Расійская паліцыя затрымала апазіцыянера Аляксея Навальнага з сям'ёй

Апазіцыянер Аляксей Навальны быў затрыманы ў Краснадарскім краі, разам з ім была затрымана ягоная сям'я.

Пра гэта паведаміў сам палітык у сваім "Твітэры".

 

Прэс-сакратар Навальнага Кіра Ярмыш распавяла, што былі затрыманыя і супрацоўнікі яго Фонду барацьбы з карупцыяй, паведамляе ВВС.

 

Раней стала вядома, што генеральная пракуратура Расіі збіраецца праверыць паведамленні ў СМІ аб магчымых супрацьзаконных дзеяннях кампаній, якія належаць Івану Несцярэнку, аднаму з сяброў апазіцыянера Аляксея Навальнага, і даследуе ўдзел у іх самога палітыка. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Аляксандр Куранной.


Расійскі апазіцыянер паведамляе, што быў затрыманы ў рамках паліцэйскай аперацыі "Анаконда".


Дырэктар ФБК Раман Рубанаў у сваім "Твітэры" піша, што ўсіх затрыманых правяраюць на дачыненне да забароненай у Расіі тэрарыстычнай групоўцы "Ісламская дзяржава".



Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі не знаёмыя з гэтай справай і не сочаць за яй.

 

Прадстаўнік МУС РФ па Краснадарскім краі Марыя Пірагова абвергла інфармацыю пра затрыманне апазіцыянера і заявіла, што Навальный проста апынуўся ў аўтобусе, які спынілі ў рамках "прафілактычнай" аперацыі "Анаконда", паведамляе Руская служба "Радыё Свабода".


У чацвер выданне LifeNews апублікавала расследаванне аб бізнесе Івана Несцярэнкі. Выданне сцвярджае, што структуры Несцярэнкі і яго бацькі атрымлівалі тэндэры ад кампаній і дзяржаўных устаноў, якія Навальны згадваў у сваіх расследаваннях.

 

Расследаванне LifeNews — не адзінае, якое расійскія СМІ прысвяцілі дзейнасці апазіцыянера. Напрыклад, "Расія-1" абвінаваціла апазіцыянера ў супрацоўніцтве з заходнімі спецслужбамі.

 

Навальны падаў у суд на тэлеканал, тэлевядучага Дзмітрыя Кісялёва і аўтараў расследавання і абвінаваціў іх у паклёпе.

Каментаваць