Расія. Трыкалор могуць забараніць

Апошнія два месяцы дэпутаты ніжняй палаты расійскага парламента актыўна мусіруюць у грамадстве тэму ўвядзення крымінальнай адказнасці за рэабілітацыю нацызму.



Так, віцэ-спікер Дзярждумы Сяргей Жалязняк прапанаваў сваё антыэкстрэмісцкае заканадаўства: хуткім часам дэпутат прапануе ўвесці санкцыі за публічнае выкарыстанне сімволікі «вайсковых частак калабарацыяністаў, якія змагаліся на баку фашысцкіх войскаў». Па словах Жалязняка, нагодай для гэтага стала выкарыстанне «бандэраўскай» сімволікі на Маршы міра 15 сакавіка.

Між тым, усе ведаюць, што сучасны расійскі дзяржаўны сцяг таксама выкарыстоўваўся калабарацыяністамі. Гаворка пра армію Уласава, якая дзейнічала ў складзе частак Вермахту. Дарэчы, выкарыстоўвалі ўласаўцы і Андрээўскі сцяг — гістарычны сцяг рускага флоту.

Гэта дало некаторым блогерам падставу абвінаваціць віцэ-спікера ў працы на ўкраінскія спецслужбы. Іншыя лічаць, што Жалязняк, наадварот, дзейнічаў па загаду Крамля.

Дыскусія наконт выкарыстання калабарацыяністамі трыкалору можа быць выпрабавальным шарам для вяртання ў якасці дзяржаўнай сімволікі сцяг СССР.

Паводле расійскай прэсы

Каментаваць