праектам паправак, што абмяркоўваліся на нарадзе ў намесніка міністра сувязі Аляксея Сакалова.

Паводле журналістаў, законапраект закліканы забяспечыць "цэласнасць, бесперапыннасць, стабільнасць, устойлівасць і абароненасць функцыянавання расійскага нацыянальнага сегмента" сеціва.

"Ведамасці" паведамляюць, што папраўкі ўводзяць паняцце так званай "крытычнай інфраструктуры інтэрнэту". Да яе элементаў належаць нацыянальная даменная зона, інфраструктура абслугоўвання, сістэма кропак абмену трафікам, а таксама дзяржаўная інфармацыйная сістэма забеспячэння цэласнасці, устойлівасці і бяспекі функцыянавання расійскай часткі сеціва. Яна павінна захоўваць інфармацыю аб IP-адрасах і кропках абмену трафікам, тлумачаць у выданні.

Законнымі ўладальнікамі падобных кропак абмену рэгулятар прапануе зрабіць выключна расійскіх юрыдычных асоб. Акрамя таго, Мінкамсувязі плануе ліцэнзаваць гэтыя кропкі. Па звестках адной з крыніц выдання, у ведамстве лічаць дапушчальным, каб з цягам часу іх саўладальнікамі маглі стаць замежнікі. Аднак валодаць пакетам, якія перавышаюць 20 працэнтаў, яны не змогуць. Раней падобны падыход быў апрабаваны на ўладальніках расійскіх СМІ.

Змены закрануць і нацыянальныя дамены .ru і .рф. Цяпер імі кіруе Каардынацыйны цэнтр нацыянальнай дамена сеткі інтэрнэт (КЦ). Новы законапраект можа зрабіць іх адміністратарам толькі заснаваную самім Мінкамсувязі расійскую юрыдычную асобу, якая будзе фінансавацца з рэзерву ўніверсальнага абслугоўвання, куды тэлекамунікацыйныя кампаніі штогод адлічваюць па 1,2% прыбытку ад паслуг сувязі. Паводле дадзеных Федэральнага агенцтва сувязі, у 2015 годзе аб'ём гэтых адлічэнняў склаў 13,73 мільярда расійскіх рублёў.


Каментаваць