Расія і сепаратысты — супраць уводу міратворцаў ва Украіну

Як заявіў пастаянны прадстаўнік РФ пры ААН Віталь Чуркін, «планы Кіева дамагацца разгортвання паліцэйскай місіі Еўрасаюза ў зоне канфлікту ў Данбасе выклікаюць падазрэнні, што Украіна спрабуе разваліць мінскія дамоўленасці».



«Толькі што дасягнуты мінскія дамоўленасці. Паводле гэтых дамоўленасцяў, у Данецкай і Луганскай рэспубліках могуць стварацца свае міліцыі, а назіранне за раёнам раз’яднання будзе праводзіць АБСЕ», — нагадаў Чуркін.

«Трэба разводзіць ўзбраенні і не займацца вылучэннем новых ініцыятыў. А калі замест таго, каб рабіць тое, пра што дамовіліся, вылучаць нейкія схемы, то гэта, у першую чаргу, выклікае падазрэнні, што хочуць разваліць мінскія дамоўленасці. Вось і ўсё», — цытуе Чуркіна ТАСС.

Прадстаўнік так званай «Данецкай народнай рэспублікі» Дзяніс Пушылін таксама заявіў аб непрымальнасці ўводу ў Данбас міратворчага кантынгенту. «Мы вельмі адмоўна да гэтага ставімся»,  —  заявіў Пушылін «РИА Новости». Паводле яго слоў, прысутнасць міратворцаў на мяжы Расіі і Украіны парушыць мінскія дамоўленасці ад 12 лютага.

Як паведамлялася раней, сакратар СНБА Аляксандр Турчынаў паведаміў, што МЗС Украіны падрыхтуе зварот і Вярхоўная Рада Украіны падтрымае такое рашэнне з нагоды звароту да ААН і ЕС, датычна ўвядзення міратворчых кантынгентаў у Украіне.

Каментаваць