Расія. У Думе Алег Міхееў заклапочаны праблемай сэксу

Міхееў — сябра фракцыі партыі «Справядлівая Расія» ў Дзяржаўнай Думе Расіі. Апошнім часам у Думе хапае кур’ёзных законапраектаў. Напрыклад, праект камуністаў караць за антыпатрыятычныя заклікі або ідэя прыцягаць да адказнасці за змешчаныя ў сацыяльных сетках анонсы несанкцыянаваных акцый.



Аднак Міхееў пайшоў далей за ўсіх. Ён прапанаваў Дзярждуме разгледзіць законапраект пра ўнясенне паправак у закон аб СМІ, каб забараніць расійскім СМІ прапагандаваць «легкадумныя адносіны да сэксуальных функцый». Аглядальнікі звярнулі ўвагу на тое, што менавіта эсэры заклапочаныя праблемай сэксу.

Як вядома, раней іншая эсэрка Елена Мішуліна патрабавала забараніць нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны.

Такая заклапочанасць выклікала ў прэсе сур’ёзныя разважанні наконт таго, што ў Крамлі магла мець месца наступная сцэна. Пуцін прыкладна з год таму зрабіў разнос «Справядлівай Расіі» і асабіста яе лідару Сяргею Міронаву, забараніўшы яму «займацца ўсякай апазіцыйнасцю». Міронаў спытаў Пуціна: «А што можна?» На што той адказаў, маючы на ўвазе зусім іншае: «Займіся сэксам». І Сяргей Міронаў зразумеў гэта не тое каб зусім літаральна, але з пункту гледжання таго, чым павінна займацца яго партыя ў галіне заканатворчасці.

Каментаваць