Расія. У Чувашыі асудзілі пенсіянера за рэпост у сацсетках

Суд прысудзіў пенсіянера Мікалая Ягорава да двух гадоў умоўна за перапост экстрэмісцкага матэрыялу. Адвакат сцвярджае, што незнаёмы са спецыфікай інтэрнэту пенсіянер адкрыў свой акаўнт для іншых карыстальнікаў.
Карыкатура Сяргея Ёлкіна

Карыкатура Сяргея Ёлкіна


Пенсіянер Мікалай Ягораў, які падпрацоўваў ахоўнікам асфальтабетоннага завода, быў прызнаны судом вінаватым у распальванні нянавісці па нацыянальнай прыкмеце (частка 1 артыкула 282 КК РФ).

Цывільскі раённы суд Чувашыі прысудзіў пенсіянера да двух гадоў умоўна.  Мікалая Ягорава абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў перапост матэрыялу, прызнанага экстрэмісцкім, — адкрытага ліста публіцыста Барыса Стамахіна, паведамляе www.dw.com.

Пра гэта ў пятніцу, 14 кастрычніка, паведаміў адвакат 62-гадовага  Мікалая Ягорава — Яўген Губін. "Мы не згодныя з прысудам суда, і пасля яго дэталёвага вывучэння будзем яго абскарджваць", — адзначыў адвакат.

Па версіі следства, пенсіянер 8 мая 2014 года размясціў у сябе на асабістай старонцы адкрыты ліст Стамахіна. Зрэшты, сам пенсіянер сцвярджае, што не рабіў гэтай публікацыі. "З-за невялікай абазнанасці ў спецыфіцы інтэрнэту" доступ да яго акаунта "мае неабмежаваная колькасць людзей", — падкрэсліў адвакат.

У апошнія гады колькасць асуджаных за экстрэмізм у Расіі няўхільна расце. У 2015 годзе колькасць абвінаваўчых прысудаў павялічылася да 544, што прыкладна на 30 працэнтаў больш ў параўнанні з 2014 годам.


Нагадаем, самога Барыса Стамахіна ў Расіі чарговым разам асудзілі за экстрэмізм увесну 2015 года на 7 гадоў зняволення. Тады следства палічыла, што Стамахін напісаў і апублікаваў у інтэрнэце артыкул пад загалоўкам "І пару вакзалаў падарваць чыгуначных", у якім змяшчаюцца прыкметы экстрэмізму. На думку адвакатаў Стамахіна, пракуратура не здолела даказаць, што артыкул сапраўды напісаў іх падабаронны. Стамахін раней быў двойчы асуджаны за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці. У 2007 годзе ён атрымаў пяць гадоў за заклікі да тэрарызму, а ў 2014 годзе — яшчэ шэсць з паловай гадоў за экстрэмізм і заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці. У якасці дадатковага пакарання Стамахіну на пяць гадоў забаранілі займацца журналістыкай.




Каментаваць