Расія без футбола або без Пуціна

У свеце сфармаваўся шырокі рух за тое, каб пазбавіць Расію права прымаць наступны Мундыяль у 2018 годзе. А тым часам віцэ-прэм’ер Крыму разлічвае, што Сімферопаль можа стаць адным з гарадоў, якія будуць прымаць ЧС.



Рашэнне аб тым, што Расія стане гаспадаром Кубка свету, было прынятае 2 снежня 2010 года. Чэмпіянат плануюць правесці ў 11 расійскіх гарадах з 8 чэрвеня па 8 ліпеня 2018 года.
 
 
Першым вырашыў парушыць гэты план, яшчэ напярэдадні сумнавядомага рэферэндуму ў Крыме, былы спартовы журналіст, а цяпер эпатажны дэпутат ад партыі «Свабода» Ігар Мірашнічэнка. Ён заявіў: «Калі расійскія вайскоўцы не пакінуць тэрыторыю нашай дзяржавы, украінская футбольная грамадскасць выступіць з ініцыятывай забраць у расіян чэмпіянат свету па футболе 2018 года. Не могуць спаборніцтвы праводзіцца ў краіне, якая нападае на сваіх суседзяў. Я ўявіць не магу, як будуць пачувацца на тэрыторыі Расіі нашы футбалісты, калі яны патрапяць на гэты чэмпіянат. Думаю, што шматлікія краіны падтрымаюць Украіну ў гэтым пытанні».
 
 
Як паведамілі ананімныя крыніцы ўкраінскаму інфармацыйнаму агенцтву УНІАН, Украіна праз свае дыпламатычныя каналы папрасіла кіраўніцтва ЕС заклікаць пазбавіць Расію права на ЧС–2018. Актывізавалася ўкраінскае лобі і ў амерыканскім парламенце. Група сенатараў-рэспубліканцаў даслала ліст Ёзэфу Блатэру (старшыні FIFA) з аналагічнай просьбай. Сенатары лічаць, што Расія парушае міжнародныя правы і з непавагай ставіцца да правіл FIFA. 
 
 
Адначасова па ўсім свеце пачалі ўзнікаць грамадзянскія ініцыятывы. Некаторыя з іх дзейнічаюць даволі радыкальна.Так, грамадская арганізацыя «United with Ukraine» паведаміла, што будзе заклікаць людзей байкатаваць прадукты кампаній-фундатараў ЧС–2018, пакуль тыя не акажуць уплыў на FIFA з мэтай перанесці турнір.
 
 
Былы галоўны трэнер «Металіста» і зборнай Украіны Мірон Маркевіч таксама падтрымаў ідэю забраць у Расіі права на правядзенне ЧС–2018 «з-за агрэсіўнай знешняй палітыкі».
 
 
Пакуль афіцыйныя колы FIFA рэзка асуджаюць ідэю карэкціроўкі месца правядзення чэмпіянату. Спадар Блатэр афіцыйна адказаў згаданым вышэй сенатарам, заявіўшы: «Мы не бачым праблем па частцы арганізацыі чэмпіянату свету 2018 года. У нас няма прэтэнзій да Расіі, і пытанне яе ўдзелу ў ЧС–2014 таксама не выклікае сумневаў. Усё застаецца, як і раней». 
 
 
Прыхільнікі пераносу чэмпіянату прапануюць цэлую падборку фактараў, якія, на іх думку, могуць прымусіць адміністратараў FIFA па-іншаму паглядзець на перспектывы правядзення ЧС–2018 ў Расіі. 
 
 
Па-першае, у адрозненні ад гісторыі хакея, у футболе былі прэцэдэнты, калі краіны каралі за палітыку. У 1992 годзе Югаславія была пакараная за ваенныя дзеянні за мяжой (Боснія) адлучэннем ад чэмпіянату Еўропы 1992 года і чэмпіянату свету 1994-га. Лічыцца, што гэтая мера трошкі ацвярозіла югаслаўскіх палітыкаў. 
 
 
 
Важна адзначыць, што на сур’ёзныя санкцыі супраць Расіі Еўропа ісці яўна не жадае з эканамічных рэзонаў. У такім выпадку футбол можа стаць адзіным сродкам, які дазваляе ўсур’ёз ціснуць на Маскву без пагрозы сваім эканомікам. Так, вядомы расійскі спартовы юрыст Юры Зайцаў лічыць, што «югаслаўскі варыянт» цалкам рэальны. Першым крокам, на яго думку, можа стаць часовае прыпыненне ўдзелу расійскай зборнай у чэмпіянатах пад эгідай FIFA.
 
 
 
Па-другое, не так даўно выбухнуў скандал наконт карупцыі ў структурах FIFA, які тычыцца працэдуры выбару Катара ў якасці арганізатара ЧС–2022. Аказалася, што функцыянеры з ведамства Блатэра атрымлівалі хабар. Цяпер у Федэрацыі створана спецыяльная следчая камісія.
 
 
На думку брытанскай газеты «The Telerpaph», следства не абмяжуецца выпадкам з Катарам. Абавязкова будзе ўзгаданы працэс абрання гаспадара Мундыялю–2018. Для брытанскіх журналістаў давесці існаванне карупцыйнай здзелкі паміж Пуціным і Блатэрам — не проста ідэя-фікс або прафесійны абавязак. 
 
 
 
Справа ў тым, што менавіта Англія лічылася фаварытам адбору на гаспадара ЧС–2018. Аднак у фінале на цырымоніі ў Цюрыху, нечакана для ўсіх, брытанцы сышлі з дыстанцыі, прычым пасля першага тура галасавання. Гэта стала сапраўдны накаўтам для англічан. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран адразу выказаў меркаванне, што краіна-гаспадыня ЧМ–2018 была абрана загадзя, і што службоўцы FIFA, якія абяцалі падтрымку ангельскай заяўцы, у выніку прагаласавалі за Расію. 
 
 
 
«Я буду асцярожны ў сваіх выказваннях. 24 гадзіны ў суткі я як вар’ят працаваў над нашым з Дэвідам Бэкхэмам і прынцам Уільямам праектам. Мне здавалася, што мы дамагліся прагрэсу. І мне здаецца, што вынікі (галасавання)... Мне трэба выбіраць словы… Скажу так: выбар быў зроблены ўжо загадзя. Магу толькі сказаць, што было нямала людзей, якія абяцалі прагаласаваць за Англію. А ў выніку, як апынулася, мы атрымалі ўсяго адзін голас», — сказаў тады Кэмеран.
 
 
 
З таго самага часу ў Лондане з’явілася мара перахапіць чэмпіянат свету ў Расіі. Цяпер, сапраўды, такі сцэнар не выключаны. Калі Расія сутыкнецца з тымі ж праблемамі, што і Катар, то чэмпіянат можа прайсці на радзіме гульні.
 
 
 
Трэцяя група фактараў тычыцца феномену цяперашняга чэмпіянату ў Бразіліі. Спартовае мерапрыемства праходзіць на фоне буйных грамадзянскіх пратэстаў суп­раць турніру. Шматлікія бразільцы лічаць, што закладнікам ідэі правядзення турніру сталі сацыяльныя праграмы. Не выключаюць, што па ходу чэмпіянату могуць успыхнуць масавыя бунты. Калі яны набудуць маштаб, сама мадэль чэмпіянатаў свету можа змяніцца.
 
 
Як следства, фармат падрыхтоўкі да чэмпіянату могуць перагледзіць у бок пашырэння ўдзелу ў ім грамадскасці. Узнікае пытанне — ці ў стане аўтарытарная Расія забяспечыць празрыстасць і грамадскі кантроль? 
 
 
 
Пакуль самі расійскія чыноўнікі не ўспрымаюць агучаныя вышэй заклікі як пагрозу. Больш таго, віцэ-прэм’ер Крыму ўвогуле думае, што Сімферопаль можа стаць адным з гарадоў, якія будуць прымаць ЧС–2018. Што тычыцца простай публікі, то, ахопленая патрыятычнымі настроямі, яна перакананая, што вялікі цар Пуцін проста не дапусціць, каб Расія не прымала чэмпіянат у 2018-м. У якасці апошняга аргумента фігуруе стары тэзіс «адключым газ».
 
 
Дарэчы, у тое, што Расія ўсё ж будзе гаспадаром Кубку свету праз чатыры гады, верыць і частка дэмакратаў. Аднак, на іх думку, турнір пройдзе ў Расіі з-за таго, што да гэтага часу адбудуцца вялікія палітычныя трансфармацыі. Апазіцыя ўзгадвае, як гнеўна рэагавала расійскае грамадства на эканамічныя злачынствы і карупцыйныя скандалы, звязаныя з падрыхтоўкай Алімпіяды ў Сочы.
 
 
Наўрад ці падрыхтоўка да ЧС–2018 абыдзецца без чарговых бюджэтных распілаў. Як мяркуюць лібералы, адзін з пратэстаў, выкліканых карупцыйнымі аферамі вакол ЧС, можа запусціць ланцужок падзей, у выніку якіх Расія будзе прымаць ЧС–2018 без Пуціна.
 

Каментаваць