Расія. Пенсіянеры Сочы перакрылі вуліцу з-за адмены льготнага праезду

Больш за сто пенсіянераў прынялі ўдзел у пратэстнай акцыі ў Сочы, выступаючы супраць адмены з 1 студзеня льготных праязных для пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсію вышэй за 7728 рублёў.



Фота www.tvc.ru


Мэр горада Сочы  Анатоль Пахомаў растлумачыў, што "У цяперашні час на курорце дзейнічае рашэнне гарадскога сходу Сочы, якое прадугледжвае выплаты з бюджэту горада для пэўных катэгорый грамадзян — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, дзецей-сіротаў. Мы прапанавалі дадаць яшчэ адну катэгорыю грамадзян — непрацуючыя пенсіянеры са сярэднеўсталяваным памерам пенсіі", — цытуе яго словы www.tvc.ru.

Удзельнікі акцыі сталі на пешаходным пераходзе праз адну з галоўных вуліц горада. Відавочцы кажуць, што ў выніку ў цэнтры Сочы ўтварылася вялізная аўтамабільная пробка.

Паводле звестак мясцовых СМІ, пасля таго, як паліцэйскія прымусілі пенсіянераў вызваліць дарогу, дэманстранты рушылі ў бок мэрыі. Да пратэстоўцаў выйшаў мэр Сочы Анатоль Пахомаў, які паведаміў, што ў гарадскім бюджэце няма сродкаў для забеспячэння льготных праязных на грамадскі транспарт для ўсіх.

Ён таксама паведаміў, што ў функцыі кіраўніка горада вырашэнне пытання аб праязных не ўваходзіць, паколькі рашэнне аб іх адмене было прынята на ўзроўні краёвай улады, адзначае ВВС.

Як паведамляюць мясцовыя ўлады, акцыя не была ўзгоднена з гарадскімі ўладамі.

Яшчэ адна акцыя пратэсту пенсіянераў прайшла ў Краснадары. Як паведамляе "Новая газета", пратэстоўцы прыйшлі да адміністрацыі краю і дамагліся аўдыенцыі.

Каментаваць