Рэферэндум у Швейцарыі: выключна факты

Па выніках усенароднага галасавання ў Швейцарыі забаронена будаваць мінарэты. Ісламскі свет пратэстуе. Еўропа думае, як замяць скандал. Прапануем падборку некаторых малавядомых і цікавых фактаў, якія дапамаглі б чытачу скласці больш аб’ектыўнае ўяўленне пра тое, што адбываецца.

На цяперашні час у Швейцарыі існуюць усяго чатыры мячэці з мінарэтамі. У краіне пражываюць 400 тысяч мусульман (7 працэнтаў насельніцтва). На пачатак 1980-х гадоў мусульман у Швейцарыі было 0,9 працэнта. Увогуле, 24 працэнты грамадзян краіны — іншаземцы.



Па выніках усенароднага галасавання ў Швейцарыі забаронена будаваць мінарэты. Ісламскі свет пратэстуе. Еўропа думае, як замяць скандал. Прапануем падборку некаторых малавядомых і цікавых фактаў, якія дапамаглі б чытачу скласці больш аб’ектыўнае ўяўленне пра тое, што адбываецца.

На цяперашні час у Швейцарыі існуюць усяго чатыры мячэці з мінарэтамі. У краіне пражываюць 400 тысяч мусульман (7 працэнтаў насельніцтва). На пачатак 1980-х гадоў мусульман у Швейцарыі было 0,9 працэнта. Увогуле, 24 працэнты грамадзян краіны — іншаземцы.

Ініцыятыва правядзення рэферэндуму належыць ультраправай Народнай партыі Швейцарыі (SVP). Першапачаткова SVP збіралася ініцыяваць рэферэндум супраць практыкі прынясення ў ахвяру жывёл падчас ісламскіх святаў. Аднак паколькі такая практыка характэрна і для вернікаў-іудзеяў, было вырашана аб’ектамі атакі абраць мінарэты. Калі верыць прапагандзе правых, мінарэты — гэта сімвал шарыяту, які несумяшчальны са швейцарскай дэмакратыяй, і гэта замінае мусульманам інтэгравацца ў грамадства.

Найбольшай падтрымкай ідэя SVP карысталася ў нямецкамоўных кантонах. У адным з іх быў пастаўлены рэкорд падтрымкі. Тут за прапанову прагаласавала 70 працэнтаў удзельнікаў апытання. Найбольш негатыўна праект Народнай партыі ўспрынялі ў франкамоўным кантоне Генф. У Генфе супраць забароны будаўніцтва мінарэтаў галасавала 60 працэнтаў. У вялікіх гарадах, дзе прыжываюць 90 працэнтаў швейцарскіх мусульман, ініцыятыва цалкам правалілася. У трох з чатырох гарадоў, дзе ёсць мінарэты, грамадзяне прагаласавалі супраць прапановы правых.

Вялікую ролю ў агітацыйнай кампаніі за забарону будаўніцтва мінарэтаў адыграла кампутарная гульня «Атака мінарэтаў», што з’явілася ў інтэрнэце. Па правілах, гулец павінен перашкодзіць муле пабудаваць мінарэт. Праграма зроблена такім чынам, што прыпыніць будаўніцтва амаль не магчыма. Пасля чарговай паразы на экране з’яўляецца заклік вярнуцца ў рэчаіснасць, пайсці і прагаласаваць на рэферэндуме.

Кіраўніцтва SVP выступіла супраць ідэі стварэння еўрапейскага руху за забарону мінарэтаў, паколькі лічаць, што гэта можа садзейнічаць інтэграцыі Швейцарыі ў склад Еўропы, што парушыць прынцып нейтральнасці краіны.

Як піша нямецкае выданне «Tageszeitung», вялікае значэнне для вынікаў рэферэндуму мела пазіцыя жанчын, якія лічаць сябе феміністкамі і нават прыхільніцамі левых партый. Яны, як правіла, галасавалі супраць мінарэтаў, пратэстуючы такім чынам супраць унутранай культуры ісламскіх грамад, якую яны лічаць аўтарытарнай і агрэсіўнай. Пры гэтым на публіцы яны пабаяліся дэманстраваць свае погляды, каб не выставіць сябе ксенафобамі. Таму падчас апытанняў exit pool хлусілі і казалі, што не падтрымалі ідэю SVP. У выніку падману ў лужыну селі некалькі самых вядомых швейцарскіх сацыялагічных кантор, якія праводзілі апытанні на выхадзе з участкаў для галасавання. Па іх дадзеных, за праект SVP галасавалі толькі 37 працэнтаў. Па афіцыйных дадзеных — 57 працэнтаў.

Вялікую ролю ў прыцягванні цікавасці грамадскасці да ініцыятывы SVP зрабіў правакацыйны плакат. На ім выяўленыя жанчына ў паранджы і мінарэты, які сваімі шпілямі разбураюць швейцарскую нацыянальную сімволіку. Рэклама такога кшталту выклікала адразу шок і незадавальненне. Некаторыя муніцыпалітэты выступілі за забарону плакатаў. Так, плакаты былі забароненыя ў горадзе Базель. Былі спробы падаць на аўтараў плакатаў у суд за распальванне нацыянальнай варожасці.

Ужо ў панядзелак, 1 снежня, калі сталі вядомыя вынікі рэферэндуму, мусульманскі сайт Umma.com змясціў заклік да байкоту швейцарскіх тавараў. У спіс трапілі шмат рэчаў, у тым ліку дарагія гадзіннікі Rolex, даступныя вельмі вузкай частцы спажыўцоў. Між тым, ужо зараз відавочна, што галоўнай ахвярай байкоту стане кампанія Nestle, якая вырабляе танныя і папулярныя кандытарскія вырабы. Адміністрацыя канцэрну аператыўна заявіла, што выступае за свабоду рэлігійных перакананняў.

Геерт Вілдэрс — правы папуліст з Нідэрландаў — каментуючы вынікі рэферэндуму ў Швейцарыі, заклікаў забараніць Каран, які, на яго думку, не лепшы за «Майн кампф».

Адно з вядучых выданняў расійскіх нацыяналістаў «Агенцтва палітычных навінаў» (АПН) у рамках рэакцыі на навіны з Альпаў заклікала да падзелу Расіі на 20 Швейцарый. Такім чынам, на думку аўтара праекта, можна будзе стварыць дэмакратычныя інстытуты, якія лепш абароняць рускі народ ад навалы чужынцаў. Аўтарытарная кіраваная дэмакратыя Пуціна—Мядведзева, на думку супрацоўнікаў АПН, не здольная абараніць нацыю, а толькі робіць выгляд барацьбы з эмігрантамі.

Некаторыя партыі Швейцарыі выступілі за забарону практыкі рэферэндумаў. Між тым, швейцарскую мадэль рэферэндуму ўхвалілі прыхільнікі Партыі піратаў, якія выступаюць за тое, каб усе грамадскія рашэнні прымаліся на рэферэндумах праз інтэрнэт.

Каментаваць