Расія ўвяла дадатковыя сілы на Данбас

Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў сцвярджае, што украінскае войска здольнае не толькі даць адпор «правакацыям расійскіх войскаў, але і значна палепшыць свае пазіцыі».

Аляксандр Турчынаў. Фота СНБА Украіны

Цяперашняе абвастрэнне сітуацыі на Данбасе звязана з увядзеннем на гэтую тэрыторыю дадатковага кантынгенту расійскай арміі. Пра гэта заявіў у пятніцу, 24 лістапада, сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў.

"Вы маеце інфармацыю, што адбываюцца розныя канфліктныя сітуацыі паміж рознымі крымінальнымі групоўкамі, якія ўваходзяць у акупацыйную адміністрацыю на акупаваных тэрыторыях усходу нашай краіны. І ў сувязі з гэтым абвастрэннем расійскае ваеннае кіраўніцтва павялічыла ваенны кантынгент, расійскі кантынгент, які знаходзіцца на гэтай тэрыторыі. У сувязі з гэтым узніклі праблемныя пытанні, у тым ліку тыя ваенныя сутыкненні, пра якія мы сёння ведаем... Гэта вельмі складаная для нас праблема", — сказаў Турчынаў журналістам, калі каментаваў страты ВСУ за апошнія суткі.

Ён падкрэсліў, што пасля таго, як Расія павялічыла свой ваенны кантынгент на Данбасе, было зразумела, "што будуць адбывацца абвастрэнні, але Узброеныя сілы Украіны кантралююць сітуацыю".

Турчынаў таксама выказаў упэўненасць, што ВСУ "не толькі дадуць адпор правакацыям расійскіх войскаў, але і значна палепшаць свае пазіцыі".

Корреспондент.net


Каментаваць