Расія. Набліжаецца археалагічная вайна

Руская прэса сцвярджае, што ў Татарстане рыхтуюцца да знішчэння вялікай партыі артэфактаў. Іх, быццам, знайшлі падчас раскопак на месцы, дзе калісьці знаходзіўся горад Булгар — сталіца Волжскай Булгарыі.



Даследаванні ў гэтым месцы працягваюцца даўно, а іх куратарам ёсць асабіста былы прэзідэнт Татарстану Шайміеў. Справа ў тым, што горад Булгар для прадстаўнікоў мясцовай эліты мае каласальнае ідэалагічнае значэнне.

Менавіта тут, у Булгары, паводле падання, татары прынялі іслам. Менавіта тут размяшчалася старажытная сталіца татарскага народа. Між тым, калі верыць маскоўскім выданням, падчас раскопак узнікла праблема. Археолагам, як пішуць у Маскве, пастаянна трапляюцца каменныя абразкі і крыжы, металічныя абразкі, бронзавая царкоўныя рэчы: падсвечнік, трымальнікі лампад — старажытнарускія вырабы, прычым, мяркуючы па ўсім, мясцовай вытворчасці.

Гэта супярэчыць афіцыйнай татарскай гістарыяграфіі, адпаведна якой славяне прыйшлі ў Паволжа разам з Іванам Жахлівым як акупанты. Адпаведна, быццам, усе гэтыя вырабы збіраюцца знішчыць.

У такую версію верыцца слаба, паколькі татарская грамадскасць не мае адзінага погляду на гісторыю. Частка гісторыкаў лічыць, што Волжская Булгарыя не мае нічога агульнага з Татарстанам. Акрамя таго, з улікам факту моцнага супраціву атрадам Івана Жахлівага ў Татарстане атрымліваецца, што ў ім таксама бралі ўдзел і мясцовыя славяне, якія, відавочна, былі супраць каланіяльнай экспансіі Масквы.

Паводле расійскай прэсы

Каментаваць