Развязка будзе толькі наступнай вясной

Парыжскі прафсаюзны актывіст і журналіст Аляксандр Чукаеў распавядае пра падрабязнасці цяперашняй канфрантацыі паміж прафсаюзамі і ўладамі Францыі.

 Фота www.liberation.fr



— Ці моцна ўплываюць акцыі пратэсту на паўсядзённае жыццё французаў?

— Усё як заўсёды, акрамя, хіба, спарадычнага дэфіцыту паліва на запраўках. У такіх выпадках сапраўды ўзнікаюць доўгія чэргі. На мінулым тыдні мне спатрэбілася амаль гадзіна, каб заправіць машыну. Праўда, за перабоі на АЗС адказныя не толькі забастоўшчыкі, якія блакуюць перапрацоўчыя заводы, але і простыя аўтааматары. Ажыятаж вакол бензіну справакаваў закупы пра запас. У сярэднім у краіне яго набываюць сёння на 10–12 працэнтаў больш, чым да таго часу, калі пачалася актыўная фаза пратэстаў супраць паправак міністра працы Эль-Камры ў працоўны кодэкс.


Але, нягледзячы на нязручнасці, сімпатыі большасці французаў на баку пратэстоўцаў, хаця мала хто дакладна разбіраецца ў такой складанай частцы працоўнага права, як прынцып налічэння заробку за звышурочныя. Хутчэй, людзям не падабаецца, як улада намагалася праштурхнуць гэты законапраект. Яго пачалі лабіраваць пасля таго, як у краіне з-за лістападаўскіх тэрактаў было абвешчана надзвычайнае становішча, якое забараняе публічныя маніфестацыі, у тым ліку прафсаюзныя. Таксама быў парушаны традыцыйны механізм узгаднення падобных законаў з прафцэнтрамі. Вынясенню такога кшталту законапраектаў на разгляд парламенту звычайна папярэднічаюць доўгія кансультацыі. На гэты раз урад наўпрост ігнараваў прафсаюзы. Як следства, апошнім не цяжка мабілізаваць людзей, спекулюючы на тым, што законапраект Эль-Камры — гэта разведка. Калі грамадства пагодзіцца на падобны заканадаўчы працэс, урад, маўляў, запусціць непапулярную пенсійную рэформу і дасць адмашку на перагляд закону пра адпачынкі.


— На памяці яшчэ засталіся буйныя забастоўкі 1995-га, моладзевыя пратэсты 2007-га супраць так званага кантракту першага найму і іншыя сацыяльныя пратэсты ў Францыі. Аднак усе яны не ператвараліся ў такія жорсткія разборкі паміж паліцыяй і маніфестантамі. У чым прычыны эскалацыі гвалту?


— Зараз ужо цяжка і, напэўна, позна высвятляць, хто першы пачаў. Аднак відавочна, што тут сваю ролю згуляла пашырэнне кампетэнцыі сілавікоў пасля восеньскіх тэрактаў. Тады паліцыю абвінавацілі ў адсутнасці рашучасці. У выніку цяпер паліцыя і спецназ сталі больш агрэсіўнымі. Яны пачалі выкарыстоўваць новыя спецсродкі накшталт шумавых гранат. Узнікла практыка працы ў натоўпе пад выглядам цывільных, якія кампраметуюць пратэсты, разбіваючы вітрыны, арганізуюць бойкі і г.д. У выніку колькасць ахвяр паліцэйскага гвалту вырасла. Спачатку падчас адной з дэманстрацый кінутая паліцыяй граната разбіла пратэстоўцу галаву. Пасля паліцэйскі ўдарыў жанчыну, якая выпадкова стала сведкай акцыі. Недзе паліцэйскія выпадкова пабілі школьніка. Такія эпізоды абураюць грамадства. Маладыя ўдзельнікі прафсаюзных акцый таксама маральна гатовыя да супраціву. У выніку спіраль напружання раскруцілася да таго, што прэм’ер называе прафсаюзы «сацыяльнымі тэрарыстамі».


— У наступным годзе ў Францыі адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Наколькі цяперашні канфлікт можна паўплываць на іх вынікі?


— Усё яшчэ зменіцца. Пакуль падаецца, што канфлікт вакол законапраекту Эль-Камры фактычна ставіць крыж на шансах Аланда пераабрацца на другі тэрмін. Зараз 82 працэнтаў французаў выступаюць за яго адстаўку. Яго логіка ўчынкаў супярэчыць не толькі аксіёмам палітычных тэхналогій, паводле якіх напярэдадні выбараў электарату трэба кідаць пернік, а непапулярныя рэформы лепш праводзіць задоўга да выбараў. Палітыка Аланда дыскрэдытуе сацыялістаў на месцах, парушае іх адзінства, дэмаралізуе. Нават фракцыя сацыялістаў у парламенце асуджае скандальны законапраект.

Чытайце таксама: Хто пераможа: урад, прафсаюзы ці Францыя?


Магчыма, Аланд спадзяецца на тое, што трапіць у другі тур разам з Марын Ле Пэн. Усе сацыялагічныя апытанні сведчаць, што большасць французаў у выпадку выхаду Ле Пэн у фінал гатовыя галасаваць па прынцыпу — хто заўгодна, толькі не яна. Між тым на фоне падзення рэйтынгу Аланда ўзнік запыт на новых левых кандыдатаў. Вярнуўся ў вялікую палітыку Аліўе Безансанэ, лідар пострацкісцкай Новай антыкапіталістычнай партыі (NPA), пра якога на нейкі час забылі. Усё часцей запрашаюць на вядучыя каналы Жан-Люка Меланшона з Фронту Левых. Аднак ці захаваецца да гэтых палітыкаў інтарэс да вясны 2017-га, вялікае пытанне.


— Якая сітуацыя на правым флангу? Як лідары правых ставяцца да прафсаюзных пратэстаў?

— Будучы ў апазіцыі, правыя, натуральна, не могуць падтрымліваць кабінет сацыялістаў. Аднак іх пазіцыя дастаткова супярэчлівая, паколькі Нікаля Сарказі — лідар вядучай правай партыі «Рэспубліканцы», падчас прэзідэнцтва таксама праводзіў антысацыяльны курс — скараціў падаткі для заможных і г.д. Сёння ён кажа, што гэта была вымушаная палітыка, у той час як Аланд, маўляў, свядома скарачае сацыяльныя льготы. Аднак гэта не прыносіць Сарказі асаблівых дывідэндаў. Каля 70 працэнтаў французаў не жадаюць вяртання Сарказі ў Елісейскі палац. Што тычыцца Марын Ле Пэн, то на словах яна таксама на баку прафсаюзаў. Нацыянальны фронт лічыць, што Аланд здрадзіў нацыянальным інтарэсам Францыі, дзейнічае паводле інструкцый Ангелы Меркель і Брусэля.


— Ужо 10 чэрвеня ў Францыі стартуе чэмпіянат Еўропы па футболу. І на гэты ж дзень прафсаюзы прызначылі агульнанацыянальны страйк. Ці гэта значыцца, што турнір пад пагрозай?

— Калі заяўлены агульны страйк сапраўды адбудзецца, то Еўра–2016 давядзецца скасаваць. Тым больш, што прафсаюзы гатовыя праводзіць страйк нават парушаючы адпаведны закон. Апошні патрабуе, каб прыкладна траціна рабочых у гэты дзень усё ж працавала для падтрымання функцыянавання інфраструктуры. Прафсаюзы кажуць, што ніводны цягнік 10 чэрвеня не выйдзе на трасу. Аднак я сумняваюся, што нам пагражае такі экстрым. Зрыў чэмпіянату будзе сапраўдным ударам па прэстыжы Аланда, прычым у глабальным маштабе. Думаю, да 10 чэрвеня ўлады паспрабуюць неяк дамовіцца з прафсаюзамі. Праўда, гэта не значыць, што ўсё адразу супакоіцца. Цяперашнія пратэсты па часе ўпісаліся ў старт выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. Таму развязка будзе толькі наступнай вясной.


Каментаваць