Расія заблакавала выкананне «мінскіх дамоўленасцяў» па Украіне

Расія заблакавала рашэнне аб выкананні пункта мінскіх дамоўленасцяў адносна кантролю назіральнікаў АБСЕ над усім участкам украінска-расійскай мяжы ў зоне АТА. 



Як гаворыцца ў паведамленні місіі ЗША пры АБСЕ, улічваючы вета Расіі, пастаянны савет АБСЕ 22 кастрычніка змог толькі на месяц падоўжыць тэрмін працы дзеючай назіральнай місіі, у склад якой уваходзяць 16 назіральнікаў, якія працуюць толькі на два кантрольна-прапускныя пункты.

«Нягледзячы на неаднаразовыя запыты ад членаў АБСЕ і краін-партнёраў, Расія працягвае блакаваць пашырэнне мандата місіі АБСЕ, якая зараз назірае за двума пагранічнымі кантрольна-прапускнымі пунктамі. Гэтыя кантрольна-прапускныя пункты разам складаюць усяго 1 км на сотні кіламетраў міжнароднай мяжы паміж Украінай і Расіяй», — гаворыцца ў паведамленні.

Пасол ЗША пры АБСЕ Дэніэл Бэр выказаў шкадаванне з нагоды такой пазіцыі Расіі.

«На жаль, гэтая доўгая абструкцыя — гэта яшчэ адна выпушчаная магчымасць для Расіі падмацаваць свае словы дзеяннем і спрыяць дээскалацыі», — заявіў ён. «Не павінна быць ніякіх ілюзій — назіральная місія ў тым выглядзе, у якім яна сёння дзейнічае, з'яўляецца неадэкватнай», — дадаў Бэр.

«Мы працягваем заклікаць Расію да падтрымкі поўнага выканання Мінскага пратаколу, у якім выразна прадугледжваецца маніторынг АБСЕ па абодва бакі украінска-расійскай міждзяржаўнай мяжы, а таксама стварэнне зоны бяспекі ў прыгранічных раёнах Украіны і Расіі», — падкрэсліў прадстаўнік ЗША.

«Расія таксама павінна адклікаць сваіх байцоў і цяжкае ўзбраенне з Украіны і вярнуць усіх закладнікаў, як гэтага патрабуюць мінскія дамоўленасці», — адзначыў Бэр.

Каментаваць