Расія выпрабоўвае рашучасць НАТА ва Усходняй Еўропе

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін намацвае прарэхі, якія ўзніклі ў абароне НАТА, і каб пазалатваць іх адных ваенных выдаткаў можа быць недадстаткова, піша часопіс TIME. 



Рускі мядзведзь раскопвае магілу Халоднай вайны


 Некалькі гадоў таму, калі натаўскія стратэгі задумваліся над тым, каб разгледзець пытанне аб магчымай пагрозе з боку Расіі, іх галоўным клопатам была магчымасць, хаця і нязначная, што Расія распадзецца, страціць кантроль над сваім ядзерным арсеналам, у вынику чаго некалькі боегаловак трапяць «у няправільныя рукі». Прынамсі менавіта такую занепакоенасць выказваў восенню 2010 году Іва Даалдэр падчас візіту ў Маскву ў якасці прадстаўніка ЗША ў НАТА. Але ў цэлым, паводле яго слоў, у той час Расія яго не вельмі непакоіла. Альянс быў занадта заняты нарошчваннем колькасці войскаў у Афганістане і навамоднымі пагрозамі кшталту кібер-войнаў.

 «У якасці пагрозы бяспекі Расія не стаяла ў парадку дня ў 2010 годзе», — сказаў ён TIME па тэлефоне з Чыкага ў пятніцу. «У адносінах да Расіі гаворка тады ішла пра супрацоўніцтва». 

На саміце НАТА ў Лісабоне, які адбываўся ў тым годзе, падавалася, што Расія імкнецца да гульні ў адной камандзе. Так, у ваеннай дактрыне, прынятай раней у Расіі, пашырэнне НАТА было названа адной з галоўных пагрозаў. Але прэзідэнт Расіі, якім у той час быў Дзмітрый Мядзьведзеў, пагадзіўся ў Лісабоне на супрацоўніцтва з альянсам па розных пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць, такім як тэрарызм і незаконны абарот наркотыкаў. Кароткую вайну, якую вяла Расія двума гадамі раней у Грузіі, на саміце ў Лісабоне абмінулі, як калдобіну на шляху да супрацоўніцтва.  

Тым часам абаронная інфраструктура, якую НАТА падтрымлівала падчас Халоднай вайны, каб падрыхтавацца да канфрантацыі з Расіяй у Еўропе, далей прыходзіла ў заняпад. 

«НАТА на працягу многіх гадоў не ўдалося па-сапраўднаму інвеставаць у інфраструктуру на ўсходзе», — гаворыць Даалдэр, чый тэрмін у якасці прадстаўніка ЗША ў альянсе скончыўся год таму. «Нават базавыя рэчы знаходзіліся ў такім гаротным стане, што і казаць няма аб чым». Напрыклад, авіябазы ва Усходняй Еўропе, парты, нафтаправоды ды іншыя істотныя механізмы, патрэбныя для таго, каб хутка ўвесці ў рэгіён свае войскі. 

Толькі гэтай вясной, пасля таго як Расія ўвяла войскі на тэрыторыю яшчэ аднаго з сваіх еўрапейскіх суседзяў — гэтым разам ва Украіну — заняла і анэксавала Крым, альянс упершыню за апошнія два дзесяцігоддзі нарэшце зразумеў, насколькі аголеным стаў яго ўсходні фланг.

Парадак дня на саміце НАТА ў Уэльсе на гэтым тыдні быў сфарміраваны пад уплывам гэтага разумення. На саміце было вырашана дадаткова размясціць ва Усходняй Еўропе некалькі тысяч вайскоўцаў. Але наўрад ці гэта вырашыць праблему.

Давядзецца прыставацца да новай парадыгмы бяспекі, якую ў спешцы вынаходзіць Расія. Выціранне пылу з інструкцыяў часоў вядзення Халоднай вайны таксама не надта дапаможа альянсу знайсці глебу пад нагамі на гэтай незнаёмай мясцовасці.

«Гэта зусім іншая гульня», — кажа Даалдэр. Яна па-ранейшаму ўключае ў сябе старыя савецкія хітрыкі — варта згадаць напамін, зроблены Пуціным у мінулым месяцы, пра моц іх ядзернага арсенала  але ў дзеяннях Пуціна ва Украіне таксама ёсць новы, больш спрытны і непрадказальны, спосаб вядзення вайны, які не мог прыйсці ў галаву старым і непаваротлівым членам Палітбюро.   

Возьмем, да прыкладу, скандальны інцыдэнт на расійска-эстонскай мяжы. Эстонія, краіна - чалец НАТА, у сілу сваёй геаграфіі і дэмаграфіі  найбольш уразлівая перад умяшаннем Расіі. Мала таго, што яе агульная мяжа з Расіяй складае амаль 300 кіламетраў, яе насельніцтва прыкладна на чвэрць складаецца з рускіх, чые правы Пуцін абяцаў «абараніць» любымі сродкамі. Гэтая ўразлівасць была адной з прычынаў, па якой Барак Абама прыняў рашэнне наведаць Эстонію ў сераду ў знак салідарнасьці. Падчас выступу ў эстонскай сталіцы, прэзідэнт ЗША паабяцаў, што амерыканская армія прыйдзе на дапамогу Эстоніі ў выпадку нападу на яе.

«Напад на аднаго — гэта напад на ўсіх», — сказаў Абама, паўтараючы артыкул 5 асноўнай дамовы НАТА, які абавязвае ўсіх чальцоў альянсу абараняць любога саюзніка, які падвяргаецца нападу. 

Усяго праз два дні пасля гэтай заявы прэзідэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвэс забіў трывогу з нагоды таго, што ён назваў «уварваннем на эстонскую тэрыторыю». Ён і іншыя высокапастаўленыя афіцыйныя асобы з яго ўрада заявілі, што невядомыя прыехалі з Расіі і выкралі эстонскага афіцэра службы бяспекі, пагражаючы зброяй, выкарыстоўваючы дымавыя шашкі і глушэнне радыёстанцый эстонскіх памежнікаў падчас рэйду ранкам пятніцы.

 
Расія не робіць сакрэту з сваёй датычнасці да інцыдэнту. ФСБ заявіла расійскім інфармацыйным агенцтвам, што яны ўзялі афіцэра пад варту па падазрэнні ў шпіянажы, але сцвярджае, што ён быў арыштаваны на расійскім баку мяжы, не ў Эстоніі. Улічваючы кантэкст, некаторыя эстонскія чыноўнікі ўбачылі ў гэтым кроку абуральную правакацыю з боку Расіі не толькі супраць сваёй краіны, але і ўсяго Паўночнаатлантычнага альянсу.
 
 
 
«Гэта дэманстрацыя Злучаным Штатам і іншым заходнім краінам, што Расія ў гэтай частцы свету робіць тое, што ёй захочацца»,  — сказаў у інтэрв'ю выданню Postimees Урмас Рэйнсалу, былы міністр абароны Эстоніі.
 
 
Іншы вядомы эстонскі палітык, Эрык Крос, які раней займаў пасаду начальніка разведкі краіны, заявіў мясцовым СМІ, што гэтае выкраданне мае на мэце «перапісаць правілы».
 
 
 
Улічваючы тое, што Расія рабіла ва Украіне на працягу ўсяго года, гэта здаецца слушным. Далучыўшы Крым ў сакавіку, Расія перакраіла межы Еўропы і, як выказаўся Даалдэр, «выкінула збор правілаў палітыкі бяспекі перыяду пасля заканчэння Халоднай вайны». Новыя правілы будуць залежаць у першую чаргу ад таго, як адрэагуе НАТА.
 
 
 
Пакуль Абама ясна даў зразумець, што для яго «чырвонай лініяй» з'яўляецца мяжа НАТА, і калі Расія парушае гэтую мяжу, ЗША будуць адказваць сілай. Але што менавіта будзе ўяўляць сабой падобнае парушэнне? Грубае ўварванне на танках або нешта больш тонкае?
 
 
 
Менавіта дзякуючы такім невыразнасцям Расія выпрабоўвае рашучасць НАТА, штурхаючы і правакуючы, каб прамацаць слабыя месцы альянсу. І гэта не першы раз, калі Расія робіць гэта. Падчас шумнай сваркі паміж Эстоніяй і Расіяй у 2007 годзе з-за пераносу савецкага ваеннага мемарыяла, расійскія хакеры пачалі масавую кібератаку супраць Эстоніі, якая паралізавала сайты ўраду, парламента, банкаў і сродкаў масавай інфармацыі. Эстонскія чыноўнікі вінавацілі Крэмль, і пыталіся, ці могуць падобныя атакі запусціць у дзеянне 5 артыкул асноўнай дамовы НАТА. Падчас саміту ў Уэльсе на гэтым тыдні саюзнікі нарэшце пацвердзілі, што могуць, нават мяркуючы, што НАТА можа пачаць ваенную аперацыю ў адказ на кіберпагрозы. Здавалася, адна з асноўных  прарэхаў у абарончай дактрыне залатаная...
 
 
 
Дык што наконт захопу афіцэра эстонскай паліцыі бяспекі ў пятніцу? Ці будзе ён кваліфікаваны як уварванне, калі ўрад дакажа, што расійскія агенты перайшлі мяжу Эстоніі і выкралі яго, пагражаючы зброяй? Напэўна, не. Нават пасля таго, як ЗША і НАТА заявілі ў мінулым месяцы, што Расія паслала тысячы вайскоўцаў ва Украіну, Абама ўстрымаўся ад таго, каб назваць гэта  ўварваннем.
 
 
 
У пэўны момант агрэсія Расіі можа стаць досыць нахабнай і разбуральнай для таго, каб справакаваць адказ з боку НАТА. Але галоўнае пытанне палягае ў тым, дзе гэтая кропка, і нават, ці існуе яна. Некаторыя назіральнікі пачалі сумнявацца ў гэтым. У мінулым месяцы рускі палітолаг Андрэй Піанткоўскі прапанаваў разумовы эксперымент па гэтым пытанні. 
 
 
 
Насельніцтва памежнага горада Нарва, разважае ён, з'яўляецца пераважна рускім, і Крэмль можа ў тэорыі паспрабаваць распаліць этнічны мяцеж у Нарве, як зрабіў гэта сярод рускіх у Крыме вясной бягучага года. У такім выпадку НАТА давядзецца думаць, ці парушае гэта «чырвоную лінію» Абамы, але ў той жа час, Пуцін мог бы ў тэорыі вырашыць пачаць «вельмі абмежаваны» ядзерны ўдар па горадзе НАТА, піша Піанткоўскі. Што б Захад тады рабіў?
 
 
 
«Пастаўце сябе на месца Абамы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру... Прагрэсіўная і нават рэакцыйная амерыканская грамадскасць будзе крычаць ва ўнісон, што «Мы не хочам памерці за чортаву Нарву, містэр прэзідэнт!»— напісаў Піанткоўскі. 
 
 
 
На думку Піанткоўскага, далёка не ясна, як ЗША будуць рэагаваць на гэты апакаліптычны сцэнар, і Даалдэр з ім згодны. «Ці ўпэўнены я ў тым, што калі рускія будуць выкарыстоўваць ядзерную зброю супраць Польшчы, мы ім адкажам? Не», — кажа былы прадстаўнік ЗША ў НАТА. Захад мяркуе, паводле яго слоў, што Пуцін не возьме на сябе такую вялізную рызыку, што нават найменшай верагоднасці ўдару НАТА ў адказ дастаткова, каб утрымаць яго. Гэтая логіка, вядомая як «гарантаванае ўзаемнае знішчэнне», калісці ўтрымала ЗША і Савецкі Саюз ад пачатку ядзернай вайны.
 
 
 
Спатрэбіўся перыяд жыцця цэлага пакалення, каб Захад вымушаны быў задумацца, наколькі яна слушная, гэтая логіка. Але, грунтуючыся на фармулёўцы афіцыйнай ваеннай дактрыны Расіі, якая была прынятая ў 2010 годзе, Расія думала пра гэта ўвесь час. Высокапастаўлены рускі генерал нават прапанаваў на гэтым тыдні, што дактрына павінна быць перагледжана, каб дазволіць магчымасць «прэвентыўнай» ядзернай атакі супраць Захаду.
 
 
 
Гэтае пытанне не ўздымалася на саміце НАТА ў Уэльсе, прынамсі, публічна не ўздымалася, але Даалдэр мяркуе, што прыйшоў час, каб звярнуць на яго ўвагу.
 
 
«Мы доўга не думалі пра стрымліванне (Расіі), і мы павінны зрабіць гэта зноў», — кажа ён. Тэрмін прыдатнасці інфраструктуры НАТА ва Усходняй Еўропе скончыўся, але стаўленне альянсу ў адносінах да Расіі, магчыма, таксама патрабуе абнаўлення.
 
 
 
Сайман Шустэр, TIME

Абмеркаванне:

  • Р.Л.
  • 2014-09-07 20:58:28
Вообще до "взбрыков" России НАТО уже и не знала, чем заняться - хоть самораспускайся! Теперь вот сразу всем понадобились натовские войска: кто ещё защитить в состоянии от такого
хищника? Остаётся сопредельным странам надеяться, что НАТО сумеет-таки поднатужиться и оправдать ожидания. Хотя принцип "на охоту идти - собак кормить" не очень эффективен! Автору -
спасибо за перевод. Огромная работа проделана! Читать, и то устанешь, не то, чтобы переводить!
  • Пятро
  • 2014-09-07 21:03:42
Можна сказаць, што РФ і Пуцін хацелі, як лепей, а атрымалася, як заўсёды: горш для саміх сябе! Мо гэты выпадак хоць чаму-небудзь навучыць?
  • Дзядзька
  • 2014-09-08 08:49:32
Прыгледзьцеся, хто ў Расіі зараз у лідэрах мільгацення ў СМІ: жырыноўскія,, рагозіны, глазевы, мацвіенкі, лаўровы і на іх падобныя. Гэта паноптыкум. Такім распачаць вайну, што пеўню кукарэкнуць.
Мяркуючы па данбаскай вайне, нахабнай агрэсіі, крамлёўская хеўра пуціноідаў не ўсведамляе, наколькі крохкі стан міру, як лёгка сазлігзнуць у бездань ядзернай катастрофы.

Каментаваць