Рэабілітацыя Герэка: за і супраць

З-за настальгіі па эпосе Эдварда Герэка практычна сарваная 150-я гадавіна святкавання нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года, менавіта так лічаць польскія правыя.



Калі паглядзець польскія СМІ, відавочна, што больш увагі на яе старонках сёння надаецца не падзеям 1863 года, а правакацыйнай ініцыятыве партыі «Саюз левых дэмакратаў» (SLD) абвясціць 2013-ы годам Герэка (Эдвард Герэк нарадзіўся 6 студзеня 1913-га). Сярод іншага SLD, дарэчы, прапануе і назваць адну з плошчаў каля чыгуначнага вакзала «Варшава Цэнтральная» ў яго гонар.

Прапанова крамольная, паколькі афіцыйная гістарыяграфія бачыць у Герэку камуніста, марыянетку Масквы і г. д. Рэабілітацыя Эдварда Герэка, на думку шматлікіх палітолагаў, можа пацягнуць паўзучую рэвізію падручнікаў.

Тое, што былыя камуністы ўхапіліся за асобу Герэка, цалкам лагічна. З прозвішчам Герэка ў польскай гісторыі звязана эпоха імклівага росту стандартаў жыцця, сацыяльнай бяспекі, індустрыялізацыі. Цяпер цяжка нават уявіць, што калісьці, а дакладней пры Герэку, Польшча ўваходзіла ў дзясятку самых індустрыяльна развітых краін свету. Аднак і без таго статыстычныя вынікі дэкады Герэка 1970–1980 гадоў (час, калі Эдвард Герэк быў першым сакратаром Польскай Аб’яднаная Рабочай Партыі (PZPR)) папросту ўражваюць: створана 2,5 мільёны рабочых месцаў, пабудавана 2 мільёны кватэраў, заснавана за 600 буйных прадпрыемстваў. Узровень спажывання палякаў вырас амаль удвая.

І тут узнікае парадокс. Польскія правыя лічаць 1970-я гады, наадварот, чорнай старонкай у гісторыі краіны. Дастаткова ўзгадаць, што якраз пры Герэку ў канстытуцыі Польскай Народнай Рэспублікі з’явіўся ганебны артыкул пра сяброўства Польшчы з СССР. Ніводны ўсходнееўрапейскі сатэліт Масквы не даходзіў да такой ступені маніфестацыі лаяльнасці. Не кажучы пра пераслед дысідэнтаў. Якраз пры Герэку спецслужбы перайшлі сімвалічную мяжу ў стаўленні да палітычных апанентаў — забілі ў Кракаве ў 1977 годзе студэнта-апазіцыянера Станіслава Пыяса. Яшчэ раней, у 1968 годзе, Герэк праславіўся як адзін з самых актыўных удзельнікаў кампаніі супраць студэнтаў, якія арганізавалі антыўрадавыя маніфестацыі. Будучы кіраўніком секцыі PZPR у Селезіі, ён публічна абяцаў студэнтам, што шахцёры пераламаюць ім усе косткі. Увогуле, сваю партыйную кар’еру Эдвард пачаў у 1948 годзе, калі ў краіне панаваў махровы сталінізм.

Што тычыцца бліскучай эканамічнай статыстыкі, то правыя і лібералы нагадваюць, чаго яна каштавала краіне. Толькі ў кастрычніку мінулага года Польшча цалкам расплацілася па пазыках, якія ў пачатку 1970-х гадоў нахапаў на Захадзе Герэк. Замежныя тэхналогіі, якія ў той час набывала Варшава, часта былі састарэлыя. Аб’екты прамысловасці, якія будаваліся, былі ўпісаныя ў структуры СЭУ (Савет Эканамічнай Узаемадапамогі) — усходнееўрапейскага аналагу Агульнага рынку. Таму з пачаткам інтэграцыі Польшчы ў міравую гаспадарку яны аказаліся ў крызісе. Нарэшце, эра Герэка, як вядома, закончылася масавымі сацыяльнымі пратэстамі ў 1980 годзе. Інакш кажучы, пра які росквіт у тыя часы можна казаць?

Праўда, на ўсе гэтыя аргументы ў апанентаў адразу ёсць свае. Калі гаворка ідзе пра састарэлыя тэхналогіі, то яны ўзгадваюць цяперашні парк самалётаў нацыянальнай польскай кампаніі LOT. Парк у тым ліку складаецца са старых амерыканскіх машын маркі F–16, некаторыя з якіх ужо сышлі з вытворчасці. Іншымі словамі, карпаратыўнае лобі было ўплывовае як тады, так і цяпер, умудраючыся прадаваць урадам састарэлую тэхніку.

Што тычыцца падхалімства перад Саветамі (гэта з рук Герэка Брэжнеў атрымаў польскі ордэн Вялікі Крыж за вайсковыя заслугі — Virtuti Militari), то ўсё гэта левыя спрабуюць трактаваць як нейкі тактычны манеўр. Быццам, менавіта за падобныя крокі Брэжнеў выдаў Герэку індульгенцыю на свабоду дзеянняў унутры краіны. Можна ўзгадаць, што здымаць адзін з самых антысталінскіх фільмаў у гісторыі «Чалавек з мармуру» Анджэя Вайду блаславіў якраз ЦК PZPR Герэка. І ўвогуле, кажуць левыя, трэба згадаць, што Польская Народная Рэспубліка не ўзялася з неба. Згоду на яе стварэнне Сталін атрымаў у Ялце ад Чэрчыля і Рузвельта. Таму трэба было вызнаваць палітычныя рэаліі і дзейнічаць зыходзячы з таго, што можна было дасягнуць у такіх умовах.

Напэўна, самы цікавы і незвычайны тэзіс левых — заклік узважыць на вагах гісторыі вынікі палітыкі пасляваеннай апазіцыі і працы тых, хто адбудоўваў Польшчу з руінаў. Як кажа Лешак Мілер, кіраўнік SLD: «Чаму Катынь або «праклятыя жаўнеры» (партызаны АК, які змагаліся і пасля 1945-га) сталі міфамі ў цяперашняй Польшчы? Чаму ім не можа быць Эдвард Герэк? Чаму мы шануем тых, хто нёс смерць палякам пасля вайны, забываючы пра тых, хто адбудаваў Польшчу, а ў 1970-х гадах мадэрнізаваў? Смешна, што Дмоўскага (лідар польскіх правых 1920–1930-х гадоў) запрашаюць у нацыянальны пантэон, а Герэка пазбаўляюць такога права».

Магчыма, пазіцыя левых у гэтых дэбатах выглядае больш саліднай з прычыны таго, што лідары вядучых польскіх правых партый самі публічна прызнаваліся ў любві да Герэка. Так, лідар кансерватараў Яраслаў Качыньскі прагаварыўся, што бачыць у Герэку «камуністычнага патрыёта», і заклікаў яго сына ў сваю каманду падчас выбараў прэзідэнта. Спяваў дыфірамбы на адрас Герэка і Дональд Туск — прэм’ер, лідар ліберальнай партыі «Грамадзянская платформа». Ён пазітыўна згадаў інвестыцыйную палітыку Герэка. Па сутнасці, гэта былі свядомыя спробы інструменталізаваць Герэка, час праўлення якога, паводле апытанняў, большасць палякаў лічаць «залатым векам».

Аднак развязка гэтай палемікі вакол Герэка аказалася проста непрадказальнай. Па ходу таго, як у польскай прэсе ўсё часцей узгадвалі Герэка, пачаўся нефармальны кастынг наконт таго, хто з польскіх цяперашніх палітыкаў нагадвае былога партыйнага бонзу. Па ходу апытанняў высветлілася, што тыя, хто ідэалізуе Герэка, як правіла, галасуюць за правых. На іх думку, больш за ўсё на Герэка падобны…Яраслаў Качыньскі, які культывуе імідж простага чалавека кансерватыўных поглядаў. Сціплым чалавекам у побыце быў і Герэк. Затое менш за ўсё Герэка палякам нагадвае… Лешак Мілер.

І ў гэтым ёсць логіка. Як вядома, галоўная хваля эканамічнай лібералізацыі польскай гаспадаркі мела месца менавіта ў часы кабінету Мілера. Мілер таксама прывёў Польшчу ў NATO. Пра ўсё гэта цяпер таксама імкліва ўзгадалі. Адпаведна, шмат хто з левых сумняваецца ў тым, што SLD увогуле мае маральнае права выкарыстоўваць спадчыну Герэка. У дадатак з’явілася фракцыя левых, якія лічыць, што выкліканне духу першага сакратара PZPR хутчэй сведчыць пра крызіс ідэй у кіраўніцтва SLD. Напрыклад, уплывовы лева-ліберальны часопіс «Polityka» назваў кампанію SLD за рэабілітацыю Герэка «разаграваннем учарашніх катлет».

Абмеркаванне:

  • Яўген
  • 2013-01-19 06:35:49
У Польшчы не Беларусь, тут няма "афіцыйнай" гістарыяграфіі, на шчасце.
  • Земляроб
  • 2013-01-19 10:12:30
Новікаў маральны ўрод, як зрэшты ўсе левакі.

Каментаваць