Расія. Мядзведзеў дазволіў знішчаць нелегальны алкаголь

У Расіі спачатку знішчалі шкваркі, цяпер узяліся і за чарку. Дазвол на гэта даў прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў.



Прэм'ер-міністр Расіі дазволіў знішчаць канфіскаваны алкаголь. Рашэннем кабінета міністраў адпаведнымі паўнамоцтвамі надзелена "Росалкогольрегулирование", паведамляе ВВС.

"У адпаведнасці з зацверджанымі правіламі "Росалкогольрегулирование" надзелена паўнамоцтвамі па арганізацыі знішчэння звернутай ва ўласнасць дзяржавы, канфіскаванай з незаконнага абароту або канфіскаванай прадукцыі, прадметаў для вытворчасці такой прадукцыі і іх ўліку", — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце ўрада.

У паведамленні Кабміна таксама гаворыцца, што "Росалкогольрегулированию" даручана вызначыць спосабы знішчэння канфіскаванай алкагольнай прадукцыі.

Пару месяцаў таму людзі актыўна высоўвалі прапановы знішчаць санкцыйную ежу метадам паядання. Здаецца, знішчаць санкцыйны алкаголь праз выпіванне ахвочых будзе не менш.

Нагадаем, 29 ліпеня расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб знішчэнні санкцыйных прадуктаў. Многія палітыкі і грамадскія дзеячы крытыкавалі ініцыятыву прэзідэнта і прапаноўвалі накіроўваць прадукты для дапамогі маламаёмасным.

Зараз Пуцін ні пры чым — на гэты раз чарговы непапулярны ўказ даручана было, відаць, падпісаць Мядзведзеву.

Каментаваць