Расійскі нэанацыст «Цясак» асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі

Кунцаўскі суд Масквы прызнаў вінаватым у экстрэмізме Максіма Марцынкевіча «Цясака» і асудзіў яго да 5 гадоў калоніі строгага рэжыму.



Следства паведамляла, што з 14 верасня па 14 кастрычніка 2013 г. Марцынкевіч размясціў у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» тры відэароліка экстрэмісцкага зместу, якія трапляюць пад артыкул 282 частка 2 КК РФ (узбуджэнне нянавісці альбо варожасці і прыніжэнне чалавечай годнасці). У іх Марцынкевіч выказаў сваё меркаванне аб пагромах ў Бірулёве, выхадцах з Паўночнага Каўказа, а таксама пра фільмы «Сталінград» і «Каляфутбол». 
 
 
Пасля таго як супраць яго распачалі крымінальную справу, ён з'ехаў у Беларусь, потым ва Украіну, а адтуль збег на Кубу, дзе яго затрымалі і экстрадыравалі назад у Расію. 
 
 
Марцынкевіч шырока вядомы як актывіст ультрарадыкальных арганізацый правага крыла, у прыватнасці, аб'яднання «брытагаловых» «Фармат 18». Ён раней быў двойчы судзімы за злачынствы на глебе нацыянальнай і расавай нецярпімасці.
 
 
«Цясак» неаднойчы наведваў Мінск, зняў на відэа аматарскі фільм, у якім ухваляў «расавую чысціню» беларускай сталіцы і палітыку Лукашэнкі. У відэафільме ёсць момант, дзе Марцынкевіч уздымае руку ў нацысцкім вітанні з урадавай трыбуны на Кастрычніцкай плошчы. На камеру на вуліцах горада чапляўся да моладзі з нацыянальнай сімволікай, прыніжаў і запужваў хлопцаў, відавочна слабейшых за яго.
 
 
У лютым мінулага году «Цясак» прыехаў у Мінск падлячыць зрок і правесці семінар, на якім ён распавядаў пра сваю барацьбу з педафіламі. Каля прыватнай сталічнай клінікі, якая займаецца лазернай карэкцыяй зроку, на яго і ягоных паплечнікаў напала група мінскіх антыфашыстаў. Хлопцы абстралялі госця сталіцы з вадзяных пісталетаў, запраўленых мачой. У адказ «Цясак» з паплечнікамі ўжылі кулакі, траўматычны пісталет і нож. У выніку адзін з антыфашыстаў атрымаў колата-рэзаныя раны. 
 
 
Супраць «Цясака» была ўзбуджаная крымінальная справа, але ён аддзелаўся 10 суткамі, праведзенымі ў ізалятары часовага ўтрымання. Пасля Марцынкевіч быў вызвалены пад абавязацельства аб яўцы і з'ехаў назад у Маскву. А ўрэшце крымінальная справа ў дачыненні да Максіма Марцынкевіча была спыненая.  

Каментаваць